Мова Гомель пагутарыла з Юліяй Цімафеевай пра яе родныя мясціны, першую мову і пра тое, дзе цяпер для творцы “мой дом”.
– Вы нарадзіліся ў Брагінскім раёне, адным з найбольш пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС. Зразумела, на час аварыі вы былі яшчэ зусім малым дзіцём, але ці нешта запомнілася? І што распавядалі ў вашай сям’і пасля, ці была магчымасць яшчэ паехаць да роднай хаты? І ці хацелі б туды яшчэ паехаць?
Так, напраўду, я нарадзілася ў вёсцы Спярыжжа, якая знаходзілася прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Чарнобыльскай атамнай станцыі, а месца, дзе мы з бацькамі жылі ў 1986 годзе, пасёлак Сонечны (Піркі), быў яшчэ бліжэй.
Мне было чатыры гады, калі здарылася аварыя, але я шмат што памятаю, і той дзень 27 красавіка, калі мы даведаліся пра здарэнне на АЭС, таксама. Цёплай сонечнай нядзеляй мы з сям’ёй вярталіся са Спярыжжа ў Піркі. Ішлі ад дзедавага дома да прыпынак праз яблыневы сад па белай ад пялёстак сцяжыне. Нечакана наляцела моцная навальніца. На прыпынку была толькі лаўка, і мы прамоклі да ніткі. Пазней мы даведаліся, што дождж і град сыпаліся з тых хмар, што не пускалі на Маскву.
А пра тое, што нешта здарылася на АЭС, у той жа дзень расказала жонка Васіля Ігнаценкі, якая прыехала да родных мужа ў Спярыжжа (гісторыя пажарніка ёсць у кнізе Святланы Алексіевіч) Але ў той момант ніхто не ўспрыняў аварыю ўсур’ёз.
Праўда, штосьці падазраючы, увечары мама вымыла нас з сястрой. Але наступнага дня мы, як заўсёды, пайшлі ў садок.
Некалькі гадоў таму я запісала ўспаміны бацькоў пра тыя дні і месяцы. Яны расказвалі мне пра верталёты над дзіцячым садком і людзей у касцюмах; пра эвакуацыю і пра тое, як здавалі карову; пра тое, як спрабавалі нас уберагчы то ў адных родзічаў, то ў другіх, пакуль самі працягвалі працаваць; пра тое, як ехалі з п’яным кіроўцам, бо лічылася, што гарэлка дапамагае ад радыяцыі; пра тое, як жылі летам у санаторыі, пра тое, як уладкаваліся на новым месцы…
Мае бацькі, а пазней і я, часта ездзілі ў Спярыжжа на могілкі і некалькі разоў у Піркі. Упершыню яны паехалі на Радуніцу ў 1996-м, калі гэта стала афіцыйна дазволена. У 1990-ыя ездзілі амаль штогод, цяпер, вядома, радзей. Але такія паездкі — не толькі магчымасць прыбраць магілы продкаў і паглядзець на рэшткі родных дамоў ды вуліц, некалі напоўненых жыццём, але і добрая нагода пабачыцца з былымі аднавяскоўцамі ды сябрамі.
Калі можна, некалькі слоў пра вашу сям’ю (бацькі, дзяды), чым займаліся і займаюцца, скуль паходзілі…
Мае бацькі, як і мае дзяды ды бабулі, нарадзіліся ў Спярыжжы ці зусім побач у простых сялянскіх сем’ях. Па адукацыі мая маці была фельчаркай, а бацька будаўніком, цяпер яны абое на пенсіі і жывуць на Жлобіншчыне.
Якая мова была першай, ці былі нейкія рэгіянальныя адметнасці ў мове, на якой размаўлялі ў вашай сям’і? Ці маглі б назваць некаторыя беларускія словы, якія найбольш запомніліся, або тыя, якія вы найбольш любіце?
Я паўсюль кажу, што мая родная мова была “трасянка”, як і мова маіх бацькоў. Дзед, які жыў з намі, больш гаварыў на спярыжскай гаворцы. Але з літаратурнай беларускай мовай я пазнаёмілася рана, бацькі куплялі нам кнігі, я хадзіла ў беларускамоўную школу, тэлебачанне 90-х было ў большай ступені беларускамоўным.
Што да нашых слоў. Напрыклад, дзеяслоў “порацца” вельмі весяліў моладзь у вёсцы, куды нас перасялілі, а ў Спярыжжы яно азначала “рабіць справы па гаспадарцы, упраўляцца”.
Я вечарам шчэ не пораўся.
Вось яшчэ слова “куёўдзіцца” — “кубліцца (пра дзяцей, жывёлаў)”.
Што ты там куёўдзішся?! Злазь ужо з печы!
“Рыгізуля” — “жалязяка, жалезны інструмент”.
Дай-ка мне эту рыгізулю, што ля плота стаіць.
Памятаю таксама выраз “(калі) жаба цыцы дасць”, то бок “амаль ніколі”. Ці “і ў сёндкі, і ў пёнткі” — скажоны польскі выраз.
Што ты не пераадзелася пасля школы? І ў сёндкі, і ў пёнткі тое плацце носіш.
Наколькі Гомельшчына засталася ў вашым сэрцы, ці нешта згадваецца, некуды цягне, ці гэта прасочваецца ў вашых думках і творчасці, ці цягне “да каранёў”?
Так, цяпер, калі мне ўжо за сорак, і я ўжо колькі гадоў не была ў Беларусі, я адчуваю сувязь не толькі з маім любімым Мінскам, але і з вясковай Брагіншчынай ды Жлобіншчынай, адкуль я родам. На жаль, палюбіць Гомель або Жлобін мне не ўдалося, мне было ў іх занадта цесна. Але на прыкладзе невялікіх гарадоў і мястэчак Аўстрыі, Швейцарыі, Нямеччыны, дзе мы з маім мужам Альгердам Бахарэвічам паспелі пажыць ці пабываць, я зразумела, наколькі насычаным і адметным можа быць жыццё ў правінцыі. Для змен патрэбны дэцэнтралізацыя, увядзенне мясцовага самакіравання, падтрымка культурных і сацыяльных ініцыятыў на месцах, і, вядома, любоў і павага да саміх сябе. Але, на жаль, у цяперашняй Беларусі ўсё наадварот.
І так, я цяпер сілкуюся ўспамінамі пра сваё маленства і ўспамінамі маіх бацькоў і ўжо не раз пісала вершы, імі натхнёныя.
У адным з інтэрв’ю вы адзначылі, што “Наш дом там, дзе нашыя кнігі”. Наколькі гэта застаецца надалей для вас актуальным, дзе ён, “ваш дом”?
З кожным новым годам экзылю пошукі адказу на гэта пытанне робяцца для мяне ўсё больш балючымі. Але я па-ранейшаму працягваю збіраць бібліятэку на розных мовах, прысутнасць кніг заўсёды мяне супакойвае і грэе сэрца. Гэта важны складнік майго “дому”. Яшчэ адзін важны складнік — гэта мой муж, з ім я адчуваю сябе дома і ў цягніку між гор, і ў самалёце над акіянам, і ў танным гатэлі, і ў чарговай кватэры. Але, вядома, мне хацелася б, каб у “дома” было не толькі метафарычнае напаўненне, каб я магла паказаць: “вось гэта ён, мой дом”, але пакуль гэта немагчыма.
Жыццё і сітуацыя склаліся так, што вы цяпер не жывяце ў Беларусі. Але жыццё працягваецца, таксама і творча вы сябе надалей паспяхова рэалізуеце. Калі можна, некалькі слоў пра тое, над чым цяпер працуеце.
Не ведаю, наколькі паспяховая мая рэалізацыя. Але так, я працягваю працаваць над сваёй новай аўтабіяграфічнай кнігай, прысвечанай вобразам дарогі, выгнання і бяздомнасці.
Калі дазволіце, то асабістае пытанне, бо ваш сямейны і творчы дуэт з Альгердам Бахарэвічам выглядае шчаслівым і паспяховым. З вашага досведу, наколькі лёгка (або і цяжка), быць разам і ў жыцці, і ў працы. Чым вы любіце займацца, калі маеце вольны час?
Найперш, мушу перадаць вам словы Альгерда, з якім я падзялілася гэтым пытаннем, што “мы не дуэт”. :)) Мы з Альгердам не пішам разам, хаця, безумоўна, знаходзімся ў пастаянным дыялогу, чытаючы і абмяркоўваючы творы адно аднаго. У нямецкамоўнай прасторы нас часам называюць “das literarische Paar” — “літаратурная пара”, мабыць, тое бліжэй да праўды. Часам гэта лёгка і прыемна, часам гэта цяжка, але гэта заўжды цікава.
А што да нейкага хобі, то, магчыма, гэта прагучыць дзіўна, але мы вельмі любім разам вандраваць па справах і без. Дарога нас натхняе і супакойвае, хаця, вядома, часам і стамляе. Але Альгерд — мой найлепшы спадарожнік, надзейны і цікаўны.
Фота з Фэйсбука Юліі Цімафеевай, узятыя са згоды гераіні.