Змаганне за беларускую школу, экалогія, росквіт “Талакі”. Гісторыя найстарэйшай моладзевай арганізацыі Гомеля (частка 3-я)

У верасні 2021 года Гомельскі абласны суд ліквідаваў Гомельскую моладзевую краязнаўчую грамадскую арганізацыю “Талака”. “Талака” сталася адной з больш чым 1000 грамадскіх арганізацый Беларусі, знішчаных беларускімі ўладамі пасля восені 2020 г.
У серыі артыкулаў “Штодня”, прысвечаных антысавецкаму супраціву ў 1980-х, распавядаецца гісторыя найстарэйшай моладзевай арганізацыі рэгіёна – гомельскай “Талакі”.
Артыкул пра перадумовы ўзнікнення “Талакі” чытайце ТУТ. 
Пра тое, які моўны рэжым панаваў у нефармальнай арганізацыі мы пісалі ТУТ.
 

Напрыканцы 1980-х у “Талаку” ўваходзілі дзясяткі вядомых гомельцаў. Рэкрутавалі людзей у арганізацыю пераважна праз асабістыя кантакты. Так, напрыклад, багата студэнцкай моладзі было прыцягнута ў арганізацыю пасля таго, як талакоўцы паўдзельнічалі ў археалагічных раскопках старажытнага Гомеля пад кіраўніцтвам археолага Алега Макушнікава 1988-1989 гг. Раскопкі адбываліся на месцы былога кінатэатра імя Ісачанкі. Студэнты гістфака праходзілі там археалагічную практыку, а талакоўцы падпрацоўвалі валанцёрамі. Талакоўцы распавядалі ім пра “Талаку”, запрашалі да сябе. Так, на “Талацэ” з’явіліся Наталля Пінчук, Святлана Ткач ды інш. Актыўна ўдзельнічалі талакоўцы і ў археалагічных раскопках гарадзішча эпохі жалезнага веку ў вёсцы Уваравічы, Буда-Кашалёўскага раёна.


Талакоўцаў таксама непакоіла адсутнасць ахоўных шыльдаў на старых будынках Гомеля і яны актыўна патрабавалі ад “Таварыства аховы помнікаў культуры і гісторыі” павесіць шыльды “ахоўваецца дзяржавай” на старыя будынкі горада. Талакоўцы не толькі звярталіся па дапамогу ў вырашэнні гэтага пытання, але і самі выраблялі і замацоўвалі такія шыльды. Паказальная адна гісторыя, якую былы старшыня “Талакі” канца 1980-х гг. Алесь Фаміч назваў “Як мы ганялі альпіністаў”.


Мясцовыя ўлады далі дазвол гомельскім альпіністам трэніравацца на руінах праваслаўнай Мікалаеўскай царквы ХІХ ст. у раёне Старая Валатава. Талакоўцы, абураныя вандалізмам альпіністаў, спачатку спрабавалі з імі паразмаўляць, мірна пераканаць у неэтычнасці выкарыстання будынка царквы для такіх заняткаў, але альпіністы працягвалі трэніравацца. Тады талакоўцы пачалі іх фізічна адтуль выганяць. Апроч таго, яны самі вырабілі шыльду “Помнік архітэктуры” і замацавалі яе на будынку царквы. Гэтая шыльда правісела аж да пачатку рэстаўрацыі храма ў 2005 годзе.


Пад кіраўніцтвам Таццяны Сапач талакоўцы пачалі вывучаць каляндарна-абрадавыя святы (Каляды, Гуканне вясны, Купалле) развучвалі абрадавыя песні, даследавалі сам абрад. Апроч таго, што самі вывучалі абрады, яшчэ папулярызавалі іх у розных навучальных установах Гомеля. “Талака” ладзіла шэраг гістарычных імпрэз, сярод якіх вечарыны памяці слынных сыноў Беларусі Кастуся Каліноўскага ды Тадэвуша Касцюшкі.

26 красавіка 1989 г. “Талака” арганізавала жалобны мітынг, прысвечаны ўгодкам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У мітынгу бралі ўдзел больш за 100 чалавек. Акцыя выклікала вялікі розгалас у грамадстве, бо такога ў Гомелі яшчэ ніколі не было, а адпаведна і вялікую нянавісць мясцовага партыйнага кіраўніцтва.


Значнай грамадскай акцыяй “Талакі” у 1989 г. быў збор подпісаў за адкрыццё беларускамоўных класаў у раёне “Гомсельмаш”, дзе талакоўцы і збіралі подпісы, бо там было найбольш выхадцаў з вёскі, таму беларуская мова ім была блізкай. Сабраныя подпісы талакоўцы перадалі ў газету “Літаратура і Мастацтва”, а адтуль іх накіравалі ў Міністэрства адукацыі. Падчас кампаніі збору подпісаў старшыню “Талакі” выклікалі ў гаркам партыі, дзе вінавацілі арганізацыю ў распальванні міжнацыянальнай варожасці. У 1990 г. аналагічны збор подпісаў талакоўцы ладзілі ў раёне “Стары аэрадром”.


Таксама пачынаючы з 1987 г., талакоўцы ладзілі пікеты і збор подпісаў за перадачу былога сабора Пятра і Паўла, на той момант планетарыя, гомельскім вернікам. Было сабрана 2000 подпісаў і сабор у 1989 г. сапраўды перадалі праваслаўнай царкве. Пасля талакоўцы бралі ўдзел у добраўпарадкаванні памяшканяў сабора.


У гэтым жа годзе пры “Палацы моладзі” Гомсельмаша, загадчыцай аддзела моладзі, талакоўкай Вольгай Васілёвай была створана нядзельная школка для дашкалятак, дзе дзеткі знаёміліся з беларускімі традыцыямі, песнямі, гульнямі, частаваліся гарбатай з беларускіх зёлак.


Значным кірункам дзейнасці талакоўцаў быў экалагічны напрамак. Так, з 29 красавіка па 3 мая 1987 г. талакоўцы прынялі ўдзел у беларуска-латышскім экалагічна-патрыятычным водным ралі пратэсту супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС «Дзьвіна – Daugava-87». Гомельская “Талака” тут далучылася да акцыі менскай “Талакі”.


Так сярод 40 удзельнікаў акцыі 10 чалавек былі з гомельскай “Талакі”. Акцыя была скіравана супраць будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на тэрыторыі Латвіі пад Даўгаўпілсам. Будаўніцтва электрастанцыі магло абярнуцца лакальнай экалагічнай катастрофай, бо ў выніку ўзвядзення плаціны былі б затоплены вялізарныя навакольныя тэрыторыі як Беларусі, так і Латвіі. У зону затаплення трапілі бы помнікі гісторыі, адбылося бы значнае пагаршэнне экалагічнай сітуацыі. Удзельнікі акцыі на 10 чаўнах плылі трое сутак з транспарантамі, супыняліся ў значных населеных пунктах, ладзілі імправізаваныя мітынгі, інфармавалі мясцовае насельніцтва пра маючае адбыцца будаўніцтва, давалі шматлікія інтэрв’ю журналістам і такім чынам уздымалі хвалю грамадскага абурэння. Акцыя праходзіла ва ўмовах моцнага ціску з боку афіцыйных лад, над удзельнікамі пастаянна ляталі вайсковыя верталёты, міліцыянты ім пагражалі рознымі рэпрэсіямі. Талакоўцы тады сумна жартавалі, што калі яны там патонуць, дык на Беларусі не застанецца ніводнага нацыянальна свядомага беларуса. У рэшце рэшт будаўніцтва ГЭС не адбылося, у тым ліку дзякуючы намаганням талакоўцаў.

Другім значным экалагічным мерапрыемствам “Талакі” была зладжаная ў траўні 1988 г. акцыя “Прыпяць-88”– вандроўка на чаўнах па рацэ Прыпяці супраць меліярацыі Палесся, мэтаю якой было прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы асушэння балот і ўтойвання наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.


Важнай культурніцкай падзей для Гомеля сталася адкрыццё ў горадзе філіяла беларускага гуманітарнага ліцэю, дырэктарам якога стаў старшыня “Талакі” Алесь Фаміч. Са школьнікаў старэйшых класаў былі створаны тры групы, заняткі ў ліцэі праходзілі раз на тыдзень у нядзелю, наведвальнікам чыталі лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі. Пазакласнае культурніцкае жыццё ліцэю арганізоўвала “Талака”: запрашала на свае мерапрыемствы, развучвала з ліцэістамі беларускія гульні, танцы, песні.


У красавіку 1991 г. у “Палацы моладзі” Гомсельмаша талакоўцы бралі актыўны ўдзел у арганізацыі бардаўскага фэста з удзелам зорак беларускай бардаўскай песні Андруся Мельнікава, Сяржука Сокалава-Воюша, Алеся Камоцкага, Леры Сом, Зьміцера Хведарука, Юрася Змушко.


Талакоўцы праявілі сваю актыўнасць і ў рэлігійных пытаннях. Уніяцкі святар Пётр Кузмічоў у Львове, уніяцкім цэнтры, атрымаў дабраслаўленне на стварэнне ўніяцкай суполкі ў Гомелі. Для рэгістрацыі суполкі патрэбна было 20 чалавек і першымі яе вернікамі сталі талакоўцы. Не столькі з рэлігійных памкненняў, а хутчэй з салідарнасці: каб спрыяць адраджэнню адной з традыцыйных рэлігійных канфесій на Беларусі. Да іх таксама далучыліся ўдзельнікі грамадскай арганізацыі “Вытокі”. Суполка была зарэгістравана, пачаліся набажэнствы па ўніяцкаму абраду. У суполку прыязджаў і ладзіў набажэнствы айцец Надсан – апостальскі візітатар для грэка-каталікоў на Беларусі, упаўнаважаны Ватыкана. Праз шэсць месяцаў уніяцкая суполка была зарэгістравана ў Менску, але менавіта ў Гомелі з’явілася першая ўніяцкая суполка ў Беларусі. Першым уніяцкім дыяканам на Беларусі стаўся талаковец Алег Кацапаў.


Напрыканцы 1980-х у такі палітызаваны час талакоўцы на засталіся ў баку і ад палітычных працэсаў. Гомельскія талакоўцы былі таксама пастаяннымі ўдзельнікамі грамадска-палітычных акцый у Менску – шэсця Дзяды, памінанне ахвяр таталітарызму, на пачатку 1989 года бралі ўдзел у першым мітынгу ў Беларусі на стадыёне Дынама.


Так, адной з першых палітычных акцый “Талакі” у Гомелі быў удзел у першамайскай дэманстрацыі 1989 г., куды талакоўцы прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцагамі. Калона стаяла на пачатку праспекта ім. Леніна. Талакоўцы са сцягамі паспрабавалі стаць у канцы калоны, але міліцыянты іх адсеклі і выціснулі на ходнікі. Талакоўцы не разгубіліся, не здаліся, а пабеглі праз кінатэатр ім. Калініна на вуліцу Савецкую, уклініліся ў калону і прайшлі са сцягамі па вуліцы Савецкай да плошчы Паўстання.


“Талака” сталася таксама падмуркам для стварэння БНФ у Гомелі. У 1989 г., калі менскаму БНФ адмовілі ў рэгістрацыі, у Гомелі ліберальнае кіраўніцтва на чале з Святланай Гальдадэ зарэгістравала першую на Беларусі структуру БНФ – ГБНФ (Гомельскі Беларускі народны фронт). Большасць талакоўцаў пайшлі ў гэтую палітычную структуру, мяркуючы, што патэнцыял “Талакі” вычарпаны і яна больш непатрэбна. Але час паказаў, што яны памыліліся.


Пасля зыходу ў палітыку большасці сябраў “Талакі” ў 1992 годзе ў арганізацыі фактычна засталіся толькі двое самых маладых яе ўдзельнікаў – Зміцер Сасноўскі і Сяржук Вінаградаў. Паступова, дзякуючы намаганням гэтых бліскучых асоб, “Талака” пачала адраджацца, у яе пацягнуліся новыя маладыя кадры.


Штодзень

Фота: грамадскі вэб-архіў vytoki.net

Наступны

Матэрыялы