
Былы прарэктар ГДУ імя Францыска Скарыны Сяргей Ханеня. Калаж
Адной з самых нашумелых гісторый пераследу апазіцыі ў Гомелі ў 2007-2008 гадах быў выпадак адлічэння з універсітэту студэнта-выдатніка Змітра Жалезнічэнкі. Нягледзячы на сярэдні бал 9,2 і адсутнасць праблем з наведваннем заняткаў, юнака спачатку незаконна адлічылі, а потым адправілі ў войска на “выпраўленне”. За лёсам палітпрызыўніка сачылі тады не толькі ў Гомелі, але і ва ўсёй Беларусі. Пра яго пісалі артыкулы, у ягоную падтрымку ладзілі акцыі і жыццёвая сітуацыя Змітра лягла ў аснову сцэнара фільма “Жыве Беларусь”.
У гісторыі студэнта Жалезнічэнкі было ўсё: і міліцэйскія пагоні, і затрыманні, і пагрозы, і акцыі салідарнасці. Але ў ценю засталіся некаторыя арганізатары рэпрэсій. Калі прозвішчы суддзяў лёгка аднавіць, пашукаўшы лічбавыя сляды ў сусветным павуцінні, то за кадрам – выканаўцы, якія таксама папілі крыві ў маладзёна. “З перспектывы сённяшняга дня той пераслед падаецца не такім ужо жорсткім. Я нават трошкі ўдзячны лёсу за тое, што, прайшоўшы выпрабаванні, апынуўся там, дзе цяпер. Каб не тыя адлічэнні і войска, то мог бы пад раздачу трапіць у 2020 годзе, што было б, адназначна, горш”, – узгадвае паспяховы праграміст Зміцер Жалезнічэнка свае тагачасныя праблемы. Па выхадзе з арміі ён не стаў губляць час: паступіў ва ўніверсітэт у Нідэрландах, пабудаваў сям’ю і займаецца самарэалізацыяй. Але Зміцер пагаджаецца, што амаль 20 гадоў таму ён не адчуваў такога аптымізму. Наадварот, гаворыць мужчына, у нейкія моманты яго агартаў адчай, калі, здавалася, ён заставаўся сам-насам з рэпрэсіўнай сістэмай.

На фота – праграміст з Гомеля Зміцер Жалезнічэнка, які ўдзельнічаў у дабрачынных праектах па набыцці аўтамабіляў хуткай дапамогі для ўкраінскіх бальніц
Адным з найбольш негатыўных персанажаў, якія спрабавалі паламаць лёс Змітру, быў прарэктар па ідэалогіі ГДУ імя Францыска Скарыны Сяргей Ханеня. Асоба досыць неардынарная і з дастаткова цікавым лёсам.

Сяргей Ханеня
Амбіцыйны правінцыял
Паводле дадзеных “Кіберпартызанаў”, Ханеня рос у няпоўнай сям’і. Пра гэта сведчыць тое, што ягонае прозвішча, Ханеня, дасталося яму ад маці. У беларускім грамадстве ад прозвішча таты проста так не адмаўляюцца. Ягоны бацька, як вынікае з дакументаў, меў прозвішча Драбышэўскі. Нарадзіўся Сяргей Ханеня ў 1964 годзе ў Жыткавічах. У тыя часы нараджэнне ў няпоўнай сям’і, ды яшчэ ў беларускай правінцыі, істотна ўплывала на фармаванне характару маладзёна. Відавочна, прадстаўнікі падобных сем’яў нават на фоне агульнасавецкай галечы мелі горшыя стартавыя магчымасці і пастаянна сутыкаліся з канфліктнымі аднагодкамі. Аднак амбіцыі і здольнасці ў юнака, гледзячы па ўсім, былі, бо, скончыўшы школу, ён паступіў на факультэт філалогіі ГДУ імя Францыска Скарыны.

Алесь Бяляцкі (трэці злева) у студэнцкія гады
У пачатку 1980-х, на якія прыпала навучанне Сяргея Ханені ў альма-матар, гомельскі ўніверсітэт стаў месцам, дзе гуртаваліся кадры для будучага нацыянальнага адраджэння. У той час ва ўніверсітэце вучыліся цяперашні палітвязень і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, сусветна вядомы паэт Анатоль Сыс, бард Эдуард Акулін і многія іншыя. Відавочна, гэтыя яркія людзі не маглі не паўплываць на станаўленне светапогляду правінцыйнага юнака. Аднак Ханеня, хоць і вучыўся старанна, нікому асабліва з таго пакалення не запомніўся.
Быў актывістам БНФ, а стаў служакам рэжыму
Ужо ў пачатку 1990-х, калі Беларусь атрымала незалежнасць, Сяргей Ханеня быў адным з актывістаў БНФ у Гомелі, актыўна папулярызаваў беларускую мову і верыў у нацыянальныя ідэалы. У той перыяд ён працаваў настаўнікам беларускай мовы ў школе № 29, якая знаходзіцца ў раёне Валатава. Гэты раён адметны тым, што пасля 1986-га года яго засялялі ў першую чаргу перасяленцамі з забруджаных радыяцыяй тэрыторый Гомельшчыны. Як правіла, гэта былі ўчорашнія сяляне з беларускамоўных вёсак Чачэршчыны, адкуль, хутчэй за ўсё, паходзіць род ягонага бацькі Івана Драбышэўскага.
У 1994-м, калі ўсе дэмакратычныя дасягненні маладой краіны пачалі згортвацца, Ханеня ўладкоўваецца ў ГДУ выкладчыкам. І з гэтым універсітэтам, дарэчы, у яго будзе звязанае жыццё ў наступныя 20 гадоў. Спачатку ён выкладае, пазней становіцца дацэнтам кафедры беларускай літаратуры. Абараняе нават кандыдацкую дысертацыю па дзіўнай тэме “Амплітуда мастацкасці: Умоўнасць у беларускай прозе канца XX стагоддзя”. У апошнія 10 гадоў жыцця ён працуе прарэктарам па выхаваўчай працы. Менавіта на гэтай пасадзе Ханеня шчыраваў у дачыненні да студэнцкай моладзі, якую ўлады падазравалі ў нелаяльнасці. Можна сказаць, дзякуючы ягоным намаганням Гомель стаў перадавым горадам у плане пераследу студэнтаў, якіх спачатку вербавалі спецслужбісты, а потым, калі яны адмаўляліся супрацоўнічаць, адлічвалі з універсітэта.
Некаторыя актывісты, дзейнасць якіх прыпала на пачатак 1990-х, гавораць, што метамарфозы ў поглядах Сяргея Ханені сталі для іх вельмі нечаканымі. Асобныя нашыя суразмоўцы адзначаюць, што, магчыма, перамена ягонай пазіцыі адбылася праз наяўнасць у спецслужб кампрамату на маладога чалавека, які паступова пераўтварыўся ў іхнюю марыянетку. Аднак, калі прааналізаваць жыццёвы шлях Ханені, змяненні ягоных палітычных упадабанняў маглі адбывацца праз удзячнасць рэжыму, які даў яму магчымасць пабудаваць кар’еру, займець жыллё, набыць нятанную машыну. Словам, мы маем дачыненне з чалавекам, які праз лаяльнасць да дзяржаўнай улады і шчыраванне атрымаў шанец на бязбеднае існаванне. Што больш важна: меў магчымасць распараджацца лёсамі людзей, якія ад яго залежалі.
Як прэсавалі студэнтаў у ГДУ у 2000-я…
У нулявыя Гомель страсянулі некалькі скандалаў са студэнтамі, завербаванымі КДБ. Але найбольш гучны выпадак, які нанёс вялікую шкоду спецслужбам, – гэта гісторыя агента “Эколага”. Пад гэтым псеўданімам хаваўся цягам некалькіх год студэнт-юрыст Сяргей Гаўрылін, які пад ціскам КДБ стаў платным інфарматарам, пісаў справаздачы пра дзейнасць апазіцыянераў. Ён настолькі віртуозна граў сваю ролю, што ўвайшоў у давер не толькі да вярхушкі мясцовай апазіцыйнай наменклатуры, але і скарыў кіраўнікоў разнастайных еўрапейскіх і амерыканскіх фундацый, якія выдавалі гранты на грамадскую дзейнасць. “Эколаг”, аднак, нягледзячы на давяральныя адносіны з куратарамі, запісваў іх на дыктафон, каб потым занатаваць вельмі павучальныя дыялогі. Гэты твор пад назвай “Дзённік крыніцы” нарабіў многа шуму, паколькі раскрыў некаторых супрацоўнікаў і распавёў пра методыкі спецслужбістаў.
Сярод антыгерояў дадзенага твору – прарэктар па ідэалогіі Сяргей Ханеня. Адносна яго завербаваны спецслужбамі “Эколаг” напісаў некалькі вельмі трапных успамінаў.
«В середине декабря 2005 года на перемене ко мне подошла замдекана и сказала, что меня вызывает к себе проректор по воспитательной работе Сергей Ханеня (как я узнал позже от Алеся Корнеенко, это бывший БНФовец, а ныне «работающий на КГБ»). Войдя в его кабинет, я увидел Ханеню и ещё одного мужчину. Увидев меня, Ханеня резко подскочил и быстро вышел из кабинета, даже не взглянув на меня. Мужчина лет тридцати предложил мне сесть, а сам встал (психологический приём). На долю секунды он предъявил удостоверение и назвался сотрудником Комитета Государственной Безопасности Дмитрием Вячеславовичем (без фамилии). Тогда я смутно представлял себе, что это за орган и этот человек вызывал во мне любопытство. Он заметно нервничал: его глаза бегали, он почти не смотрел мне в глаза и теребил ручку. Сотрудник задал несколько вопросов по поводу моей учёбы в техникуме, где я учился до поступления в ГГУ, назвал фамилии нескольких преподавателей, спросил, какие у меня были с ними отношения. Я действительно мало чего помнил и не мог толком ничего сказать.
Я: А как же Ханеня?
Сотрудник: Не волнуйся. Вместе с тобой мы вызвали ещё несколько студентов к нему в кабинет для зашифровки…»
З дадзенага ўрыўка вынікае, што Ханеня, як мінімум, садзейнічаў вярбоўцы маладых людзей, якія часта не ведалі, як сябе паводзіць на допытах. Таму вымушаныя былі праз нявопытнасць падпісваць паперы. Але, што варта адзначыць, прарэктар у дадзеным фрагменце ўспамінаў выступае ў якасці чалавека бязвольнага, які пакідае ўласны кабінет для патрэб спецслужбістаў.
Зрэшты, далей аўтар “Дзённіка крыніцы” разважае пра тое, што такое падхалімскае судзеянне ўласціва выключна для супрацоўнікаў правінцыйных універсітэтаў. Маўляў, цяжка нешта падобнае ўявіць, каб нават які-небудзь дэкан сталічнага ВНУ прадаставіў свой кабінет у працоўны час для вярбоўкі студэнтаў. Не кажучы пра прарэктара. Але ў Гомелі такія падыходы былі нормай.
Калі ў прысутнасці кадэбістаў Ханеня выглядаў ніякавата, то наступная сцэнка, апісаная “Эколагам”, паказвае, з аднаго боку, ягонае імкненне выслужыцца, а, з іншага, дэманструе неразуменне таго, як працуюць спецслужбы. Калі Гаўрылін вырашыў без дазволу куратара падаць заяву на правядзенне масавай акцыі супраць атамнай энергетыкі, то ў гарадскім аддзеле ідэалогіі параілі адлічыць студэнта.
Вось што пра гэты выпадак піша сам Гаўрылін:
«На следующий день меня вызвал проректор Ханеня. В кабинете был начальник отдела университета по воспитательной работе и председатель профкома. Они объявили мне о том, что у меня 72 часа пропусков без уважительной причины (при максимуме в 60) и в связи с этим я подлежу исключению.
Ханеня: Прошло время увещеваний. Вы не хотели исправляться, и мы будем действовать в соответствии с уставом университета. Вы не посещаете занятия, и мы вас исключим. Хотя вы можете улучшить ситуацию, забрав заявление.Я: А как заявление связано с пропусками и моим исключением?
Ханеня: Никак. Но тем не менее. Всё. Разговор закончен. У вас есть 2 часа, чтобы забрать заявление.Я был готов к вызову и к очередному промыванию мозгов. Но «72 часа» меня удивили, потому что за день до подачи заявления я посчитал все свои пропуски, их было 54. Я допустил ошибку и не сделал ксерокс журнала. «Н-ки» были однозначно доставлены».
З гэтых успамінаў можна зрабіць выснову, што Ханеня любымі спосабамі гатовы быў пакараць нелаяльных студэнтаў. У дадзеным выпадку ён сеў у калюжыну, бо куратары цанілі свайго «сексота», таму справа з адлічэннем пасля ўмяшальніцтва КДБ спусцілася на тармазах. Аднак, што важна, у дадзеным выпадку бачна, што Ханеня сам па сабе быў гатовы арганізаваць рэпрэсіўныя захады без асаблівых згрызот сумлення, калі бачыў праявы апазіцыйных настрояў сярод студэнцтва.

Андрусь Цянюта падчас службы ў войску. Фота: Радыё Свабода
Версію пра тое, што Ханеня з вялікім імпэтам сам удзельнічаў у пераследзе студэнтаў агучвае Андрусь Цянюта. У 2007-2008 гадах ён быў актывістам «Маладога Фронту» і спрабаваў арганізоўваць акцыі падтрымкі Змітра Жалезнічэнкі:
– Калі Жалезнічэнку выключалі з універсітэта, я раздаваў улёткі ля аднаго з корпусаў. Да мяне падбеглі невядомыя, заламалі рукі і завялі ў кабінет да Ханені. Пазней я даведаўся на судзе, што гэта Ханеня. Ён паводзіў сябе нахабна, абражаў. Пазней ён на судзе ілжэсведчыў, нібыта я лаяўся матам, парушаў грамадскі парадак. У выніку мне далі 11 сутак. Гэта была мая першая адседка.
Андрусь Цянюта таксама прыгадаў, як Ханеню спрабавалі прысароміць на судзе ягоныя былыя паплечнікі з БНФ.
– Калі яму хтосьці са старых бээнэфаўцаў сказаў прама ў судзе, каб «здаваў партквіток», той дастаў білет сябра БНФ і стаў ім размахваць. І сказаў, што сам быў у БНФ-е.

Ігар Случак. Фота: асабісты архіў героя публікацыі
Іншы студэнт ГДУ, Ігар Случак, таксама ў нейкім сэнсе пацярпеў ад дзеянняў Ханені:
– Мяне выклікалі на размовы ў дэканат, дзе звычайна чакалі супрацоўнікі сілавых структур. Я тады ўдзельнічаў у парламенцкіх і мясцовых выбарах як назіральнік, таксама выязджаў за мяжу ў Літву. Гэта стала прычынай выкліку. Выклікаў мяне на размову намеснік дэкана Стральцоў. Спачатку ён сам распытваў наконт паездак за мяжу. А ў наступны раз, калі выклікаў, мяне ўжо чакаў гэбіст па прозвішчы Пырх. Ён спрабаваў мяне завербаваць, каб я даносіў на студэнтаў, выкладчыкаў, на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Я адмовіўся. Выклаўшы гісторыю пра спробу вярбоўкі ў СМІ, яны часова адсталі.
Пазней Ігара зноў некалькі разоў спрабавалі схіліць да супрацы, але марна. Хлопец аказаўся ім не па зубах.
– Як мне казаў Стральцоў, які сам быў з сілавікоў, яму не падабалася сітуацыя ціску на мяне. Казаў, што Ханеня ўсё хоча са мной паразмаўляць. Маўляў, Ханеня ўсё яго папікаў, чаму гэтага “ворага народу” трымаеце ва ўніверсітэце, трэба яго выганяць. А Стральцоў адказаў яму, што няма да мяне пытанняў па вучобе. Магу дапусціць, што з падачы Ханені ўсе гэтыя выпадкі мелі месца.
У выніку ціску Ігар забраў дакументы з універсітэта і паступіў у Эстонію, дзе працягнуў вучобу.
Зміцер Жалезнічэнка:
– Мы з Ханенем ніводнага разу не перасякаліся. Пра яго пісалі пастфактум журналісты. Ён насамрэч не быў такім Валдэмортам, які навісаў нада мной увесь час. Нібыта я быў такі Гары Потар, а ён мой галоўны антаганіст. Я разумею, што ён адказваў за ўсе гэтыя справы ва ўніверсітэце. Але мы рабілі сваю справу, мы былі маладыя, былі перакананыя, што нічога кепскага не робім. А наверсе сядзелі дурныя дзядзькі, якія з усёй сур’ёзнасцю з намі змагаліся. Не было такога, што мы змагаемся з нейкім Ханенем. Мы ведалі, што змагаемся з дыктатарам Лукашэнкам, які парушае законы, разганяе плошчы, перавыбіраецца… А што такое Ханеня на фоне ўсяго гэтага?
У маі 2014 года стала вядома, што ў выніку ДТЗ у Бранскай вобласці загінуў 50-гадовы прарэктар ГДУ імя Францыска Скарыны Сяргей Ханеня. Як паведамляла тагачасная прэса, «Аварыя адбылася ў Трубчэўску Бранскай вобласці 26 красавіка. Аўтамабіль “Аўдзі-А6”, у якім пасажырам ехаў беларус, сутыкнуўся з аўтамабілем “Камаз”. Прарэктар атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў бальніцу, дзе праз 11 дзён памёр».
Заўчасны сыход прарэктара, зрэшты, не выклікаў вялікіх спачуванняў у асяроддзі дэмакратычных актывістаў. Хоць ніхто асабліва не злараднічаў у тых абставінах, але многія прыгадалі, што на сумленні нябожчыка было многа выпадкаў пераследу студэнцкай моладзі.