Стваральнік “Гомельскіх ведамасцей”, дэмакратычны дэпутат, журналіст-фрылансер. Факты пра Андрэя Толчына

Грамадскага дзеяча і былога журналіста Андрэя Толчына перавялі ў СІЗА. Такім чынам, інфармацыя “Штодня” пра крымінальную справу ў дачыненні да гомельца пацвярджаецца. Хто такі Андрэй Толчын, якога ўлады кінулі за краты.

Дэсантнік

Андрэй Толчын неаднаразова распавядаў пра сваё вайсковае мінулае. Здольнага юнака з Гомеля ў канцы 1970-х прызыўная камісія адабрала ў элітныя дэсантныя войскі, адкуль яго, пасля знакамітай Разанскай вучэбкі, накіравалі ў вайсковую выведку ГРУ. Атрыманы досвед, як зазначаў Андрэй у шматлікіх інтэрв’ю, дапамог яму быць стрэсаўстойлівым у палітычнай дзейнасці і журналістыцы.

Андрэй Толчын

Палітык

Па вяртанні з войска Андрэй Толчын пайшоў працаваць на «Гомельскі радыёзавод», які ў той час вялікую частку прадукцыі вырабляў для патрэб абароннай прамысловасці. Менавіта там ён заваяваў аўтарытэт у працоўным калектыве і пачаў свой шлях у палітыку. У выніку эфектыўна праведзенай выбарчай каманіі ў 1990-м ён трапіў у склад дэпутатаў Гомельскага гарсавета 21 склікання. Гэта быў першы і апошні дэмакратычна абраны гарсавет горада. Пасля жнівеньскага путчу 1991 менавіта Прэзідыум гомельскага гарсавета заняў прынцыповую пазіцыю і падтрымаў дэмакратычныя перамены, наклаўшы арышт на ўласнасць камуністычнай партыі.

Гомельскі страйкам пратэстуе супраць спробы камуністычнага перавароту ў жніўні 1991 года. Андрэй Толчын быў адным з лідараў гомельскага страйкаму. Фота: vytoki.net

“У нас дэмакратычныя зрухі пачаліся ў канцы 1980-х. У той час савецкі рэжым быў аслаблены, тады была Перабудова. Мы праводзілі шмат сустрэч у дварах. Свайго канкурэнта з кіраўніцтва Завода “Гандлёвага абсталявання” я перамог, нягледзячы на тое, што ў выбарчых камісіях былі работнікі з ягонага прадпрыемства. Часы былі іншыя, улада не звярэла, як цяпер, была больш гуманнай. Людзям надакучылі крамлёўскія старцы, забароны, кантроль усюдыіснай партыі. Самае галоўнае, гомельцы адчувалі крыўду на камуністаў, якія замоўчвалі чарнобыльскія праблемы…”, — узгадвае Андрэй у адным з ранейшых інтэрв’ю.

Стваральнік “Гомельскіх ведамасцей”

За гады свайго дэпутацтва Андрэй Толчын спрыяў беларусізацыі Гомеля, падтрымліваў адкрыццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасці, адной з ягоных заслуг з’яўляецца стварэнне гомельскай гарадской газеты “Гомельскія ведамасці”, якая пры Лукашэнку пераўтварылася ў прапагандысцкае выданне, якое стаіць на варожых для беларускай незалежнасці і культуры каштоўнасцях.

Першы выпуск газеты “Гомельскія ведамасці”. Подпіс Андрэя Толчына першы злева. Фота: “Флагшток”

 

Актывіст дэмакратычных партый і рухаў

Андрэй Толчын, пачынаючы з 1990-х гадоў, з’яўляецца сябрам незалежных прафсаюзных арганізацый, дэмакратычных рухаў і партый. Неаднаразова вылучаў сваю кандыдатуру на выбарах розных узроўняў, быў назіральнікам, у выніку чаго пераследаваўся ўладамі і фактычна атрымаў забарону на працу ў Беларусі.

Андрэй Толчын падфарбоўвае крыж ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Фота: Радыё Свабода

Журналіст

У 2010-х гадах Андрэй Толчын супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі, быў відэааператарам, за што яго дзясяткі разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці і кідалі за краты па сфабрыкаваных справах.

Андрэя Толчына затрымалі 27 верасня гэтага года, а на наступны дзень на кватэры ў былога журналіста-фрылансера сілавікі правялі ператрус. У выніку следчыя забралі камп’ютарную тэхніку і іншыя лічбавыя носьбіты. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ператрус ладзіўся ў межах справы за экстрэмізм.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса