Спрадвечныя суперфуды беларусаў

by ZB

Калі гаворка заходзіць пра модныя зараз суперфуды (харчаванне, якое з’яўляецца звышкарысным), усе адразу згадваюць экзотыку: насенне чыа ці зерне кінаа. Між тым на сталах беларусаў тыя самыя суперфуды былі спрадвеку. Якія карысныя традыцыйныя стравы мы можам прыгатаваць і цяпер, вывучаў “Штодзень”.

 

Фота: freepik.com

Сёння слова “ферментацыя” гучыць паўсюль. Яно азначае перапрацоўку ежы пэўнымі мікраарганізмамі, у выніку чаго харч узбагачаецца карыснымі рэчывамі і становіцца больш лёгкім для засвойвання арганізмам.

Нашыя продкі, канешне ж, такіх тэрмінаў не ведалі. Але актыўна выкарыстоўвалі ферментацыю, каб падоўжыць тэрмін прыдатнасці харчу (квашанне, засолка і г.д.) альбо прыгатаваць новую страву (хлеб, квас).

Якімі ж суперфудамі ласаваліся нашыя продкі? Квашаная капуста, салёныя гуркі, мочаныя яблычкі – любая садавіна-гароднінка, якая захоўваецца ў расоле.

 

Фота: freepik.com

Варта разумець, што сучасныя хатнія нарыхтоўкі (у слоіках пад металічнай крышкай) карыснымі не з’яўляюцца. Пры ферментацыі ствараецца асяроддзе, у якім карысныя бактэрыі будуць множыцца і “працаваць” на карысць чалавека. Пры кансервацыі, наадварот, бактэрыі (а разам з імі і ўсё карыснае) забіваюцца тэмпературнай апрацоўкай, воцатам ці іншымі агрэсіўнымі рэчывамі. Дыетолагі, якія раяць класці на талерку 2/3 садавіны, нават не залічваюць у яе з’едзеныя кансервацыі.

Яшчэ адзін традыцыйны ферментаваны суперфуд – бездражджавы хлеб з цельназерневай мукі. Дрожджы былі сінтэзаваныя ў лабараторыі толькі напрыканцы ХІХ ст., у продажы з’явіліся яшчэ пазней. Дагэтуль хатнія гаспадыні для квашання выкарыстоўвалі рэшткі цеста, пакінутага з папярэдняга выпякання. Такі хлеб захоўваў значную колькасць карысных рэчываў, што мае зерне.

 

Фота: freepik.com

Аматары трэнду здаровага ладу жыцця могуць знайсці шмат карысных (і куды таннейшых, чым экзотыка з гэтак званых “крам здаровага харчавання”) рэчаў у традыцыйнай кухні. Зрабіць сапраўдны хлеб сённяшнім гаспадыням куды лягчэй, чым кабетам мінулага: дапамогуць вадкія закваскі, планетарныя міксеры і г.д. Засаліць бочак гуркоў ці памідораў, калі маеш лецішча (а хто яго не мае?), таксама можна. Прасцей за ўсё з капусткай, якую можна рабіць увесь год невялічкімі партыямі і захоўваць у лядоўні. Як не маеце такога прысмаку, то якраз паспееце зрабіць да Калядаў!

А якія ферментаваныя стравы гатавалі (ці гатуюць дагэтуль) у вашай сям’і? Падзяліцца рэцэптам можна ў каментарыях ці даслаць у наш чат-бот у тэлеграм.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png