Страчаная спадчына Гомеля: духоўнае вяртанне каталіцкай святыні

by ZB

Ужо некалькі гадоў у Гомелі вядзецца будаўніцтва касцёла Унебаўзяцця (Успення) Найсвяцейшай Панны Марыі, які паўстае праз 80 гадоў пасля ліквідацыі ранейшай парафіі пад такой самай назвай, распавядае пра адраджэнне каталіцкае царквы ў горадзе над Сожам блог Мова Гомель.

Будаўніцтва новага касцёла стала магчымым, дзякуючы заангажаванасці Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, які 15 жніўня 2018 года асвяціў крыж і зямлю пад новую святыню ў Гомелі. 16 лістапада таго ж года была асвечаная і капліца, часовае месца для малітваў вернікаў. У муры новага касцёла ўжо закладзеныя два краевугольныя камяні (адзін з Віфлеема, другі з Кальварыі), якія блаславіў Папа Рымскі Францішак. Само будаўніцтва фінансуецца выключна за ахвяраванні вернікаў і спонсарскую дапамогу. Што праўда, размесціцца новы касцёл не на гістарычным месцы (цяпер гэта плошча Леніна), а на перакрыжаванні вуліцы Аб’язной і праспекта Рэчыцкага ў Савецкім раёне горада. Гэта тлумачыцца найперш аб’ектыўнымі прычынамі, на плошчы Леніна такое будаўніцтва цяпер было б немагчымым. Па-другое, у цэнтры горада ўжо функцыянуе адзін касцёл.

Тут варта прыгадаць гісторыю касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Гэта рымска-каталіцкая святыня, якая існавала ў горадзе ад пачатку ХІХ стагоддзя і да паловы ХХ стагоддзя. Гістарычны касцёл у стылі класіцызму размяшчаўся насупраць праваслаўнага сабора, на скрыжаванні вуліц Замкавай і Фяльдмаршальскай. Ён паўставаў у 1818-1822 гадах з ініцыятывы графа Румянцава паводле праекта архітэктара Джона Кларка (John Clarc). За аснову праекта архітэктар узяў рымскі Пантэон.

Касцёл у 1848 годзе, справа – Ратуша. Фота: wikiwand.com

Гістарычная парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі праіснавала ў Гомелі да 1938 года, пасля чаго была ліквідаваная бальшавіцкімі ўладамі. Святары трапілі пад рэпрэсіі, а касцёл у 1940 годзе быў узарваны. Ён стаяў прыкладна на тым месцы, дзе цяпер месціцца драмтэатр і будынак Белтэлекама.

Касцёл у 1908 годзе. Фота: wikiwand.com

Пасля зруйнавання каталіцкай святыні на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у вялікім горадзе Гомелі не было ні аднаго касцёла. І толькі ў 1989 годзе была афіцыйна зарэгістравана рэлігійная каталіцкая суполка Гомеля. Вернікі папрасілі аддаць ім будынак на Савецкай, 118, дзе раней была праваслаўная царква Раства Багародзіцы, пабудаваная у 1896 годзе на Новікаўскіх могілках. Улады пагадзіліся, пачаўся рамонт і перабудова, у выніку якіх будынак былой царквы стаў часткай новай святыні – касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Урэшце ў 2000 годзе касцёл быў асвечаны кардыналам Казімірам Свёнткам, і на сёння ён пакуль адзіны ў Гомелі, таму ў святочныя дні перапоўнены вернікамі.

Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: wikiwand.com

Біскуп Велікаселец, калі ў 2013 годзе прыехаў служыць у Гомель, адразу ўзяўся за адраджэнне і гістарычнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, і ў выніку 21 лютага 2013 года на пасяджэнні Гомельскага гарвыканкама прынялі станоўчае рашэнне аб рэгістрацыі новай рымска-каталіцкай парафіі. Быў выдзелены і ўчастак пад будаўніцтва новага касцёла.

“Гомель – другі горад пасля Мінска па колькасці насельніцтва і мае ўсяго адзін каталіцкі храм. Мы хочам пабудаваць класічны касцёл, устанавіць там арган, каб гамяльчане маглі пачуць Баха, “Авэ Марыя”. Без духоўнасці будзе дэградацыя, грамадства патрабуе духоўнага адраджэння”, – казаў тады біскуп Казімір Велікаселец.

Эскіз новага касцёла ў Гомелі. Фота: городгомель.бел

Новы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які будуецца, не будзе знешне нагадваць гістарычную святыню. Ён спраектаваны ў псеўдагатычным стылі і знешне крыху нагадвае мінскі касцёл святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Касцёл будзе выцягнуты ўгару, каб яго было добра бачна сярод шматпавярховай жылой забудовы. Эскіз храма ў Гомелі прадставіў вядомы архітэктар з Баранавічаў Баляслаў Тумашчык. Галоўны ўваход у касцёл запланаваны з боку праспекта Рэчыцкага. Святыня займее 200 пасадачных месцаў і балкон для размяшчэння аргана. Біскуп Велікаселец марыць, каб тут праводзіць арганныя канцэрты.

Біскуп Велікаселец здзейсніў закладку краевугольнага каменя ў муры касцёла. Фота: catholic.by

Калі асноўны будынак будзе вышынёй амаль 18 метраў, то дзве вежы па абодва бакі ад галоўнага ўвахода дасягнуць вышыні каля 30 метраў (гэта прыкладна вышыня 9-павярховага дома). Сцены будуць з чырвонай цэглы, а вокны ўпрыгожаць вітражы.

І хоць новы касцёл не аднаўляе выгляду ранейшага, гістарычнага, гэта і так мае быць велічная і прыгожая святыня, якая вяртае ў Гомель памяць пра мінулае. А гомельскія вернікі каталіцкага веравызнання атрымаюць ужо другое месца для сустрэч і малітвы. Хоць і аднаўленне святыні ў яе арыгінальным варыянце і на гістарычным месцы не выглядае зусім нерэальным, але…

Штодзень

Выкарыстаныя матэрыялы: katolik.life, polskieradio.pl, catholic.by.

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png