Стала вядома, якія аўтары з Беларусі і Украіны будуць перакладзеныя на розныя еўрапейскія мовы ў межах праекта #FreeAllWords

by ZB

У другой частцы міжнароднай перакладніцкай ініцыятывы  #FreeAllWords прымуць удзел 15 беларускіх і ўкраінскіх аўтараў. Сярод новых удзельнікаў Таццяна Нядбай, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Лобач, Наталія Матолінець, Тетяна Маленька, Олена Кіцан і інш. Пераклады аўтарскіх твораў будуць размешчаны на сайце праекта.


Другі сезон праекта #FreeAllWords Еўрапейскай рады пісьменнікаў  распачаўся напрыканцы восені 2023 года. Да ўдзелу ў праекце было пададзена 30 заявак ад беларускіх і ўкраінскіх аўтараў. Міжнароднае журы праекта адабрала 15 аўтараў, чые творы будуць перакладзеныя на розныя мовы Еўропы. Гэта 8 аўтараў з Беларусі, і 7 — з Украіны. Сярод новых удзельнікаў — беларускія паэты і паэткі Таццяна Нядбай, Уладзімер Някляеў, Уладзімір Лобач, Надзея Гарэцкая, украінскія аўтаркі і аўтары Наталія Матолінець, Тетяна Маленька, Олена Кіцан, Андрій Костинський і інш.

Агулам на дадзены момант у праекце #FreeAllWords удзельнічаюць 46 аўтараў, 29 з іх — прадстаўнікі Беларусі, 17 — Украіны. Сярод удзельнікаў праекта таксама праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева, былы палітзняволены Анатоль Хіневіч. Паэтка Іна Снарская — ураджэнка Полацка, якая ўжо шмат год жыве ва ўкраінскай Палтаве. Ва Украіне знаходзяцца і такія аўтары праекта як харкаўскія паэты Олександр Бобошко і Андрій Костинський, палтаўскі паэт Олег Шапошніков, паэткі і даследчыцы з Кіева Надія Гаврилюк і Тетяна Маленька і інш.

«Калі я думаю пра наш праект #Free All Words і неверагодныя вынікі, я адчуваю гонар, — адзначае Мігель Анхель Серрана, пісьменнік і Прэзідэнт Еўрапейскай рады пісьменнікаў (European Writers Council). — Я заўсёды настойваю на важнасці захавання словаў жывымі ў месцах, дзе, на жаль, існуюць рэпрэсіі і небяспека. Адчыніць вокны магчымасцяў для выказвання меркаванняў нашых беларускіх і ўкраінскіх калег — шляхетная справа, і Еўрапейская рада пісьменнікаў мае намер і далей працягваць гэта рабіць. #FreeAllWords — найлепшае сведчанне вынікаў пісьменніцкай працы: прыносіць у свет гуманістычны і заўсёды новы досвед. І працы перакладчыкаў, якія робяць творы дасяжнымі для іншых культур і даюць доступ да іх вялікай чытацкай аўдыторыі.

Я ўдзячны, што магу быць часткай гэтага. Мне вельмі хацелася б напісаць фінальную справаздачу і закрыць праект: гэта б азначала, што рэпрэсіі і вайна скончыліся. На жаль, гэта не так. Такім чынам, мы працягваем праект, даючы свабоду словам і працам нашых калегаў».

Адмыслова да другога сезона праекта быў рэарганізаваны сайт  www.freeallwords.org, цяпер можна чытаць падборкі перакладаў на адной, абранай мове.

З аўтарскімі тэкстамі працуюць 43 спецыялісты, яны перакладаюць творы ўдзельнікаў праекта на 13 еўрапейскіх моў — англійскую, венгерскую, дацкую, гішпанскую, італьянскую, латышскую, літоўскую, нарвежскую, нямецкую, партугальскую, румынскую, фінскую і французскую. Усяго за час існавання праекта было перакладзена больш за 130 тыс. слоў украінскіх і беларускіх аўтараў.

У планах праекта — папулярызацыя творчасці беларускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў, пашырэнне магчымасцяў выхаду на літаратурныя выданні іншых краінаў.

Ініцыятыва #FreeAllWords таксама працягвае збіраць заяўкі новых удзельнікаў. Для таго, каб далучыцца да праекта, трэба даслаць тэксты (не болей за 7 тысяч знакаў з прабеламі) з пазначкай «аўтар/аўтарка» на адрас: contact@freeallwords.org. Адбор прац праводзіцца на конкурснай аснове. Для ўдзелу прымаюцца як вершы, так і проза. Па ўсіх пытаннях, датычных праекта, можна звяртацца па адрасе: contact@freeallwords.org .

Да ведама: Перакладніцкі праект #FreeAllWords заснаваны ў 2022 годзе Еўрапейскай радай пісьменнікаў (European Writers’ Council (EWC) дзеля падтрымкі ўкраінскіх і беларускіх аўтараў, якія працягваюць займацца творчасцю ва ўмовах расійскай ваеннай агрэсіі на тэрыторыі Украіны і жорсткага падаўлення свабоды слова і самавыражэння з боку беларускай дзяржавы.

Еўрапейская рада пісьменнікаў (European Writers’ Council (EWC) — федэрацыя, у якую ўваходзяць 49 пісьменніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый з 31 еўрапейскай краіны, ад краін Еўразвязу і ЕЭЗ Ісландыі і Нарвегіі, да Беларусі, Македоніі, Чарнагорыі, Швейцарыі і Вялікабрытаніі.  Агулам Рада прадстаўляе інтарэсы каля 220 тысяч аўтараў, якія ствараюць тэксты на 34 мовах.

Падрабязней пра #FreeAllWords можна даведацца на сайце праекта.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png