Будынак адметнай архітэктуры, гісторыка-культурную каштоўнасць (канец ХІХ – пачатак ХХ ст.) прапануюць арандаваць у Гомелі.
Гаворка пра памяшканні па вул. Інтэрнацыянальнай, 10Б, якія належаць ААТ “СтанкаГомель”. Згодна з абвесткай на www.moyareklama.by, агульная плошча 353,2 м2 (тры склады, гандлёвая зала, два кабінеты і санвузел).
Здавалася б, даволі цікавая прапанова: цэнтр горада, побач праходзяць вялікія людскія патокі, незвычайнага выгляду будынак, але ахвотных пакуль няма. І падобна, што брак арандатараў – не проста збег абставін, а хутчэй вынік уздзеяння шэрага сацыяльна-эканамічных фактараў. Галоўны з іх – дамінаванне савецкіх, а не рыначных стэрэатыпаў у гаспадарчай дзейнасці.
Перад тым, як прапанаваць памяшканне ў арэнду, кіраўніцтва як прадпрыемства, так і горада (хай вас не ўводзіць у падман гучная назва “Адкрытае акцыянернае таварыства”, дэ-факта завод так і не стаў прыватным і належыць дзяржаве), павінны былі задумацца: “А хто рэальна можа ўзяць такое памяшканне ў арэнду?”
Малы і сярэдні бізнес наўрад ці будзе мець на тое фінансавую магчымасць. Чысты кошт квадратнага метра 11 руб., гэта няшмат, але з улікам вялікай плошчы набярэцца 3885,2 руб. Памер камунальных і эксплуатацыйных выдаткаў у аб’яве не пазначаны, але яны могуць удвая павялічыць азначаную суму. Стан забудовы занядбаны, патрэбны рамонт, хутчэй за ўсё не касметычны, а капітальны, з перапланіроўкай, каб адаптаваць прастору пад свае патрэбы. Гэта і само па сабе нятанна, а з улікам абмежаванняў, што накладае ахоўны статус будынка, кошт можа стаць астранамічным. Прэ гэтым на рынку камерцыйнай арэнды хапае сучасных офісаў, з рамонтам, невялікімі кабінетамі, паркоўкамі і г.д.
Буйны бізнес у Беларусі прадстаўлены ў значнай ступені дзяржаўнымі, утворанымі яшчэ ў савецкі час, прадпрыемствамі, якія свае непатрэбныя плошчы не ведаюць куды дзяваць. Пра арэнду дадатковых і гаворкі няма. Прыватны ж уласнік хутчэй пабудуе памяшканні, чым возьме ў арэнду. Бо бізнес у Беларусі – гэта гульня без правіл. Сёння ты робіш дарагі рамонт арандаванай прасторы, заўтра прыгожы, толькі па рэнавацыі, будынак, спатрэбіцца гораду на іншыя мэты і ўкладзеныя грошы табе ніхто не верне.
Не зразумелы і профіль працы патэнцыяльнага арандатара. Пад офіс такая плошча не патрэбна. Размяшчаць у цэнтры горада вытворчасць ніхто не стане. Для гандлю хапае вольных адмыслова пабудаваных памяшканняў (зусім побач прастойвае частка ГЦ “Галерэя” па вул. Катуніна). Да таго ж новых гандлёвых сетак у краіне не прадбачыцца, дзейсныя ўжо маюць дастатковую колькасць крам.
Раней гэткі будынак маглі б прыстасаваць пад статусны каворкінгавы цэнтр ІТ-кампаніі, але за апошнія тры, па прычыне масавагаа ад’езду айцішнікаў, гады гэтая галіна прыйшла ў заняпад.
Такім чынам, з перадачай памяшкання ў арэнду могуць узнікнуць цяжкасці. Што зрабіў бы ў такім выпадку прыватны ўласнік? Прадаў бы памяшканне. Прычым, згодна з правіламі рыначнай эканомікі, кошт быў бы прадыктаваны попытам. Стан будынка, размяшчэнне яго на шумнай магістральнай вуліцы (працаваць тут можна хіба што за шчыльна зачыненымі вокнамі), адсутнасць паркоўкі ці хаця б пад’езда для транспарту кліентаў і пастаўшчыкоў разам з ахоўным статусам будынка (надрабіць паверх ці перабудаваць памяшканне, напрыклад, будзе вельмі цяжка) мінімізуюць попыт. А значыцца, і кошт павінен быць невялічкім.
Але мы існуём у дамінаванні савецкіх наратываў, згодна з якімі прадаваць дзяржаўную ўласнасць, тым больш па мінімальным кошце, недапушчальна. Таму дзяржуласнік можа бясконца чакаць арандатара і марнаваць уласныя грошы, бо памяшканне трэба ацяпляць, вартаваць, своечасова рамантаваць (паспрабуйце пакінуць на зіму дзіравы дах, і ўжо ўвесну памяшканне можа настолькі прагніць, што стане непрыдатным да выкарыстання) і г.д.
Практыка перадачы непатрэбных будынкаў па мінімальным кошце ў Беларусі пакуль распаўсюджана толькі ў невялічкіх населеных пунктах. Падобна, што надышоў час рабіць нешта аналагічнае і ў буйных гарадах. Іначай, замест шыльд “кавярня” ці “крама”, гарадская прастора будзе поўніцца бясконцымі банерамі “Арэнда”.
Фота: www.moyareklama.by