Жыхары Брагінскага раёна знайшлі савянятаў, якія выпалі з гнязда і паспрабавалі разабрацца, што рабіць у гэтай сітуацыі. Эксперты кажуць, што ў большасці выпадкаў лепей не ўмешвацца.
Тлумачэнне абласной дзяржаўнай газеце далі ў камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
- Гэта звычайная з’ява для вясны і пачатку лета.
«У большасці відаў птушаняты з’яўляюцца слабымі і доўга рыхтуюцца “ўстаць на крыло”. Часцяком яны пакідаюць гняздо значна раней, чым навучацца добра лётаць, – тлумачыць намеснік аблкампрыроды Павел Новікаў.
У выніку «злёткі» скачуць па зямлі і не могуць узляцець. Але ў 99% выпадкаў птушкі не патрабуюць дапамогі чалавека. Яны падаюць голас, там іх знаходзяць бацькі і кормяць.
- Часцей за ўсё падабраныя людзьмі птушаняты гінуць. Акрамя таго, падбор злётка лічыцца выключэннем з прыроды, за яго могуць пакараць.
- Спецыялісты прапануюць наступны алгарытм дзеянняў: пабачылі злётка за горадам – сыходзьце, калі ў горадзе – залежыць ад месца. Калі яно небяспечнае (шмат людзей, сабакі) можна акуратна перанесці птушаня да бліжэйшых дрэваў, падсадзіць на галінку, падкінуць на казырок пад’езда ці дах гаража. Не варта яго карміць.
- Дапамагаць варта, калі птушка раненая. Чыноўнікі ў такім выпадку раяць тэлефанаваць на 115 ці ў Мінпрыроды і абяцаюць склікаць камісію, якая прыедзе да птушаня і прама над ім вырашыць, што рабіць далей.
Эколагі з «Аховы прыроды» кажуць, што ўсё ж дапамагчы відавочна раненай птушцы можна: варта патэлефанаваць у Мінпрыроды, атрымаць дазвол і пасля адвесці яе ў ветклініку.