19 красавіка ў знак салідарнасці жыхары Варшавы чапляюць на вопратку зоркі Давіда – 19 красавіка адзначаюць Дзень пачатку паўстання ў Варшаўскім гета, якое ўспыхнула 80 гадоў таму. Адным з кіраўнікоў гэтага паўстання быў гомельскі габрэй Марэк Эдэльман.
Гэта было першае гарадское паўстанне ў акупаванай Еўропе. Першы выпадак узброенага супраціву, якое пачалося ў зусім безнадзейнай сітуацыі, без якіх-небудзь шанцаў на перамогу. З амаль паўмільёна жыхароў гета да красавіка 1943 года заставалася не больш за 70 тысяч чалавек. Рашэнне прыступіць да ваенных дзеянняў стала сімвалам безнадзейнай барацьбы габрэяў супраць нацыстаў.
Калі Польшчу акупавала Германія, у Варшаўскім гета апынуўся і Марэк Эдэльман – ён нарадзіўся 19 верасня 1921 года ў Гомелі (пасля Другой сусветнай вайны ён назваў месцам свайго нараджэння Варшаву, каб пазбегнуць рэпатрыяцыі ў Савецкі Саюз). Не змірыўся са становішчам і стаў адным з арганізатараў руху супраціву. А потым са зброяй у руках выступіў супраць акупантаў, стаўшы адным з кіраўнікоў паўстання.
Ён жа падчас Другой сусветнай уступіў у Бунд, у 1942 быў адным з заснавальнікаў Ż.O.B. – габрэйскай баявой арганізацыі. Браў удзел і ў Варшаўскім паўстанні 1944 года.
У гонар Эдельмана ў родным Гомелі не названа ні адна вуліца, ні адна плошча.