Скаргі Іллі Міронава на прапагандыстаў дастаўленыя ў Мінінфарм

Ілля Міронаў напісаў тры скаргі ў Мінінфарм на абразы ў свой адрас у прапагандысцкіх СМІ. А потым адсачыў іх дастаўку і атрыманне.

Актывіст з Гомеля працягвае адстойваць свае правы. 26 красавіка Ілля Міронаў напісаў і адправіў адразу тры скаргі, якія тычыліся дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У кожным з выданняў адыёзныя журналісты размясцілі матэрыялы, у тэксце якіх змяшчаліся абразлівыя выказванні на адрас актывіста.

Першая абраза, на якую скардзіцца Ілля Міронаў, была размешчаная 20 красавіка гэтага года на тэлеграм-канале «Жоўтыя слівы». У адным з пастоў тэлеграм-канала Міронава назвалі «стукачом», што, на думку актывіста, не толькі абражае яго, але і распальвае сацыяльную варожасць у дачыненні да асобных сацыяльных груп, парушаюць права на прыватнае жыццё і абарону, а таксама абмяжоўвае свабоду выказвання меркавання, бо «такое цкаванне сродкамі масавай інфармацыі абумоўлена грамадска-палітычнымі поглядамі» актывіста.

Міністэрства інфармацыі атрымала ўсе тры скаргі яшчэ 29 красавіка 2023 года

Другая скарга тычыцца сюжэту на тэлеканале «СТБ» і яго тэлеграм-канале «СТБ. Навіны Беларусі». У сваёй скарзе актывіст паведамляе, што 20 красавіка гэтага года пра яго расказалі і напісалі ў абразлівай манеры. Міронаў прывёў і дакладную цытату, пра якую ідзе гаворка: «Жыў бы Ілля ў Адэсе, яму б параілі нешта тыпу «Ідзі кідайся галавой у гной».

Як сцвярджае гомелец, «такія выказванні не дапушчальныя для дзяржаўнага тэлеканала і яго сацсетак. Падобныя абразлівыя заявы транслююцца супрацоўнікамі дадзенага сродку масавай інфармацыі не ўпершыню. А кожная спроба на законных падставах абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў сродка масавай інфармацыі прыводзіць да новай абразлівай публікацыі».

Цытату гэтага ж, вышэйзгаданага ў другой скарзе тэксту, на сваёй інтэрнэт-старонцы ў той жа дзень размясціла і выданне «СБ. Беларусь сёння». Яму Ілля Міронаў прысвяціў сваю трэцюю скаргу, адрасаваную Міністэрству інфармацыі Беларусі.

У кожнай з іх Міронаў апелюе законам і падкрэслівае, што ў адпаведнасці з п. 2 арт. 2 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі грунтуецца на Канстытуцыі. А ў арт. 10 Канстытуцыі прапісана, што грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

На падставе арт. 49 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» Ілля Міронаў просіць вынесці пісьмовае папярэджанне «СБ. Беларусь сёння», а таксама «Сталічнаму тэлебачанню – СТБ» за распаўсюд звестак, якія груба парушаюць Канстытуцыю.

Тры скаргі былі дастаўленыя. І цяпер актывіст чакае афіцыйнай рэакцыі на кожную з іх.

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары