Смецце на вуліцах Гомеля: хто вінаваты і што рабіць?

Кантэйнеры, аблепленыя смеццем, ля чонкаўскіх шматпавярховікаў

У 2025 годзе плануецца запусціць у Гомелі завод па перапрацоўцы смецця. Добра, калі гэтыя планы пераўтворацца ў жыццё. Але ці дастаткова гэтага, каб наш горад заўсёды заставаўся чыстым? Ад якіх смеццевых праблем пакутуюць розныя раёны Гомеля, прааналізаваў “Штодзень”.

Шматпавярховікі ў Чонках

 

Кантэйнеры, аблепленыя непатрэбнымі рэчамі і вялізарнымі мяхамі са смеццем, зусім не цешаць вока жыхароў шматпавярховікаў у Чонках. Жыхары шматпавярховікаў вінавацяць ва ўсім ўласнікаў прыватных дамоў.

 

Вось што распавёў жыхар мікрараёна Андрэй у Фейсбуку:

“Гэтае смецце пакідаюць не жыхары нашага мікрараёна, а ўладальнікі прыватных дамоў. Яны не жадаюць падпісваць дамовы на вываз смецця, бо за гэта трэба плаціць, таму ўночы прывозяць яго на машынах і пакідаюць тут. Сёлета размаўляў з былой супрацоўніцай камунальнага прадпрыемства, дык яна сказала, што ў Чонках (маецца на ўвазе прыватная забудова – рэд.) мала хто плаціць за вываз смецця. Чамусьці тыя, хто жыве ў кватэрах, абавязаны плаціць, а тым, хто мае свой дом, дзяржава дазваляе гэтага не рабіць.

Калі мы спрабуем уздымаць гэтую праблему ў чонкаўскім чаце ў Вайберы, вясковыя жыхары на нас крыўдзяцца і кажуць, што гэта мы самі так “свінячым”. Але адкуль у дамах, узведзеных менш чым 20 год таму, мэбля і іншыя рэчы яшчэ савецкай вытворчасці? І тым больш вялізарныя шматкілаграмовыя мяхі з гнілымі яблыкамі! Дзе мы тыя яблыкі, на балконе ці на даху, вырошчваем?

Смеццявозы ў наш раён прысылаюць у колькасці, адпаведнай лічбе прапісаных у нашых шматпавярховых дамах. Таму ўсё смецце, што прывозяць з бліжэйшых прыватных дамоў (а побач знаходзяцца Чонкі, Сеўрукі і Паляна – рэд.) яны вывесці не могуць. Вось і жывём у сталым свінарніку…”

Варта адзначыць, што выказванне пра неабавязковасць заключэння дамоў на вываз смецця ўладальнікамі прыватных дамоў памылковая. Паводле Закона РБ «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» і Жыллёвага Кодэкса РБ, кожны домаўласнік абавязаны заключыць такую дамову. Але прыватны сектар у Гомелі вялікі, і на тое, каб знайсці ўсіх парушальнікаў, спатрэбіцца шмат часу.

А нават калі 100% дамоў будуць “падключаныя” да вывазу смецця, застанецца яшчэ адна праблема: прывучыць насельніцтва сартаваць адходы. Прычым не толькі грамадзян. Паводле нормаў дзейнага заканадаўства, домаўладальнікі павінны складваць розныя гатункі смецця ў розныя кантэйнеры (якія, дарэчы, мусяць выдаваць бясплатна). Што праўда, дадзеныя кантэйнеры выдаюцца далёка не ўсім домаўладальнікам. Прыватныя дамы, якія размешчаныя не на галоўных вуліцах, не маюць такіх кантэйнераў. “Сродкаў не хапае”, — гавораць чыноўнікі. А таму прыгожыя кантэйнеры стаяць на галоўных вуліцах у прыватнай забудове, а астатнім даводзіцца альбо не сартаваць смецце, альбо сартаванае смецце выкідаць каля шматпавярховікаў.

Таксама ў прыватным сектары пляцоўкі для буйнагабарытнага смецця не арганізаваныя (і гэта таксама недапрацоўка камунальнікаў), таму і даводзіцца прыстройваць яго на чужыя сметніцы.

Здавалася б, у ХХІ ст. гэтую праблему можна было б вырашыць даволі проста: усталяваць камеры відэаназірання і ідэнтыфікаваць злачынцаў. Але ў азначаным мікрараёне камеры ўсталявалі чамусьці толькі ля пад’ездаў. Дробную смеццевую праблему (некаторыя жыхары не неслі пакункі са смеццем да кантэйнераў, а пакідалі іх у маленькіх сметніках ля пад’ездаў) гэта дапамагло ліквідаваць. Вялікае ж смеццевае пытанне яшчэ толькі чакае вырашэння.

Пра іншыя гомельскія праблемы, звязаныя са смеццем, чытайце ў наступных артыкулах “Штодня”.

Штодзень

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары