Чыноўнікі і супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў Чыгуначнага раёну Гомеля вырашылі за бюджэтныя грошы зладзіць сабе свята – турзлёт. Больш за ўсё стараўся завод ліцця і нармаляў (ЗЛіН).
Усе ўдзельнікі мелі аднолькавыя новыя намёты для жыцця, а таксама нямала часу, сілаў і фінансаў пайшло на аздабленне лагеру на касмічную тэму. Прычым усю гэтую творчасць пабачыла хіба што камісія, якая і прысудзіла ім першае месца.
Сустракала журы група ў белых мешкаватых камбінезонах дружным: «Ку!». Забыліся арганізатары, што фільм «Кін-дза-дза!», адкуль яны запазычылі такі смешны ім зварот, высмейваў савецкую рэчаіснасць, да якой яны імкнуцца.
Другі важны элемент – шапачка з фольгі, якія надзелі і тыя, і тыя. Гэты галаўны ўбор выкарыстоўваецца быццам бы для абароны ад шкодных выпраменьванняў, крадзяжу думак і мазгоў. З іншага боку, гэтая самая шапачка ўжо даўно з’яўляецца вернай прыкметай прыхільнікаў сусветнай змовы.
І, канечне, было шмат пластыку. У тым ліку фотазона з касманаўткай Марынай Васілеўскай і Юрыем Гагарыным. Не варта гадаць, што гэтыя абедзве фігуры хутка знойдуцца на сметніку, дзе будуць раскладацца гадоў 100-200.
Завод ліцця і нармаляў – адно з самых рэпрэсіўных прадпрыемстваў гораду. Хіба за гэта ў лістападзе 2023 года намеснік кіраўніка МУС, адыёзны сілавік Мікалай Карпянкоў уручыў грамату дырэктару гомельскага ЗЛіН Андрэю Кузняцову.