Абароне правоў дзяцей у сённяшняй Беларусі надаецца шмат увагі. Кантроль за тым, як выхоўваецца падрастаючае пакаленне, настолькі моцны, што нават сем’і, дзе ўсё робіцца як належыць жывуць са страхам патрапіць у спіс нядобранадзейных. Аднак калі паглядзець на правы дзяцей шырэй (не толькі як на адсутнасць нейкага гвалту, забеспячэнне неабходнага камфорту і адукацыю), можна пабачыць праблемы ў самых нечаканых аспектах, напрыклад, медыйным і ідэалагічным. Падрабязней чытайце ў блогу “Штодня”.
Буйное развіццё тэхналогій не толькі дае новыя магчымасці, але і стварае новыя праблемы, пра якія яшчэ год 20 таму і гаворкі не было. Вы маглі ніколі не чуць выраз sharenting, але актыўна злоўжываць гэтым і ненаўмысна ствараць стрэсавыя сітуацыі для ўласных дзетак у будучыні.
Тэрмін Sharenting (шарэнтынг) выкарыстоўваюць для акрэслення залішне актыўнай дэманстрацыі бацькамі сваіх дзетак у інтэрнэце. Гэтая на першы погляд цалкам бяскрыўдная рэч можа быць даволі небяспечнай з розных бакоў гледжання.
Кантэнт бачаць не толькі тыя, каму яны адрасаваныя, але і розныя неадэкватныя асобы. Той жа педафіл можа выбіраць сабе ахвяру ў соцсетках і, дзякуючы метададзеным, падпільнаваць яе ў рэальным жыцці ля школы, ва дварэ ці парку – там, дзе быў зроблены здымак. А нярэдка і метададзеныя не спатрэбяцца, бо бацькі фатаграфуюцца побач з шыльдамі ўстановы, акую наведае дзіця, выкладаюць дыпломы, пасведчанні з назвай школы ці спартыўнай секцыі.
Бацькоўская любоў не мае межаў, уласнае дзіця любяць, і калі яно плача, і калі сядзіць на гаршку. Але тое, што ў дарослых выклікае замілаванне, можа стаць падставай для булінга ці насмешак. Здымак, дзе малеча ляжыць аголеная пасля купання, можа быць выкарыстаны кім заўгодна ў любых мэтах: на порнасайце (мо калі навукоўцы вынайдуць нейкую прышчэпку супраць педафіліі, але пакуль, на жаль, гэта не вырашальная праблема) ці, у будучыні, адрынутым каханкам/каханкай, што пераўтворыцца ў сталкера.
Судовая практыка ўжо мае прэцэдэнт прыцягнення бацькоў, што бяздумна размяшчалі такога тыпу фота дачкі ў Фэйсбук, да адказнасці. У 2016 годзе 18-гадовая дзеўчына з Аўстрыі была незадаволена тым, што сярод больш чым 500 здымкаў, выкладзеных у агульны доступ, былі і тыя, што абражаюць яе годнасць. На просьбы прыбраць кантэнт з сеціва старэйшае пакаленне не рэагавала. Але па рашэнні суда ўсё ж прыйшлося гэта зрабіць.
Кантэнт, размешчаны ў сацсетках, могуць выкарыстаць гэтак званыя лічбавыя кіднэперы, якія потым выдаюць скрадзенае за выявы ўласных дзетак. Робіцца гэта ў самых розных мэтах. Хтосьці так вырашае ўласныя псіхалагічныя праблемы, іншыя спрабуюць манетызаваць свой уліковы запіс. Сур’ёзным праблем гэта, здаецца, не стварае, але і прыемнага мала.
Нельга забывацца, што кожны размешчаны ў сеціве здымак пачынае жыць уласным жыццём. The New York Times распавёў пра выпадак амерыканскай з амерыканскай сямей. У 2005 годзе маці выклала здымкі дзяцей на адным сайце. А праз 14 год кантэнт пачаў выкарыстоўваць сэрвіс MegaFace. Не вельмі прыемна, калі тваё фота выкарыстоўвае безліч асоб, каб з іх дапамогай навучыцца распазнаваць твары напрыклад, пратэстоўцаў, на запісах камер.
Усё часцей бацькі выкарыстоўваюць кантэнт з дзецьмі для рэалізацыі ўласных амбіцый, каб атрымаць больш праглядаў і падабаек. Адна справа, калі выкладаюцца прыгожыя густоўныя рэчы, напрыклад, калі малеча добра спявае, танчыць і г.д. Ды й тутака не ўсё проста: так лёгка выгадаваць “зорку”, што з дзяцінства прызвычаеная да значнай увагі да сваёй персоны. Але як толькі дзіцё падрасце, яно перастане збіраць столькі каментарыяў і рэпостаў, гледачы зацікавяцца новымі дзецьмі. Яно адчуе сябе нікому не патрэбным. Такія моманты і дарослыя перажываюць цяжка, а для далікатнай дзіцячай свядомасці гэта можа перарасці ў сапраўдны крызіс.
Але зусім кепска, калі для папулярызацыі ўліковага запісу выкладваюцца не самыя прыгожыя моманты жыцця (калі дзіцё, напрыклад, паслізнулася і ўпала) ці малых прымушаюць рабіць нейкія неўласцівыя для іх рэчы (робяць макіяж маленькай дзяўчынцы як дарослай кабеце).
Канешне, раздзяляць радасць ад таго, як растуць дзеткі (асабліва ў беларускіх рэаліях, калі сем’і і сябры могуць быць раскіданыя па розных краінах, часам амаль без магчымасці пабачыцца) праз публікацыю здымкаў і інтэрнэце – неад’емная частка сучаснага жыцця. Гаворка не ідзе пра тое, каб увогуле гэтага не рабіць. Але трэба памятаць пра магчымыя наступствы і дэманстраваць сваё жыццё ў сеціве так, каб прадухіліць узнікненне праблем. Вось што варта памятаць.
Выкладаць дзіцячыя здымкі лепей у закрытых уліковых запісах, каб іх маглі пабачыць толькі рэальна знаёмыя вам надзейныя асобы. Выдаляйце метададзеныя (ці цалкам адключыце геалакацыю для здымкаў на вашай прыладзе).
Выкладайце толькі такія здымкі, за якія ў дарослым узросце дзіцяці не будзе сорамна. Мяжа паміж звычайным размяшчэннем здымка ў інтэрнэце і шарэнтынгам няўяўная і неакрэсленая. Правіл не існуе, толькі звычайная жыццёвая логіка. Выкласці малюнак з подпісам “Маё дзіця навучылася маляваць” – цалкам нармальная рэч, а вось замест таго, каб дзяліцца непрыгожым здымкам твару немаўляці з нейкім сыпам (у спадзяванні, што хтось падкажа метады лячэнне), лепей скіравацца да доктара. Калі ёсць нейкая нагода ці дасягненне, падзяліцца гэтым варта, але штодня посціць здымкі, сторыз і відэа без дай прычыны — не зусім адэкватныя паводзіны.
Медыйныя парушэнне правоў дзіцяці – праблема, актуальная для большасці краін. Парушэнне ж правоў праз рэалізацыю дзяржаўнай ідэалогіі – уласціва нашынская, беларуская, праблема. Але пра гэта – у наступным артыкуле.