Паводле дадзеных гомельскага гідрапоста, за апошнія суткі ўзровень вады ў Сожы падняўся яшчэ на 2 см і па стане на 11 красавіка на ўзроўні паста складае 637 см. Гэта рэкорд дня за ўсю гісторыю назірання. Гэта значыць, што ні ў адзін з папярэдніх гадоў 11 красавіка вада ў Сожы не падымалася так высока. Мінімальны ж узровень вады ў гэты дзень быў зафіксаваны ў 2020 годзе і склаў усяго 80 см.
Што тычыцца абсалютных мінімумаў і максімумаў Сожа, то яны таксама вядомыя: самы паўнаводны Сож быў зафіксаваны 28 красавіка 2013 года. Тады ўзровень вады падняўся да 661 см. Самым «сухім» апынуўся 30 жніўня 2015 года – тады рака змялела і апусцілася да адзнакі мінус 27 см. Сення ж засуха Гомелю хіба толькі сніцца. Некаторыя раёны горада ў прамым сэнсе плывуць. Сож працягвае поўніцца вадой. Больш за ўсе ад падтаплення пацярпеў Савецкі раён і мікрараён Манастырок. Там пад вадой апынуліся дзясяткі падворкаў, дзяжураць адразу чатыры выратавальныя пасты. На надзіманых маторных лодках супрацоўнікі ОСВОДа і МНС дапамагаюць мясцовым жыхарам дабрацца да дому, да працы, да сваякоў, перавозяць хатніх жывел, транспартуюць да машыны хуткай дапамогі. Чаго толькі не бывае – за дзень робяць не менш за сотню рэйсаў.
Бываюць і дзіўныя выпадкі. Так, на днях, паводле ратавальнікаў, аднаму з пенсіянераў прыйшлося давозіць пральную машыну. З магазіна яе прывезлі, а даставіць да дзвярэй не змаглі. Смешныя выпадкі таксама бываюць. Так, днямі на 2-й Папярэчнай вуліцы осводаўцам давялося праводзіць цэлую выратавальную аперацыю — з воднага палону ратавалі адразу аж 25 качак. Так, птушкі вадаплаўныя, але захраснулі настолькі, што самі выбрацца не маглі. Ніводнай качкі ў выніку не пацярпела.