Святар БПЦ Сава Мажука так намагаўся падтрымліваць расейскіх акупантаў, але яны яго ўсё роўна абвінавацілі ў беларускім нацыяналізме

“Мажука сфармуляваў ідэалогію беларускіх нацыяналістаў, якія ненавідзяць рускіх”

by ZB

Насельнік Нікольскага манастыру ў Гомелі і архімандрыт Беларускай праваслаўнай царквы Сава Мажука падтрымаў расейскую агрэсію ва Украіне. У ягоным тэлеграм-канале перыядычна ўсплываюць пасты з просьбай памаліцца за расейскіх акупантаў. А яшчэ ён называе беларусаў і расейцаў адным народам. Арганізацыя “Хрысціянская візія” адзначала яшчэ год таму, што Сава з’яўляецца самым запатрабаваным расейскай прапагандай беларускім клірыкам і рэгулярна прымае ўдзел у эфірах расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва. У сваім тэлеграм-канале Сава называе Украіну нацысцкай, а Еўрасаюз лічыць імперыяй зла.

 

Сава Мажука. Фота: Хрысціянская візія

Аднак ягоны ўдзел у прапагандысцкіх шоу ў Расеі, малітвы за акупантаў, якія напалі на Украіну, не выратавалі яго. Расейскі філосаф і рэктар Расейскага праваслаўнага ўніверсітэта Аляксандр Шчыпкоў абвінаваціў Саву ў беларускім нацыяналізме. У прыватнасці, у сябе на ютуб-канале Аляксандр Шчыпкоў, які з’яўляецца высокапастаўленым царкоўным чыноўнікам, пракаментаваў цытаты Савы Мажука ў гомельскай дзяржаўнай праграме “Чорнае і белае”. Гаворка ідзе пра пытанне да Савы Мажукі наконт братэрства рускіх, украінцаў і беларусаў. І айцец Сава, якога паводле Шчыпкова доўга раскручвалі ў Маскве, адказаў, што не падзяляе міфалогію наконт братэрства і лічыць яго адносным.

Прыклад прапагандысцкага паведамлення ў тг-канал “святара” Мажукі

Сава Мажука ў праграме “Чорнае і белае” ад 7 красавіка 2023 сапраўды сказаў, што не падзяляе міфалогію аб трох братэрскіх народах і лічыць такую тэорыю непрадуктыўнай: “Для мяне ёсць дзяржава, у дзяржавы ёсць межы, у дзяржавы ёсць пэўныя інтарэсы, калі ў інтарэсах беларускага народа цяпер вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаць з расейскай дзяржавай, — добра, але мы суверэнныя суб’екты”.

Аляксандр Шчыпкоў заявіў на гэта, што Мажука ў адной фразе сфармуляваў ідэалогію беларускіх нацыяналістаў: “Тых нацыяналістаў, якія ненавідзяць рускіх. Я размаўляў з такімі нацыяналістамі, калі быў у Беларусі. Іх ідэалогія мне зразумела. Вось у гэтай палітычнай і эканамічнай сітуацыі ім выгадна з намі ўзаемадзейнічаць, а так яны нас ненавідзяць.” — Сказаў Шчыпкоў і патлумачыў, чаму звярнуў увагу на гэты выраз архімандрыта: “Гэтая ідэалогія ляжыць у аснове таго руху, які накіраваны на аддзяленне беларускага экзархату ад РПЦ. Мажука, дарэчы, не па-беларуску гаворыць, а па-руску. То бок разлічвае на рускую аўдыторыю. Спадзяюся, айцец Сава робіць гэта, не рэфлексуючы. Але трэба думаць, што сказаў і на каго працуеш, вольна ці нявольна.”

Сам Сава Мажука, калі сыходзіць з ягонага допісу ў тэлеграм-канале, даведаўся пра абвінавачванне з боку Аляксандра Шчыпкова толькі цяпер. “Аказваецца, я прапусціў важны юбілей — гадавіну абвяшчэння мяне беларускім нацыяналістам, які па заданні англасаксаў працуе на аддзяленне экзархату ад Рускай праваслаўнай царквы”, — напісаў гомельскі святар у сваім тэлеграм-канале.


Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png