Гісторык Яўген Малікаў падрыхтаваў для выдання “Мова Гомель” захапляльны цыкл матэрыялаў пра шляхецкі род, гісторыя якога паўплывала на развіццё Гомельшчыны. У першым артыкуле “Гомельскія старасты Красінскія і метамарфозы гістарычнай памяці” распавядалася пра тое, як прадстаўнікі важнай магнацкай сям’і апынуліся на Гомельшчыне. У другой публікацыі “Удар у спіну Рэчы Паспалітай. Як стараста Васіль Красінскі здраджваў дзяржаве” распавядалася пра сувязі роду з Масковіяй. Цяпер – працяг сагі пра Красінскіх.
Томаш (Фама) Красінскі, у адрозненне ад свайго дзядзькі, не праяўляў звышактыўнасці на глебе здрады Рэчы Паспалітай. Прынамсі, пакуль такія дакументы не трапіліся. Ён болей быў сканцэнтраваны на гаспадарчых справах. Вядомы ён толькі тым, што ў 1686 г. папракаў кіеўскага мітрапаліта князя Чацьвярцінскага за недастатковую энергічнасць у абароне праваслаўных ад нападак католікаў і ўніятаў.
Томаш быў двойчы жанаты. У першым шлюбе з жанчынай з роду Філіповічаў, імя якой, мяркуючы па ўсім, было Марыя. З ёй ён меў двух сыноў: Аляксандра (памёр у маладым узросце) і Мікалая. А таксама чатырох дачок: Ёана/Ганна (магчыма, гэта дзве розныя дачкі), Эльжбета, Элеанора і Феліцыяна. Верагодна, быў яшчэ сын Гаўрыіл, які таксама памёр у маладым узросце, але інфармацыя пра яго змешчана толькі ў адной з дзвюх выяўленых крыніц, у якіх узгадваюцца пералічаныя сыны. Даты нараджэння дзяцей невядомыя, але па дакументах прасочваецца, што ў 1709 г. Мікалай ажаніўся з Сафіяй Сеніцкай, у 1717 г. Ганна была замужам за Стэткевічам, старастам быстрыкоўскім, паводле іншай крыніцы, яна мела дачку Катажыну Эўфразыну, народжаную каля 1705 г.
У другім шлюбе Томаш Красінскі быў жанаты з Хэленай Грахольскай, з якой не меў агульных дзяцей. Пра адносіны старога Томаша Красінскага з другой жонкай вядома толькі тое, што пад яе ўплывам ён з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Падзеі 1717 г. паказалі, што гэты шлюб не быў ні шчаслівым, ні спакойным.
У студзені 1717 г. Хэлена Грахольская, ад імя мужа таемна падрыхтавала, падпісала ў караля і зарэгістравала дамову аб продажы Гомельскага і Прапойскага старастваў суддзі гродскаму навагрудскаму Станіславу і яго жонцы Кацярыне, народжанай дэ Раэс, Корсакам. Пры гэтым Станіслаў Корсак прыходзіўся ёй дзядзькам.
Гэта было зроблена з шматлікімі парушэннямі закона, бо яшчэ ў 1710 г. Томаш саступіў Гомельскае староства, а ў 1715 г. Прапойскае староства свайму сыну Мікалаю. Тады ж таксама Хэлена Грахольская вывезла з Гомеля шматлікія дакументы на валоданне абодвума староствамі і нават сямейныя каштоўнасці Томаша Красінскага. Афера хутка раскрылася і ўжо ў траўні 1717 г. стары Томаш Красінскі экстранна збіраў усе неабходныя дакументы – 6 мая чарговы раз падпісаў у караля новыя паперы на перадачу ў спадчыну Гомельскага і Прапойскага старастваў свайму сыну Мікалаю. 15 мая быў складзены інвентар Гомельскага, а 18 мая Прапойскага старастваў, у ліпені ўсе сабраныя 18 дакументаў купай былі ўпісаны ў кнігі Галоўнага трыбуна ВКЛ (вышэйшы апеляцыйны суд).
Менавіта тады, адразу пасля падробленага “пераафармлення” дакументаў на Гомельскае і Прапойскае староствы, у студзені 1717 г., Хэлена Грахольская адбірае замкавую Мікольскую царкву ў праваслаўных, разам з царкоўнымі рэчамі, срэбрам і іншым, і перадае яе езуіту Сакалоўскаму, які 7 лютага правёў тут службу па-каталіцку і апячатаў будынак.
У працэсе змагання з гіперактыўнай і беспрынцыпнай мачахай Мікалай Красінскі быў вымушаны шукаць падтрымкі нават у маскоўскага цара Пятра І (у той час яшчэ працягвалася Паўночная вайна са Швецыяй 1700-1721 г., у якой кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ быў саюзнікам Пятра І). Летам 1718 г. ён даслаў цару ліст са скаргай на мачаху, на яе адабранне замкавай Мікалаеўскай царквы, на яе прымусы самога Мікалая перайсці ў каталіцтва, на яе спробы пазбавіць бацькавай спадчыны. Гэтыя перасцярогі былі не дарэмныя, бо нават у 1722 г. кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ быў вымушаны выдаць спецыяльны глейт рэскрыпт, у якім указвалася, што Хэлена Грахольская памылкова атрымала рэляцыю і падпісала яе на памежныя (“украінныя”) Гомельскае і Прапойскае староствы, і не можа іх атрымаць у любым выпадку, бо нават сеймавыя канстытуцыі забараняюць жанчынам атрымліваць памежныя староствы. З таго ўсе падпісаныя ёю дакументы па гэтых староствах афіцыйна ёсць скасаваныя, а цяперашні стараста гомельскі і прапойскі можа імі спакойна распараджацца.
Покуль дакладна не вядома, калі памёр Томаш Красінскі (яму павінна было быць дакладна больш за 60 гадоў), відавочна, што гэтая авантура з адхіленнем законнага ўладальніка, крадзяжом і фальшаваннем дакументаў не дадала яму здароўя. Са зместу ўзгаданага глейт рэскрыпта 1722 г. відавочна, што ён, як уладальнік старостваў, ужо ў той час не падразумяваецца. Нягледзячы на пераход Томаша (Фамы) Красінскага ў сталым узросце ў каталіцтва (ён нават завяшчаў гомельскаму касцёлу 5000 злотых на ўтрыманне алтарыі пасля яго смерці), яго імя разам з сынамі Мікалаем, Аляксандрам, Гаўрыілам, і, відаць, першай жонкай Марыяй, таксама было ўпісана ў памінальную кнігу Грозаўскага праваслаўнага манастыра – аднаго з галоўных праваслаўных манастыроў Слуцкага княства, які знаходзіўся ў мястэчку Грозаў Навагрудскага павету ВКЛ (сучасная вёска Грозава ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці, на паўднёвым усходзе ад Мінска).