Сувязь з палітзняволенай Палінай Шарэнда-Панасюк адсутнічае чатыры месяцы

Да палітзняволенай зноў не пусцілі адваката, напісаў у «Фэйсбуку» муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: Фэйсбук-акаўнт Андрэя Шарэнды

«Трывога і роспач. Учора да Паліны ў калоніі ізноў не прапусцілі адваката», – адзначыў ён.

Звестак ад Паліны Шарэнда-Панасюк няма з пачатку года. Яе муж пісаў пра гэта яшчэ ў лютым, адзначаючы, што жонка ў рэжыме інкамунікада.

«Смерць Навальнага добра паказала методыку забойства дыктатарамі палітвязняў. Спачатку іх знясільваюць бясконцымі змяшчэннямі ў ШІЗА, а пазней проста дабіваюць неаказаннем медычнай дапамогі. Так было з Вітольдам Ашуркам і Алесем Пушкіным, магчыма, так сталася і з Аляксеем Навальным», – адзначыў Андрэй Шарэнда тады.

Пасля гэтага, у сакавіку дзяржтэлеканалы паказалі з палітзняволенай відэаінтэрв’ю.

«Вельмі цяжка бачыць Паліну ў такім стане. Апухлы твар і сінякі пад вачыма. Цяжка нават уявіць, што ёй давялося перажыць за апошнія тры з паловай гады, і што з ёй рабілі напярэдадні запісу відэа. Адзінае, што вядома з афіцыйнага адказу з калоніі, што толькі за апошнія два месяцы Паліну тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар», – пракаментаваў яе муж.

Ён кажа, што «сілаў адбівацца ў Паліны ўжо не засталося».

«У яе як у жаўнера, што адстрэліваецца ад ворагаў у акопе, застаўся апошні патрон. Таталітарныя рэжымы заўсёды загадвалі ў сваёй прапагандзе гэтую апошнюю кулю пусціць сабе ў скронь. Але і Біблія, і ўся гуманістычная філасофія кажа, што нават у такіх выпадах трэба выбіраць жыццё. Па інтанацыі голасу Паліны, асабіста мне зразумела, што абсалютную большасць словаў Паліна проста кажа пад дыктоўку, і нават падкрэслівае гэта. Паліна не скарылася, яна проста часова прыняла правілы гульні, каб элементарна выжыць», – патлумачыў тое, што адбывалася пад час відэа ён.

Андрэй просіць у жонкі прабачэння, што «не атрымалася цябе вызваліць»: «Кахаем, любім і чакаем».

Грамадская дзяячка з Брэста Паліна Шарэнда-Панасюк Была брутальна затрыманая 3 студзеня 2021. Ёй выставілі абвінавачванні паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія ўварваліся да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). За гэтыя артыкулы Паліну асудзілі на 3 гады. Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск, збіццё.

6 жніўня 2023 года Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю, але супраць яе адкрылі новы крымінальны артыкул за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі. 9 кастрычніка 2023 г. суддзя Рэчыцкага раённага суда Станіслаў Іванюценка агучыў вырак: 1 год і 3 дні калоніі.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары