Што не так з беларускімі прадуктовымі кірмашамі

Часовы кірмаш – выдатная форма арганізацыі продажу. Для наведвальнікаў гэта адначасова і магчымасць набыць тое, чаго не купіш у звычайнай краме, і культурніцкае мерапрыемства. Для вытворцаў – не толькі дадатковы даход, але і рэклама. Паглядзелі, як у гэтым годзе адбывалася самае вялікае на Падляшшы Свята сыру і параўналі, як кірмашы арганізуюцца ў Гомелі.

 

 

Свята сыру – гэта не проста арганізаваная пляцоўка для продажу. Гэта сапраўднае, зладжанае ў кааперацыі дзяржаўных структур з дробнымі вытворцамі і рамеснікамі, свята пад адкрытым небам.

 

 

Майстар-класы па сыраварэнні і гатаванні розных страў, прэзентацыя кніг (і не толькі кулінарных), дэгустацыі рамесных сыроў, каўбас, хлеба і іншага.

 

 

Выбар сыроў – неверагодны. Колькасць гатункаў – не падлічыць. Усё па традыцыйных рэцэптах, без хімічных дадаткаў, што паскараюць працэс вытворчасці. Вырабы цалкам адпавядаюць статусу «эка». Рэдка хто сыходзіў з кірмашу, нічога не набыўшы.

 

Не толькі сыры, але і ўся гама малочнай прадукцыі.

Вэнджанае мяса, каўбасы, рамесны хлеб на заквасцы. Усё можна было спачатку пакаштаваць, каб выбраць найбольш для сябе смачнае.

 

 

Сапраўдны квас ці папулярны колісь, але амаль зніклы са сталоў як палякаў, так і беларусаў, пітны мёд (было б добра, каб і ў Беларусі пачалі аднаўляць гэтую галіну). Выбар ліманаду – на самы розны густ, усё без цукру, фарбавальнікаў і штучных араматызатараў.

 

 

Ёсць дзе прысесці адпачыць ці з цікавасцю правесці час. Хапае кропак з гарачым харчаваннем. Дарэчы, адбывалася свята ў скансэне (Гомель, пры неверагодным багацці драўлянай архітэктуры, чагосьці аналагічнага так і не дачакаўся).

 

 

З Дня сыра выходзіш з адчуваннем таго, што пабываў на самым сапраўдным свяце.

Галоўная праблема, якую вырашае такі кірмаш – магчымасць непасрэднага кантакту дробных вытворцаў і пакупнікоў. Рамеснікі з невялікімі аб’ёмамі вытворчасці не могуць сабе дазволіць фірмавыя крамы. Часцей за ўсё продаж арганізаваны непасрэдна ў сядзібе вытворцы. Магчымасці дастаўкі так сама абмежаваны – часам замовы развозяць самі фермеры, на недалёкую адлегласць.

Зручная такая форма гандлю і для пакупнікоў. Калі жадаеш набываць пераважна фермерскія экалагічныя прадукты, трэба шукаць прадаўцоў па сацсетках і купіць у адным месцы – мяса, у другім – зеляніну і г.д. На кірмашы ёсць магчымасць купіць усё адначасова. Як у гіпермаркеце, толькі якасць тавараў не параўнаць. Да таго ж рамеснікі ахвотна распавядуць пра свае тавары і дапамогуць выбраць тое, што трэба.

Канешне, кірмашы для гомельцаў не навінка. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў такія мерапрыемствы ладзіць, на прыклад, Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Але трохі з іншай мэтай – хутчэй як дадатак для спатканняў бізнесоўцаў. Пры тым, што тут можна набыць сапраўды годныя рэчы, напрыклад, заплечнік з натуральнай скуры ці керамічныя вырабы, арганізацыю месцаў продажу сучаснай не назавеш – гэта прымітыўныя палаткі ці сталы. Не адчуваецца тут свята, няма цікавых для фізічных асоб імпрэз. Да таго ж рамеснікі прадстаўляюць пераважна не харчовыя тавары (выключэнне, хіба што, мёд, які можна прадаваць на адкрытым паветры і без лядоўні). У краме такіх тавараў не купіш, але замовіць праз інтэрнэт можна ў любы момант. Рамесныя харчовыя тавары – а менавіта іх цяжэй за ўсё набыць (і прадаць) па-за кірмашом – сюды не трапляюць. У выніку выходзіш з такога кірмашу з адчуваннем нейкага расчаравання і няспраўджаных надзей.

 

Выстава-кірмаш, арганізаваны БелТПП. Фота: belta.by

 

У Гомелі было некалькі спроб арганізаваць менавіта харчовыя кірмашы. Напрыклад, Дзень малака. Але да ўдзелу запрашалі буйных дзяржаўных вытворцаў. Наведвальнікі тут пабачаць тое ж, што і ў любой краме. Для буйнога вытворцы гэта больш ідэалагічная, чым камерцыйная ініцыятыва. Выдаткаў на арганізацыю шмат, а прадаць атрымаецца хіба што марожанае – навошта цягнуць здалёк тое, што прадаецца ў краме ля дому? Праблему рэалізацыі тавараў дробнымі вытворцамі такі кірмаш не вырашае. Няма той разнастайнасці і крэатыўнасці, з якой паадходзяць да ўпакоўкі і аздаблення месцаў продажу рамеснікі, каб выдзеліцца на фоне канкурэнтаў.

 

Дзень малака ў Гомелі. 2025. Фота: belkagomel.by

 

Куды лепей выглядаюць гомельскія кірмашы, арганізаваныя прыватнымі ініцыятывамі. Тут усё сучасна, крэатыўна, дапоўнена добрай музыкай і інтэр’ерам. За атмасферай свята – сюды. Але і тут прысутныя пераважна нехарчовыя тавары.

 

 

Да таго ж, абмежаваныя арганізацыйна-гаспадарчыя магчымасці прыватных ініцыятыў не дазваляюць зрабіць такія маштабныя мерапрыемствы, як бы гэта было пры спалучэнні намаганняў дзяржаўных устаноў, буйных фондаў і дробных фермераў ды рамеснікаў.

І на Гомельшчыне, і ў Беларусі ў цэлым хапае дробнага бізнесу, што стварае экалагічнае харчаванне вышэйшага гатунку. Рамесная мяса-малочная прадукцыя і хлеб, сырадаўлены алей, крафтавыя шакалад ці піва – усё, што заўгодна. Але не хапае добрай арганізацыйнай ініцыятывы, якая б дазволіла вытворцам быць бліжэй да пакупнікоў, а пакупнікам – зрабіць сваё харчаванне больш карысным і разнастайным.

 

Штодзень

Слайдар пастоў