Як нефармалы ў 1980-х адбудоўвалі краіну “талакой”. Гісторыя найстарэйшай моладзевай арганізацыі Гомеля

15 верасня 2021 года Гомельскі абласны суд ліквідаваў Гомельскую моладзевую краязнаўчую грамадскую арганізацыю “Талака”. Іск аб ліквідацыі грамадскай арганізацыі падало Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. “Талака” сталася адной з больш чым 1000 грамадскіх арганізацый Беларусі, знішчаных беларускімі ўладамі пасля восені 2020 г.
У серыі артыкулаў “Штодня”, прысвечаных антысавецкаму супраціву ў 1980-х, распавядаецца гісторыя найстарэйшай моладзевай арганізацыі рэгіёна – гомельскай “Талакі”.
 
 

Асноўнымі мэтамі дзейнасці ГМКГА “Талака”, згодна Статуту, з’яўляліся:

– вывучэнне, захаванне і папулярызацыя сярод моладзі беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ды краязнаўчая дзейнасць як адзін з фактараў нацыянальнага адраджэння Беларусі і пабудовы дэмакратычнага грамадства.

Асноўнымі задачамі “Талакі” з’яўляліся:

  • Пашырэнне ў грамадстве беларускай мовы і гістарычных ведаў.
  • Папулярызацыя ў моладзевых і іншых асяродках беларускай этнаграфіі.
  • Адраджэнне беларускіх народных рамёстваў, мастацкіх промыслаў і далучэнне іх да моладзі.
  • Аднаўленне старажытных народных святаў і абрадаў, прыцягненне моладзі да ўдзелу ў іх.
  • Вывучэнне роднага краю Гомельшчыны і прылеглых мясцінаў.
  • Збор і сістэматызацыя матэрыялаў па краязнаўству і традыцыйнай культуры Гомельшчыны, складанне на іх базе адукацыйных праграмаў.


На момант ліквідацыі Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя “Талака” з’яўлялася найстарэйшай недзяржаўнай грамадскай арганізацыяй у Гомелі і Беларусі.

Увогуле слова “талака” азначае старажытны беларускі народны звычай сумеснай добраахвотнай і бескарыснай працы ці дапамогі. Гэты звычай, напрыклад, ужываўся, калі трэба было зрабіць гаць праз балота – дарога трэба ўсім, але аднаму чалавеку яе зрабіць не пад сілу. А вось калі ўсёй вёскай, разам, гэта і значыцца талакою, можна зрабіць і гаць праз любое балота. Альбо калі ў каго ў вёсцы хата згарэла – колькі той чалавек сам будзе яе рабіць? А вось калі вёска талакою дапаможа – дык за пару дзён і хату, і свіран паставіць можна.

Звычай “талакі” распаўсюджаны з глыбокай старажытнасці па ўсёй Беларусі, сустракаецца таксама і ва Украіне. Гэты звычай нават увайшоў у заканадаўства Вялікага княства Літоўскага, ён падаецца, напрыклад, у тэксце Статута ВКЛ 1588 года.


Вось як апісвае звычай талакі ў Гомельскім павеце адна з даследчыц беларускай народнай культуры Зінаіда Фёдараўна Радчанка (нарадзілася ў 1839 г. у вёсцы Старыя Дзятлавічы пад Гомелем) у прадмове да сваёй кнігі “Гомельские народные песни”, выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1888 г.: “… Ёсць яшчэ звычай склікаць людзей на талаку, г. зн. запрашаюць жаць жыта або ўбіраць сена без усялякай аплаты, толькі за пачастунак; даюць многа гарэлкі, абед, падвячорак, вячэру. На гэту талаку ідуць з вялікаю ахвотаю. Талаку склікаюць найчасцей у якое-небудзь свята, напрыклад на Пятра і да т.п., калі адзначаюць другі дзень пасля свята. Сабе рабіць, гавораць, грэх, а людзям можна, але не за плату, а толькі за пачастунак. Для гэтага наймаюць часта нават музыку. На рабоце не падганяюць людзей, а толькі частуюць іх”.


Старажытны беларускі звычай талакі як сумеснай бескарыслівай працы і стаў тым вобразам, што аб’яднаў у сярэдзіне 1980-х гадоў маладых патрыётаў Беларусі.

У гэты час па ўсім СССР ішла абвешчаная Міхаілам Гарбачовым перабудова спарахнелай савецкай камуністычнай сістэмы. Адкрываліся невядомыя, а часам і жахлівыя старонкі з гісторыі Савецкага Саюза. Афіцыйна агучаны курс на галоснасць дазваляў людзям свабодна абмяркоўваць вострыя пытанні як сучаснага жыцця, так і гісторыі, а таксама шукаць шляхі вырашэння розных грамадскіх праблем.

Напрыканцы 1985 года, беларускамоўная моладзь, якая ў асноўным канцэнтравалася вакол навучальных устаноў Менску, вырашыла аб’яднаць свае намаганні, каб разам, сумесна, талакою, займацца захаваннем і папулярызацыяй беларускай мовы, гісторыі і культуры, захоўваць ад разбурэння і аднаўляць помнікі беларускай архітэктуры (трэба ўлічыць, што размова ідзе пра сярэдзіну 1980-х гадоў!), і такім чынам аднавіць, адрадзіць, сваю краіну – Беларусь. Яны так і назваліся – “Талака”.

Удзельнікамі той менскай “Талакі” сталі разнастайныя маладыя гісторыкі, паэты, мастакі і проста неабыякавыя людзі, якія хацелі захаваць беларускую культуру ад вынішчэння. Значную частку з іх складалі былыя сябры “Майстроўні” – творчага моладзевага аб’яднання, утворанага ў 1979 г. студэнтамі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, якое займалася адраджэннем беларускай абрадніцкай культуры ў горадзе і праіснавала да 1984 г.

Сярод удзельнікаў менскай “Талакі” былі і людзі, тым ці іншым чынам звязаныя з Гомельшчынай, а таксама і з іншымі абласцямі Беларусі. І вось яны вырашылі ўсе разам распачаць талакоўскі рух па ўсёй Беларусі, і стварыць у розных гарадах суполкі (аддзяленні) “Талакі”, каб гуртаваць аднадумцаў з усёй краіны.

Першай, пасля Менску, узнікла “Талака” у Гомелі. Але на гэтым талакоўскі рух па Беларусі і скончыўся. Праз некалькі год у Гародні ўзнікла “Паходня”, у Віцебску – “Узгор’е” (якое спачатку ўвогуле называлася “Узгор’е” – па назве аднаго з раёнаў старажытнага Віцебску) – арганізацыі ў цэлым роднасныя “Талацэ”, але крыху іншыя.
 

Уласна гісторыя гомельскай “Талакі” пачалася ў восені 1985 г., калі мужа і жонку Таццяну Сапач і Сяргея Дубаўца, выпускнікоў журфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, размеркавалі на працу ў г. Гомель. Таццяна і Сяргей, будучы студэнтамі, у Менску з’яўляліся людзьмі грамадска актыўнымі, цікавіліся беларушчынай (перадусім мовай ды культурай), былі наведвальнікамі т.зв. “Майстроўні” – суполкі, з якой пазней паўстала менская “Талака” і размаўлялі па-беларуску, што было нечувальным для тых часоў.  Сяргея Дубаўца размеркавалі журналістам у “Гомельскую праўду”, дзе ён ды Барыс Пятровіч былі адзінымі супрацоўнікамі, якія на працы размаўляў па-беларуску.


Сяргей і Таццяна былі захоплены ідэяй стварэння шырокага талакоўскага руху па ўсёй Беларусі. То бок, меркавалі яны, у кожным абласным цэнтры, як сама мала, патрабавалася стварыць “Талаку” – арганізацыю, якая б займалася адраджэннем беларускай мовы, традыцыйнай культуры, вывучэннем беларускай гісторыі. Яны і пачалі гуртаваць вакол сябе аднадумцаў у Гомелі.


Працяг будзе…

Штодзень

Фота: грамадскі вэб-архіў vytoki.net

Наступны

Матэрыялы