Паходжанне і вытокі антысавецкасці Стрыгуцкага
Уладзімір Стрыгуцкі нарадзіўся 29 кастрычніка 1924 года ў Барысаве ў сям’і натарыуса і настаўніцы. Паводле сведчанняў сваякоў, маці раптоўна памерла, калі Уладзіміру было 13 гадоў. Ён і яго малодшая сястра выхоўваліся бацькам, які праз сваё паходжанне (сям’я Стрыгуцкіх была каталіцкай і адносілася да мясцовай шляхты) быў рэпрэсаваны (забіты органамі НКВД). Паводле некаторых сведчанняў, у гады ІІ Сусветнай вайны Уладзімір, будучы непаўналетнім, увайшоў у склад Саюза Беларускай Моладзі (антысавецкай арганізацыі, якая дзейнічала ў акупаванай немцамі Беларусі). За гэтую актыўнасць, а таксама за напісанне некаторых публікацый з крытыкай савецкага ладу, ён пасля вайны быў асуджаны на 10 гадоў лагеру і адпраўлены ў ссылку на Калыму. Менавіта там ён пазнаёміўся з братамі Луцкевічамі Юркам і Лявонам, якія паўплывалі на маладога беларускага хлопца ў плане фармавання ягонага светапогляду. За дзесяцігоддзі сяброўства Луцкевічы-малодшыя ў перапісцы са Стрыгуцкімі пакінулі архіў лістоў, які з’яўляецца своеасаблівым дакументам эпохі, паказвае савецкую рэчаіснасць вачыма беларускіх незалежнікаў.
Ссылку Уладзімір адбываў на Калыме, дзе працаваў на ўранавых рудніках і залатых прыісках. За гады цяжкай працы на шкоднай вытворчасці ён займеў хранічнае захворванне лёгкіх, ад чаго пакутаваў усё далейшае жыццё.
Стрыгуцкія абіраюць Гомель
Пасля вызвалення са сталінскага лагеру Уладзімір Стрыгуцкі разам з сям’ёй цягам некалькіх год пражываў у пасёлку Матросава Магаданскае вобласці. Ягоная жонка Яніна працавала ў гандлі, а ён, знаходзячыся на вольным пасяленні, працягваў зарабляць грошы на залатых прыісках. Работа была цяжкай, але за яе добра плацілі. Да таго ж, праца на Поўначы давала былым палітрэпрэсаваным шэраг ільготаў на пабудову жылля на «мацерыку». Але на практыцы для былых «ворагаў народу» ўвогуле накладаліся забароны на атрыманне кватэр у сталіцах саюзных рэспублік і курортных гарадах. Што праўда, некаторыя спрытныя грамадзяне ўмудраліся абыходзіць забароны рознымі спосабамі. Але ў выпадку Стрыгуцкіх тое не выйшла.
У адным з інтэрв’ю згадвала Яніна Стрыгуцкая: “У Гомелі апынуліся, таму што ільгота была для тых, хто на Поўначы пражыў 10-15 гадоў. Для гэтай катэгорыі будавалі жытло па-за чаргой. Мы спачатку адправілі дакументы ў Вільнюс. І ўжо мусілі абжывацца там, дзе жылі Луцкевічы. Але па розных прычынах Валодзю адмовілі. Мы б, канешне, на Менску спыніліся, але і там ільготы не распаўсюджваліся. У Гомель прыехалі, тыдзень жылі ў гасцініцы на Сялянскай. У нас прынялі дакументы. І праз год пабудавалі кватэру. У 1967 годзе ў нас ужо была кватэра атрыманая...”
У 1966 годзе сям’я Стрыгуцкіх пераехала ў абласны цэнтр БССР Гомель. І гэты горад, які імкліва адбудоўваўся пасля вайны і ў якім будавалася многа прамысловых прадпрыемстваў, спадабаўся «калымчанам». Пра што Стрыгуцкія напісалі сваім віленскім прыяцелям Луцкевічам. 31 кастрычніка 1966 года Юрка Луцкевіч узрадваўся, што, нарэшце, ягоныя сябры вызначыліся з месцам пражывання: “Даражэнькія! Атрымалі ізноў, як і раней, нармальнае доўгае паўначное пісьмо (тут і далей захоўваецца аўтарскі стыль і арфаграфія – заўв. Рэд.). Цешыліся з Вашага бадзёрага настрою, а найбольш з таго, што нядоўга прыдзецца Вам марнець між Калымскіх сопак, нарэшце пачнеце навечна ўкараняцца ў роднай зямельцы. Эх, і здорава-ж будзе адведаць вас у вашай 4-х пакаёвай Гомельскай кватэры!”
Напярэдадні свята Новага Года, 21 снежня 1966 года, Луцкевічы-малодшыя віншуюць Стрыгуцкіх і жадаюць ім як мага хутчэй абжыцца на новым месцы: “З добрым, шчаслівым годам, з годам аканчальнага звароту на бацькаўшчыну. Не ведаю якія тэмпы будаўніцтва ў Гомелі, але ў Вільні ад моманту закладкім фундамантаў да здачы панельнага дому праходзяць тры месяцы, а цаглянага дому — восем”.
Пераезд у Гомель для сям’і Стрыгуцкіх не адбыўся адразу. Атрымаўшы права на жытло, яны яшчэ нейкі час жылі на арандаваных кватэрах. Каб заплаціць унёсак за кааператыўную кватэру, абставіць яе мэбляй і ўвогуле ўтрымліваць сям’ю Валодзя Стрыгуцкі яшчэ некалькі месяцаў працягваў працаваць на Калыме. Юрый Луцкевіч спрабаваў падбадзёрыць прыяцеля, які пакутаваў ад самоты, як толькі мог. У лісце, датаваным 5 жніўня 1967, ён піша: «Даражэнькі наш саламяны ўдавец! Віншуем і адначасна спачуваем. Вестку аб тым, што рэшта сям’і ўжо ў Гомелі атрымалі ў адзін дзень з дзвюх крыніц: ад Яні тэлефонам і ад цябе лістом. На жаль, падвяла сучасная айчынная тэхніка сувязі: амаль нічога не было чуваць. Зразумелі, што ўсё ў парадку, што кватэру заняла, патроху ўстраіваецца, што мэблі яшчэ няма… Ні адрасу яе не запісалі, ні да чаго не дагаварыліся… і маўчок. (…) На ўсякі выпадак прышлі нам Ваш Гомельскі адрас!”
У 1967 годзе віленчукі Луцкевічы, якія любілі падарожнічаць па еўрапейскай частцы СССР на ўласным аўтамабілі, завіталі ў Гомель. 9 кастрычніка 1967 года ў лісце да Стрыгуцкіх Юрка Луцкевіч распавядае пра сваю паездку: “У Гомелі нам наагул спадабалася. Вядома, нам у Вільні больш прытульна, Гомель — гэта ўжо Палессе, няма марэнавых узгоркаў, да якіх прывыкла вока. Затое Сож — выдатная рэчка. Ваш мікрараён цераз некалькі гадоў будзе прыгажэйшы і больш прыдатны да жыцця. Цяпер яшчэ многа пылу, крамы, школа і садок далёка. Але ўсё гэта будуецца ўжо цяпер, а тэмпы будаўніцтва там нязгоршыя”.
Стрыгуцкі разгортвае дзейнасць у Гомелі
Гомель у 1980-я выглядаў дастаткова тыповым абласным цэнтрам БССР: русіфікаваным і стэрыльным у плане грамадска-палітычнай актыўнасці. Але такое ўражанне ад горада над Сожам было памылковым і павярхоўным, улічваючы тое, што воляй лёсу ў гэтым беларускім горадзе жылі ажно трое аўтарытэтных антысавецкіх дзеячаў, якія гуртавалі каля сябе прабеларускую моладзь: Уладзімір Стрыгуцкі, Цімох Вострыкаў і Рыгор Клімовіч. Калі з’явілася магчымасць, то ветэраны нацыянальнага руху з Гомеля спрычыніліся да стварэння шэрагу незалежніцкіх арганізацый, якія былі заўважныя на ўзроўні ўсяго БССР. Пра кіраўніка Нарыльскага паўстання Рыгора Клімовіча мы пісалі ў ранейшым артыкуле. Без Уладзіміра Стрыгуцкага таксама немагчыма ўявіць грамадска-палітычнае жыццё Гомеля на пераломе 1980-х – пачатку 1990-х.
Грамадскія актывісты 1980-х у Гомелі, якія ўдзельнічалі ў паўпадпольным нацыянальным руху, згадвалі, што, у адрозненне ад вельмі асцярожнага «амерыканскага шпіёна» Цімоха Вострыкава (ён сядзеў у камеры смяротнікаў, таму мала каго падпускаў да сябе з незнаёмых людзей), Уладзімір Стрыгуцкі быў вельмі кампанейскім. «Язэпавіч быў вельмі камунікабельным, любіў людзей, з радасцю прысутнічаў на розных нацыянальных імпрэзах і святах, якія адбываліся ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х. Калі мы з ім пазнаёміліся, то мяне здзівіла, якая ў яго была бібліятэка на той час багатая! У той час было складана знайсці розныя кнігі па гісторыі Беларусі і літаратуру мастацкую нашых пісьменнікаў, а ў яго дома гэта ўсё было…”, – дзеліцца ўспамінамі былы актывіст моладзевай арганізацыі “Талака”. – “Калі мы да яго прыходзілі ў госці, то ён умомант арганізоўваў застолле. Дранікі ён любіў гатаваць больш за ўсё. Пару бульбін – і страва гатовая.”
Уладзімір Стрыгуцкі з вялікай надзеяй успрыняў Перабудову, якая з’яўлялася прадмовай да атрымання Беларуссю доўгачаканай незалежнасці. “Ён заўжды верыў, што Беларусь будзе незалежнай. Верыў, ведаў і радаваўся, калі гэта здарылася ў 1991-м”, – распавядалі блізкія гомельца ў адным з інтэрв’ю.
“Вельмі ён любіў бываць у беларускіх асяродках. Калі “Талака” ладзіла беларускамоўныя мерапрыемствы, калі ладзілі святы ў школах… Ён заўжды прыходзіў у нядзельную школку на Сельмашы. Калі адкрылі ў Гомелі філію беларускага ліцэя, ён прыходзіў да ліцэістаў з лекцыямі пра тое, як нялёгка Беларушчына давалася заўжды. Як было цяжка людзям яго пакалення… Факт у тым, што ён быў найбольш камунікабельны з гомельскай тройкі. А мы, актывісты новай генерацыі, бралі з яго прыклад і не маглі складваць рук, бо нам было значна прасцей дзейнічаць, нягледзячы на тое, што савок не хацеў адпускаць Беларусь на волю. Наяўнасць такіх людзей, як Уладзімір Стрыгуцкі, паказвае, што ў беларускага руха заўжды была пераемнасць, што мы не былі, як пісалі ў савецкай прапагандысцкай прэсе, чымсьці штучным… У нас былі папярэднікі…”, – дзеліцца ўспамінамі адзін з актывістаў тагачаснай “Талакі”.
Уладзімір Стрыгуцкі быў актыўным удзельнікам грамадска-палітычнага жыцця на Гомельшчыне ў пачатку 1990-х, з’яўляўся заснавальнікам гомельскага Беларускага Народнага Фронту, удзельнічаў у З’ездзе беларусаў свету ў 1993-м…
3 сакавіка 2005 года пасля працяглай хваробы лёгкіх Уладзімір Стрыгуцкі сышоў з жыцця. Яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам, а надмагілле аформілі, як ён і завяшчаў, па-беларуску.
Фота: прыватныя архівы, vytoki.net, ФБ-паблік: Гомель. История и Архитектура.