Што вядома пра Алу Марціновіч, кватэру якой разграмілі ў Гомелі

by ZB

Па звестках праваабаронцаў з «Вясны», сілавікі выламалі дзверы, раскідалі і зламалі рэчы ў кватэры. Паведамляецца, што ў дачыненні да жанчыны распачата крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).

Фота: Ала Марціновіч

Што вядома пра Алу Марціновіч, чаму сілавікі ёй помсцяць.

  1. Ала Марціновіч — практыкуючы псіхолаг з 20-гадовым стажам, актыўны ўдзельнік пратэстаў.
  2. У яе дома і на працы ўжо адбываліся ператрусы, яна адбыла 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля гэтага яе звольнілі з працы.
  3. У 2022 годзе сілавікі затрымлівалі і яе дачку Ксенію, якую пазней аштрафавалі.
  4. Праз пераслед Ала Марціновіч у 2021 годзе была змушаная з’ехаць з Беларусі ва Украіну. У Кіеве яна была адной з арганізатараў праекта «Аблічча жаночага пратэсту», у межах якога беларускія ўцякачкі стваралі дызайнерскае тэматычнае жаночае адзенне.
  5. Цяпер яна жыве ў Нямеччыне, адкуль выкладала відэа з акцыі ў гадавіну пачатку шырокамаштабнай вайны ва Украіне.
  6. Марціновіч вядзе свой ютуб-канал, дзе выступае супраць вайны, у падтрымку Украіны, а таксама выказваецца па грамадска-палітычных пытаннях.
  7. У студзені 2024 года сілавікі прызналі экстрэмісцкім фармаваннем праект «ЛУКАвица». МУС абвясціў, што да фармавання мае дачыненне Ала Марціновіч.

Нагадаем, раней сілавікі хваліліся разгромам кватэраў рэдактара «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец і іншых. Сярод пацярпелых таксама блогер Андрэй Павук з Рудабелкі, а таксама маці загінулага каліноўца Паўла «Волата» Наталля Суслава з Гомеля.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png