Школы і садок з малатка: паглядзелі, якія аб’екты адукацыі ўлады збіраюцца прадаць у пачатку жніўня

by ZB

Хоць абласныя ўлады хваляцца, як шмат школаў яны адкрылі за 30 год, сітуацыя ў гэтай галіне даволі сумная – нават на бліжэйшых двух аўкцыёнах будуць спрабаваць прадаць яшчэ некалькі закінутых школаў, садок і лагер. А таксама адміністрацыйныя будынкі, дыспансер, фельчарскі клуб, бібліятэку.

З малатка хочуць пусціць базавую школу ў аграгарадку Засінцы (Ельскага раёну). Патрабаванні па мэтах выкарыстання не выстаўляюць, але будынак даволі спецыфічны – выцягнуты з вялікай колькасцю вокнаў і калонамі. Школа працавала ў Засінцах амаль 100 год і была закрыта ў 2021 годзе.

Школа ў Засінцах

 

Будуць таксама прадаваць школу ў вёсцы Багуцічы таго ж Ельскага раёну.

Вясковая школа працавала таксама доўгі час з пачатку 20 стагоддзя, падобна, што яна не працуе ўжо вельмі доўгі час – прынамсі ёсць фота з забітымі вокнамі ад 2011 года. Ды і на аўкцыён выстаўляецца будынак не ўпершыню.
Пачатковы кошт кожнай са школаў – 40 рублёў.

Сярэднюю школу з кацельнай прадаюць у вёсцы Астражанка Лельчыцкага раёну. Яе раней называлі інвестыцыйнай пляцоўкай і спрабавалі здаць у арэнду. Школа, па неафіцыйных звестках, закрыта ўжо 10 год. Пачатковы кошт 320 рублёў.

Школа ў Астражанцы

 

Школа-сад прадаецца ў вёсцы Буда-Сафіеўка таго ж Лельчыцкага раёну. У розных крыніцах паведамляецца, што ўстанова была зарэгістраванае ў рэестры ў 2009 годзе і закрытая з 2018 года. Можа быць, нават паспела патрапіць у колькасць адкрытых за 30 год школаў у вобласці. Пачатковы яе кошт 160 рублёў.

На аўкцыёне таксама хочуць прадаць абаронна-спартыўны аздараўленчы лагер у аграгарадку Буйновічы. З якога часу ён не працуе, невядома. Будынак ужо спрабавалі прадаць у 2021 годзе (за 1 базавую), а пасля 2023-м (за 37 рублёў), абвяшчалі інвестыцыйнай пляцоўкай. Але такі актуальны для беларускай дзяржаўнай ідэалогіі «абаронны лагер» (у аналагічных праводзяць прапагандысцкія вайсковыя змены) нікога не зацікавіў.

У будынка лагера адсутнічаюць камунікацыі, для іх аднаўлення раней патрабавалася амаль 70 тысячаў рублёў. Аднак пачатковы кошт лота – 40 рублёў.

Статыстычныя звесткі пра пазітыўную дынаміку адкрыцця школ апублікавала галоўнае дзяржСМІ вобласці «Гомельская праўда»: З 1994 года на Гомельшчыне з’явіліся 44 новыя школы ці прыбудовы да іх, а таксама 23 дзіцячых садкі. Па-першае, гэта ў якія такія часы ўлічваюцца прыбудовы? Па-другое, «Штодзень» паглядзеў статыстыку па закрытых школах, і карціна адразу становіцца не такой вясёлай.

Цяпер паглядзім на статыстыку закрытых школаў. На пачатак навучальнага 2023 года, па звестках Белстата, у Гомельскай вобласці функцыянавалі 542 школы. Гэта значыць, што нават за год іх стала меней на 36. Гэта практычна перакрывае «дасягненне» адкрытых за 30 год.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png