У адной з сярэдніх школ Гомеля дапрацоўвае да пенсіі малазаўважны чалавек па прозвішчы Каціла. У гэтым мужчыне, які фатаграфуецца ў другім шэрагу на групавым фотаздымку педкалектыва, цяжка пазнаць асобу, якая стаяла ля вытокаў ідэалагічнай машыны Гомельшчыны.
Фота: сайт школы № 66. Паспрабуйце знайсці Кацілу тут
Дырэктар СШ № 66 Анатоль Каціла – асоба неардынарная. Яму доўгі час дазвалялася рабіць многае, што для іншых чыноўнікаў было недазваляльным. Ён мог і паслаць на тры літары публічна кандыдата ў прэзідэнты, і даць загад міліцыянтам на тое, каб яны арыштавалі якога-небудзь апазіцыянера. І гэта працягвалася да моманту, пакуль не сышла з палітычнага небасхілу зорка ягонага патрона – вядомага гомельскага функцыянера Аляксандра Якабсона. Як толькі ягонага шэфа ціха знялі з пасады, то і эксцэнтрычны Каціла паступова знік з гарызонту.
Дырэктар школы Анатоль Каціла. Фота: скрыншот з сайта школы № 66
Спачатку кіраваў праблемным прадпрыемствам “Палесдрук”, што само па сабе было кпінам з ягонай кар’еры. А пазней увогуле яго панізілі да дырэктара сярэдняй школы.
У апошні раз ён пра сябе нагадаў у 2020 годзе, калі падчас выбараў пагражаў незалежным назіральнікам праблемамі, выклікаў на іх міліцыю і абражаў публічна. Людзі, якія ўпершыню сутыкнуліся з такім хамскім стылем паводзінаў з боку дырэктара, насамрэч не ведалі, з кім яны маюць справу.
Залатыя “нулявыя”
Анатоль Каціла вядомы гомельскім апазіцыянерам старой генерацыі. У “нулявых” гадах, калі яго прызначылі на пасаду галоўнага ідэолага вобласці, ён адзначаўся вялікім імпэтам і прапаноўваў ідэі, якія на той час выглядалі дзікімі, але ў рэаліях 2025 года ягоныя тагачасныя падыходы – гэта мэйнстрым. Напрыклад, кіраўнікам універсітэтаў ён прапаноўваў у 2005 годзе “ўмацоўваць пярвічныя арганізацыі БРСМ, арганізоўваць радыёвяшчанне ў інтэрнатах, павялічваць сярод выкладчыкаў і студэнтаў падпіскі на дзяржСМІ”.
У 2007 годзе ён пайшоў яшчэ далей: увёў практыку прысягі на вернасць для журналістаў галоўнага прапагандысцкага выдання вобласці “Гомельская праўда”. Як паведамлялася ў выпуску газеты №134 за 28 жніўня ў нататцы «Высокая ацэнка журналісцкай працы» пра прыняцце на працу маладога журналіста Дзмітрыя Радзівона: «На фоне рэдакцыйнага сцяга ён даў слова сваёй працай памнажаць добрую славу газеты, трымаць у чысціні пяро журналіста, падаваць прыклад заўсёды і паўсюль». Чым не прадвесце цяперашніх ваенных збораў для дзяржаўных журналістаў і пяціхвілінак нянавісці а-ля Азаронак?
Прыгадаем тры выпадкі, калі галоўны ідэолаг Гомельшчыны Анатоль Каціла асабіста ўдзельнічаў у рэпрэсіях і агрэсіўна паводзіў сябе ў дачыненні да апанентаў улады.
Яблык ад яблыні
Анатоль Каціла, згодна базе “Кіберпартызанаў”, паходзіць з горада Ліда Гарадзенскае вобласці. Прынамсі, там былі прапісаныя ягоныя бацькі. І там дагэтуль жыве ягоны сын Антон. Што праўда, стаўленне ў мясцовых людзей да сына былога ідэолага вельмі супярэчлівае. І гэта лёгка зразумець, бо Антон Каціла служыць у міліцыі, прычым ягонае прозвішча фігуруе ў розных спісах асобаў, якія спрычыніліся да рэпрэсій у дачыненні да мірных беларусаў.
Каціла-малодшы. Фота: “Дзікае паляванне”
9 жніўня 2020 года старэйшы сяржант міліцыі Антон Каціла ўдзельнічаў у разгоне маштабнай акцыі пратэсту, якая праходзіла ў цэнтры Ліды. Пазней ён меў дачыненне да пераследу вядомага актывіста Вітольда Ашурка, які трагічна загінуў 21 мая 2021 года ў шклоўскай калоніі. Менавіта ягоныя абвінавачанні ляглі ў аснову крымінальных справаў Вітольда, якія закончыліся ракавым прысудам.
Вітольд Ашурак. Фота: Гарадзенская праваабарона
Як распавядаюць сябры Вітольда Ашурка, Каціла-малодшы быў сведкам на закрытым судзілішчы над Вітольдам. Згодна ягоным паказанням, Вітольд нібыта ўдарыў міліцыянта ў жывот пры затрыманні і той перажыў з тае прычыны “страданія і мукі”. Тады Вітольду, акрамя 5 гадоў, асобна прысудзілі 1500 руб кампенсацыі “пацярпеламу”.
А насамрэч усё было інакш. Калі 9 жніўня ў Лідзе каля райвыканкама стаялі людзі, каля апоўначы падагналі пажарныя машыны і пачаўся разгон, тады міліцыянты кінуліся ўшасцёх на Вітольда. У той мітусні, шэсць на аднаго, Вітольд, згодна з паказаннямі Кацілы, лежачы на зямлі, ударыў таго нагою ў жывот і той ледзь не памёр ад гэтага. А насамрэч, як казалі сведкі, “уладаахоўнікі” ўшасцёх малацілі Вітольда.
Такім чынам, міліцыянт Антон Каціла мае наўпроставае дачыненне да рэпрэсій адносна Вітольда Ашурка. Дарэчы, цяпер гэты хлопец мае званне лейтэнанта міліцыі. І яго запрашаюць мясцовыя ўстановы адукацыі праводзіць лекцыі дзецям наконт прафілактыкі супрацьпраўных дзеянняў.
Але, як вядома з інфармацыі берасцейскай “Вясны”, спіс ахвяраў міліцыянта не абмяжоўваецца Вітольдам. Так, у 2023 годзе на паўтара года агульнага рэжыму асудзілі берасцейца Дзмітрыя Гарбунова, які ў чэрвені 2021 года ў Інтэрнэце пад фотаздымкам лідскага міліцыянта Кацілы Антона напісаў кароткі каментар са словам “мудзіла”. Пацярпелы міліцыянт спагнаў з аўтара допісу 2000 рублёў маральнай кампенсацыі.
Нягледзячы на рэпрэсіі, жыхары Ліды спрабуюць ушаноўваць свайго земляка Вітольда, якога многія лічаць героем. “Вітольд застанецца ў светлай памяці добрых людзей надоўга. А злыя яго і дагэтуль баяцца. Міліцыянты штогод у гадавіну забойства дзяжураць на могілках у Бярозаўцы. Але людзі ідуць і едуць з розных гарадоў з жывымі кветкамі”, – распавёў нам мясцовы актывіст.