Нядаўна інстытут Pantone абвесціў колер 2023 г. – Viva Magenta. А ці ёсць на гомельскіх вуліцах трэндавыя колеры? “Штодзень” прагуляўся па горадзе і знайшоў іх.
У Гомелі хапае аб’ектаў з выразнай каларыстыкай у раёнах са старой драўлянай забудовай. Шмат дзе сустракаюцца дамы, пафарбаваныя ў вытанчаныя складаныя адценні. Вока цешаць біруза, чырвань, блакіт, ізумруд, шляхетны шэры…
Сярод прыватнай забудовы можна адшукаць і тыя самыя колеры, якія вышэйузгаданая інстытуцыя абвяшчала колерам года.
Нельга не адзначыць, што фарбавалі фасады ды ліштвы самі ўласнікі, то бок асобы без дызайнерскай ці мастацкай адукацыі. Але з пункта гледжання каларыстыкі драўляная забудова часцей за ўсё выглядае куды больш прывабнай, чым панэльныя шматпавярховікі, спраектаваныя спецыялістамі з вышэйшай профільнай адукацыяй, якія могуць мець вышэйшую катэгорыю, шмат узнагарод, дыпломаў і г.д.
Як гэта магчыма? Кажуць, што з часам гаспадар ды сабака становяцца падобнымі адзін да аднаго. Напэўна, тое ж можна сказаць і пра жыльцоў ды жытло. Прыватны дом, зроблены з натуральных матэрыялаў, акумулюе ў сабе прыродную мудрасць і перадае яе ўладару, нібыта камертон настройвае душу на адпаведны лад, падказвае і накіроўвае. Дапамагае і блізкасць да свайго кавалка зямліцы. Так гаспадар інтуітыўна абірае годныя колеры. У бетонных мурашніках нічога падобнага не адбываецца.
“Што прыгожага ў напаўразваленых халупах?” – прадказальна скажа хтосьці з чытачоў. Канешне, сучасны стан большасці хацін сапраўды кепскі. Але гэта не хіба драўлянай забудовы. Пры належным наглядзе яна магла б захавацца значна лепей і быць цалкам прыдатнай да жыцця ва ўмовах, адпаведных патрэбам ХХІ ст. Але для гэтага трэба разуменне яе каштоўнасці, стварэнне праграм па захаванню і мадэрнізацыі драўлянай архітэктуры на агульнадзяржаўным узроўні, папулярызацыя традыцыйнай забудовы як турыстычнай цікавосткі і архітэктурнай спадчыны.
Канешне, паклапаціцца пра добры стан жылля маглі б і ўласнікі. Але шматлікія будынкі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму планавалася знесці. Укладаць грошы ў рамонт будынкаў, якія хутка будуць знішчаны, ніхто не будзе.
Як маглі б выглядаць гомельскія вуліцы пры разумным падыходзе да драўлянай забудовы? Каб адчуць гэта, звернемся да выдатнага прыкладу яе захавання ў добра знаёмай многім беларусам краіне – Эстоніі. Усе турыстычныя даведнікі раяць наведаць мікрараён Таліна Каламая – былую рыбацкую вёсачку. Мясцовая драўляная забудова не мела такого разнастайнага дэкору, як наша. Але дамкі захавалі і адрэстаўравалі. І жывецца ў іх камфортна, і турыстам ёсць на што паглядзець. Зараз Каламая – хіпстарскі раён з багемнымі кавяранкамі.
Год пяць таму давялося пабачыць гэтыя мясціны. І шчыра кажучы, нашая драўляная спадчына, нават пры ўсёй яе занядбанасці, выглядае куды цікавейшай і выразнай. Але ў Талін, а не ў Гомель турысты спяшаюцца каб пасэлфіцца, пакінуць грошы ў гатэлях, рэстарацыях ды крамах.
Драўляная забудова ёсць і ў Польшчы. І не толькі дзе ў вёсачках пад Люблінам ці Беластокам, а ў самой сталіцы. У Варшаве, якая налічвае амаль 1,8 млн жыхароў, прываблівае сучаснымі хмарачосамі ад сусветна вядомых архітэктараў кшталту Нормана Фостэра, палохае заблытанымі транспартнымі скрыжаваннямі, як у сапраўдных магаполісах, захаваліся лакацыі з драўлянай забудовай!
Мікрараён Боэрнэрово быў забудаваны ў 30-я гг. ХХ ст. тыповымі дамкамі.
Мікрараён Пшыязнь (літаральна “Сяброўства”) стварылі пасля Другой сусветнай вайны. Каб збудаваць варшаўскі Палац культуры (падарунак палякам ад “сяброўскага” савецкага народа), у горад павінна было прыехаць некалькі тысяч будаўнікоў. Драўляныя дамы былі ўзведзены, каб было дзе іх размясціць. Акрамя жылля, былі пабудаваны Дом культуры, бібліятэка, спартыўная заля – усё існуе дагэтуль.
Цікавостка ў тым, што мясцовыя нярэдка называюць гэтыя хаткі фінскімі. Між тым гатовыя кавалкі дамоў былі прывезены з Савецкага саюза. Хто ведае, мо тут ёсць і ўнёсак Гомельшчыны як рэгіёна з багатым дрэваапрацоўчым досведам?..
А вось мікрараён Яздув сапраўды забудаваны фінскімі дамкамі.
На жаль, разуменне неабходнасці захавання драўлянай забудовы прыйшло да палякаў даволі позна. Частка хат знішчана, штосьці перабудавана так, што арыгінал не пазнаць. Але цяпер ахова драўлянай архітэктуры – справа не толькі асобных навукоўцаў ды актывыстаў. Пад эгідай Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны на базе Інстытута нацыянальнай спадчыны створаны Центр драўлянай архітэктуры
Па словах дырэктаркі Цэнтра, зараз назіраецца адраджэнне цікавасці да старых драўляных дамоў, усё больш асоб ахвотна набывае такое жыллё. Адпаведна, пашыраецца і колькасць спецыялістаў, здольных кваліфікавана яго адрэмантаваць.
Спадзяемся, беларусы таксама пачнуць дбайна ставіца да драўлянай архітэктуры, і атрымаецца захаваць і надаць новае жыццё і адметнаму дэкору, і містычнай аўры суцішных гомельскіх куточкаў.