Праваабаронца тлумачыць, што азначае статус экстрэміста ў калоніі

Палітзняволеную журналістку Ларысу Шчыракову занеслі ў так званы “спіс экстрэмістаў”. Паводле праваабаронцаў, такі статус негатыўным чынам паўплывае на ўмовы ўтрымання чалавека ў месцах зняволення. “Штодзень” звярнуўся да праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які нядаўна выйшаў з калоніі, каб ён патлумачыў, што чакае Ларысу Шчыракову ў турме.

Леанід Судаленка:

— Кожнага палітычнага, хто заязджае ў “зону”, чакае “жоўтая бірка” экстрэміста. Гэта азначае асабліва пільны нагляд з боку адміністрацыі. Інакш кажучы, зняволенага з “жоўтай біркай” заўжды будуць заўважаць супрацоўнікі адміністрацыі і прымаць у дачыненні да яго меры.

Палітычных у калоніі будуць часцей турбаваць на праверках. Калі звычайныя вязні правяраюцца два разы ў суткі, то палітычных будуць кантраляваць дадатковымі праверкамі. Будуць пастаянна прыходзіць да яе кантралёры з відэарэгістратарамі.

Людзі з “жоўтымі біркамі” займаюць найгоршыя месцы для сну. Нават калі на ніжнім ярусе будуць вольныя месцы, то для “экстрэмістаў” будуць выдзеленыя верхнія палічкі. Незалежна ад узросту і стану здароўя.

Адміністрацыя калоніі зробіць усё, каб палітычныя сталі парушальнікамі. Знойдуць заўжды парушэнне: не павітаўся, гузік не зашпіліў… На роўным месцы знойдуць тысячу парушэнняў. Некаторыя з палітычных стануць “злоснымі парушальнікамі”, у выніку чаго могуць прымяніць артыкул 441 КК (злоснае непадпарадкаванне), што дае магчымасць дадаваць тэрмін зняволення.

Калі палітычны трапляе ў статус “злоснага парушальніка”, не атрымлівае ніводнага працяглага спаткання з сям’ёй, ніводнага дазволу на відэазванкі. Акрамя гэтага, яго чакае памяншэнне штомесячнай атаваркі ў краме. Звычайныя вязні могуць траціць 6 базавых, а для “злосных” — да 2 базавых. Гэта вельмі малая сума, бо не ведаеш, што купіць: 1 кг цыбулі ці 1 кг яблыкаў.

Забараняецца перапіска. Да “экстрэміста” ніводзін ліст не дойдзе. Толькі ад родных.

Будуць дазваляцца 4 званкі на месяц (па 10 хв.), але палітычных праслухоўваюць аператыўныя работнікі, якія сядзяць побач і слухаюць. Тэмы вайны, Украіны, палітыкі забараняюцца. Калі нешта такое прагучыць, закрыюць у ШІЗА.

Амністыя не будзе распаўсюджвацца на палітычных. Таксама не варта чакаць замены пакарання на больш мяккі рэжым і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

 

Штодзень

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса