Сёння Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 94 гады, ягоны род шчыльна звязаны з Гомельшчынай

by ZB

Хоць творца нарадзіўся ў Оршы, вучыўся ў Кіеве, а жыў у Мінску. Аднак ягоны род паходзіў з нашага рэгіёну. «Штодзень» прыгадвае пра гэтую сувязь.

  1. З Рагачова паходзіць дзед па маці Уладзіміра Караткевіча Васіль Грынкевіч, ён стаў прататыпам аднаго з герояў рамана “Каласы пад сярпом тваім”. Ён скончыў духоўнае вучылішча ў Гомелі, працаваў лясным аб’ездчыкам у Чачэрску. Пазней у дзедавай хаце ў Рагачове жыў з сям’ёй дзядзька Ігар Грынкевіч.
  2. Бацька Караткевіча Сямён Цімафеевіч да службы ў войску, прыкладна з 1910 года працаваў у Рагачоўскім казначэйстве. Маці пісьменніка Надзея працавала настаўніцай у вёсцы Збароў каля Рагачова.
  3. У гэты горад часта прыязджаў пісьменнік, там узніклі многія яго творы. Сярод іх раман “Каласы пад сярпом тваім”, пралог да рамана “Леаніды не вернуцца да Зямлі” — “Паром на бурнай рацэ”, навела “Ладдзя роспачы”.

“Ладдзя роспачы” – гэта пра сярэднявечны Рагачоў, пра які ў сучасным горадзе, акрамя прыроды, амаль нічога ўжо не нагадвае. Галоўны герой “Ладдзі” роспачы” жыхар Рагачова Гервасій Выліваха.

  1. Вуліца, дзе знаходзіўся дом, носіць цяпер назву Уладзіміра Караткевіча.
  2. У 2009 годзе ў Рагачове на Старых могілках урачыста адкрылі помнік на магіле бабулі пісьменніка. Да гэтага часу магіла была недагледжаная – з зямлі проста тырчэў жалезны крыж, ніякай таблічкі і надпісу не было. Грошы сабрала грамадскасць.
  3. Незадоўга да сваёй смерці (не стала пісьменніка 25 ліпеня 1984 года) ён, нібы развітваючыся, наведаў блізкія i дарагія мясціны. З’ездзіў і ў Рагачоў.
  4. Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове планавалася адкрыць помнік Гервасію Выліваху, стварыць музей у доме, дзе жыў дзед пісьменніка. Аднак нічога зроблена не было.

    Рагачоўскі дом, у якім пісаў некаторыя творы беларускі класік. Фота: Радыё Свабода

Вось як у 2020 годзе тлумачылі адсутнасць музею.

Праблемамі ў справе стварэння дома-музея сталі фінансаванне і рашэнне жыллёвага пытання родных пісьменніка, паведамляла «Звязда».

«Сваякі Караткевіча – яго стрыечны брат з жонкай і сынам – не супраць абмену. Мы прапрацоўваем варыянты прадастаўлення ім іншага жылля, каб перавесці дом у камунальную ўласнасць і арганізаваць там некалькі цікавых экспазіцый. Акрамя таго, і само жыллё патрабуе рамонту», – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Прус.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png