Сны пра Трэцюю сусветную

by ZB

Я, канешне, не майстар медытацыі ці псіхалогіі, але ведаю, як правільна дыхаць і адпускаць трывожныя думкі, каб хутчэй заснуць.

Выпіць мятнай гарбаты, замест навін пачытаць кнігу. Не думаць пра сёння, учора і заўтра, не думаць, у якім месцы і часе жывеш. Проста дыхаць. І адчуваць паветра: вось яно павольна праходзіць цераз нос, напаўняе лёгкія, затрымліваецца і бязгучна пакідае грудную клетку.

Вайна ва Украіне вачыма штучнага інтэлекту. Фота: dev.ua

 

Удых-выдых, удых- выдых…

Ціш… Цемра… Цесна…

Я ў танку. Чорт!

Са мной яшчэ двое такіх жа няголеных мужчын, у цьмяным святле відаць, як блішчаць на іх  напружаных ілбах кропелькі поту.

Бабах!

Здрыганулася зямля і цесная задушлівая цемра.

Цэлілі па нас… Прамазалі… Адпаўзаем і хаваемся… Скрабе па жалезных баках зламанае кустоўе.

Бабах! Цэлілі мы. Сэрца шалёна калоціцца –  патрапілі? Кусаю перасохлыя вусны.

Барадаты  мужчына абарочваецца і бруднымі костачкамі пальцаў моўчкі дае мне “пяць”.

Гляджу на свае агрубелую далонь – чаму яна такая шырокая і каляная?

Гудзіць… Бабах! Чорт! Так падкінула, што ледзь шыю не звярнула!

Прачынаюся ў сваім ложку, усё гэтак жа скача адрэналін… Хочацца курыць, але ж я ні разу не курыла. У галаву чамусьці лезе ўспамін з дзяцінства, калі выкліканы падчас каляднай варажбы “дух” напрарочыў трэцюю сусветную вайну з 2023 года.

Цьху… Вось табе і медытацыя, і мятная гарбата…

А ці засталіся беларусы, якім не сніліся танкі і самалёты, выбухі і акопы, дручкі і аўтазакі, ператрусы і вобшукі, людзі ў чорным і цесныя пакойчыкі, у якіх не хапае паветра? А ці засталіся тыя, хто не бачыў у снах звольненых з турмаў сяброў і родны пакінуты дом?

Здаровы сон стаў рэдкасцю і раскошай. За пару гадоў мы ўсе пасталелі на пару стагоддзяў…

Раніцай, калі расплюшчваю вочы – здаецца, што зноў трапляю у дурны неадчэпны сон – настолькі ўсё вакол абсурдна і нерэальна, што не паддаецца логіцы і будзь-якім законам. Жыву ў нейкім замкнёным коле і адчуваю невыносны боль ад таго, што звязаная вяроўкамі і ніяк не магу паўплываць на сітуацыю, Няма планаў і бачання, як рухацца далей, як  прыблізіць той час, калі сны зноў стануць спакойнымі і светлымі.

Адчуваю сябе маленечкай і нікчэмнай трэскай, якую нясе плынь нядобрай і панурай ракі.  Я не ведаю, што чакае мяне за наступным паваротам, ці прыб’е мяне вада да свайго альбо чужога берага, ці закруціць і паглыне халодны вір.

Плыву. І працягваю верыць Лёсу, Небу, Богу…

Як бы ні было цяжка, помню, што я – не самы няшчасны чалавек у гэтым свеце. Ёсць людзі, якія не маюць нават таго спакою і камфорту, які маю сёння я. Ім патрэбна мая падтрымка і дапамога.

Калі думаю пра цяжкасці і невядомую будучыню, успамінаю маіх герояў-беларусаў, з якіх можна браць прыклад. Іх вельмі шмат – тых, каму значна горш і цяжэй, але яны не здаліся і не зламаліся, іх немагчыма патапіць, бо іх вёслы – гэта іх крылы. Яны  ўсміхаюцца нават за кратамі.

Бо калі мы ўсе складзем лапкі і даверымся чужой плыні – будучыні нам не пабачыць. Па цячэнню плыве толькі мёртвае.

Штодзень

Аўтар: Мар’яна Ліс, фота: dev.ua

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png