Беларусы моцна здзіўляюцца, калі бачаць на вуліцах еўрапейскіх гарадоў незвычайнай формы сталы: як для настольнага тэніса, толькі з выгнутай паверхняй. Між тым, зборная Беларусі ў мінулым годзе ўдзельнічала ў міжнародных спаборніцтвах ва В’етнаме менавіта за такімі канструкцыямі. Адкуль такая дзіўная форма і як карыстацца сталом – чытайце ў артыкуле «Штодня».

Сталы для тэкбола ў Варшаве. Фота: warszawa.wyborcza.pl
Да такога стала патрэбна не ракетка, а… мяч, падобны да футбольнага. Канструкцыя нязвыклай формы створана для гульні пад назвай «Тэкбол».
Тэкбол – адносна новы від спорту, які аб’ядноўвае элементы футбола і настольнага тэніса. Гульцы б’юць па мячы, выкарыстоўваючы любую частку цела, акрамя рук, і перакідваюць мяч праз выгнуты стол. Правілы нагадваюць настольны тэніс, але мяч трэба кантраляваць з дапамогай тэхнікі футбольнага жангліравання.
Гульня была прыдумана ў Венгрыі ў 2014 годзе былым прафесійным футбалістам Габарам Боршані і праграмістам Віктарам Хусарам. Яны хацелі стварыць новы спорт, які дапамог бы футбалістам трэніраваць дакладнасць і рэакцыю. Ідэя аказалася такой удалай, што тэкбол хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце.

Фота: warszawa.wyborcza.pl
У 2016 годзе была заснавана міжнародная федэрацыя па тэкболе FITEQ. Зараз яна налічвае 122 нацыянальныя федэрацыі.
З 2017 года ладзяцца міжнародныя турніры. У 2024 годзе ва В’етнаме прайшоў чарговы сусветны чэмпіянат па тэкболе, у якім удзельнічалі 211 спартсменаў з 61 краіны, у тым ліку і з Беларусі. Турнір праводзіўся ў некалькі катэгорыях: мужчынскі, жаночы і змешаны залік, парныя гульні.
Ужо абмяркоўваецца наданне тэкболу статусу «Алімпійскага віду спорту».