Сто гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава! У Лельчыцах ёсць вуліца яго імя

by ZB

Народны пісьменнік Беларусі, публіцыст, удзельнік Другой сусветнай вайны, намінант на атрыманне Нобелеўскай прэміі (1996), Васіль Быкаў – адна з самых вядомых і пазнавальных постацяў у беларускай літаратуры і грамадска-палітычным жыцці краіны. Яго ваенныя аповесці паказалі нам іншы твар вайны, але таксама і маральны выбар кожнага чалавека ў найбольш драматычныя моманты яго жыцця.

«Знак бяды», «У тумане», «Жураўліны крык», «Сотнікаў», «Мёртым не баліць», «Альпійская балада», аўтабіяграфічная «Доўгая дарога дадому» і шматлікія іншыя творы Быкава вядомыя ці не кожнаму беларусу.

У сваіх творах Васіль Быкаў пісаў пра боль, пакуты, але таксама пра надзею. Праз іх праходзіць важнасць захавання роднай культуры і гісторыі. Яго называюць гонарам беларускай нацыі і нашым сумленнем, ён быў актыўным удзельнікам беларускага незалежніцкага руху 1990-х гадоў.

Па творах Васіля Быкава знята шмат кінастужак. Па гэтых спасылках можна паглядзець фільм «У тумане» рэжысёра Сяргея Лазніцы, які ўдзельнічаў у асноўнай конкурснай праграме 65-га Канскага кінафестывалю і быў адзначаны спецыяльным прызам. Фільм зняты па аднайменнай аповесці Быкава, а падзеі датычацца 1942 года і Беларусі, акупаванай нямецкімі войскамі…

Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна, а пайшоў з жыцця 22 чэрвеня 2003 года ў Бараўлянах.

На сёння ў Беларусі ёсць усяго пяць вуліц, названых у гонар Васіля Быкава. Яны знаходзяцца ў Гродне, Фаніпалі, Ждановічах, Смалявічах і адна на Гомельшчыне – у Лельчыцах.

Штодзень
Фота: profil.adu.by. narbel.bsu.by.

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png