“Сапраўдную радасць мне прыносяць няўдачы ворага”: чым цяпер жыве Lesley Knife

by ZB

Уладзіслаў Наважылаў, фронтмэн метал-гурта Gods Tower, ужо паўтара года жыве ў вымушанай эміграцыі. Ён уцёк з Беларусі пасля прысуду ў тры гады “хіміі” за абразу чыноўніка.

Мова Гомель пагаварыла з музыкантам, які цяпер жыве ў Вільні, пра яго сённяшняе жыццё і думкі.

Якое ў вас цяпер адчуванне сябе: музыкант у эміграцыі, у часовай эміграцыі? Як вы сябе адчуваеце праз паўтара года на тым месцы, дзе вы цяпер ёсць?

– Калі так ужо сумленна казаць, то адчуванне такое: стомлены, злы чалавек, які парваў бы тых, хто вінны ў гэтай эміграцыі, на кавалкі, але не мае такой магчымасці. Проста ў мяне на першы план выходзіць цяпер нешта чалавечае, а не прафесійныя якасці. Так, я музыкант, але я не найлепшы музыкант у Беларусі, таму насіцца са сваім музычным статусам як з торбай, гэта такое сабе… Я і музыкант, я і бацька, у мяне сыны ёсць. А калі абагульваць, то так, я проста стомлены, злы чалавек. Гэта не значыць, што я здаюся.  Мы зараз усе стомленыя.

У псіхічным плане найперш, але і ў фізічным, напэўна, таксама…

– Гэта заўсёды выходзіць на першы план, думаеш, дзе б сіл узяць, дзе б узяць тое-сёе. Але потым глядзіш на іншых людзей, найперш на ўкраінцаў глядзіш, думаеш, ну яны ідуць наперад, трэба і нам. А потым глянеш на Кацю Ваданосаву, у якой эміграцыя і ўсе справы, а яшчэ і рак. Глянеш так і думаеш, ну добра, і я  так мушу. Але вось гэтае адчуванне, што ты проста фізічна і ментальна стаміўся, яно не пакідае, яно проста пераследуе. Не ведаеш, як матывавацца зранку, кава ўжо не дапамагае.

Знаходзячыся ў эміграцыі, як часта вяртаецеся думкамі ў Беларусь?

– Вельмі часта насамрэч. Асабліва, калі ездзіш па Еўропе, параўноўваеш тое, што атрымалася ў еўрапейцаў. А ездзіш не па Германіях і Вялікабрытаніях, а ў Чэхію, Польшчу, краіны, якія 25 гадоў таму мелі з намі роўныя стартавыя ўмовы. І дзе цяпер яны, і дзе мы. Вось гэта вось стамляе і зліць насамрэч. Тут яшчэ такая справа, што я хоць маю піетэт да літоўскай нацыі, культуры, мовы, да Літвы наогул, я не збіраюся станавіцца літоўцам. Я застаюся беларусам, я хачу быць беларусам, я хачу ў Беларусь.  Там можна развярнуцца і нешта зрабіць. Палова мазгоў і душы ўвесь час у Беларусі ўсё роўна.

Калі ўзгадваеце родны Гомель, па чым найбольш сумуеце, куды б найперш пайшлі, калі б ужо з’явілася такая магчымасць?

– Найперш схадзіў бы ў парк Паскевічаў. Але Гомель для мяне найперш тусоўка музычная, унікальны гомельскі дух музычны, але таксама літаратурны, мастацкі. Гомель – гэта такое месца сілы.

Гомель у мяне атаясамліваецца з музыкай і літаратурай насамрэч. У мяне мала асацыяцый з архітэктурай і геаграфічнымі кропкамі, для мяне гэта было заўсёды фонам. Мяне цікавяць людзі. У мяне заўсёды, калі пытаюцца, што найлепшае ў Літве ці што найлепшае ва Украіне, я заўжды адказваю, што ў Літве найлепшае – гэта літоўцы, а ва Украіне – украінцы. За гэтыя паўтара года я проста беспрэцэдэнтна пачаў разумець каштоўнасць чалавечага жыцця, чалавека як адзінкі.

Вы сказалі, што вось злосць перапаўняе. Ці можа быць злосць стымулам, творчым выклікам для вас як музыканта, злосць абязвольвае, ці наадварот надае больш сілаў?

– Насамрэч ні тое і ні іншае. Сама па сабе злосць ці любая негатыўная рэакцыя не могуць даваць імпульсу для стварэння музыкі, літаратуры. Адзінае, дзеля чаго можна рабіць мастацтва – гэта людзі. Гэта робіцца для людзей, або не робіцца наогул. Калі ты робіш гэта толькі для сябе, то насамрэч ты робіш не канчатковы твор, а эскізы. Твор робіцца для людзей, а для людзей ты ўкладаеш толькі пазітыўныя эмоцыі. Ведаеце, калі вы набываеце мексіканскі бурыта, там шмат перцу. Вось шмат перцу – гэта кшталту злосці і ёсць. То бок злосць – гэта прысмак, а ў чыстым выглядзе яна не дапамагае нічога рабіць, хоць і не перашкаджае, яна надае нейкія адценні ў тое, што ты робіш, дапамагае надаваць вектар тваёй творчасці. Але дом на гэтым не пабудуеш.

На сённяшні дзень музыка – гэта наколькі вялікая частка вашага жыцця, наколькі ёсць магчымасць займацца музыкай?

– Усё сітуатыўна насамрэч. Не заўжды ёсць магчымасць. Музыкі слухаў шмат і слухаю, не адмаўляюся ад ніякіх амаль праектаў, куды мяне запрашаюць. Гэта дазваляе трымаць сябе ў форме. Але мне больш зараз спадабаецца студыйная праца, то бок сцэна для мяне больш не першасная. Мабыць, гэта ўзрост, а мабыць проста нейкая пазіцыя. Мяне больш цікавіць, каб з’яўляліся ў Беларусі новыя музыканты маладыя. Не хацелася б, каб музычная традыцыя, а ў Беларусі яна вельмі моцная, у нас вельмі індывідуальныя музыканты, перапынялася. З іншага боку, я яшчэ здольны нешта зрабіць, і калі можаш нешта выдаць, то навошта гэта хаваць? Вось такія справы.

Але ці ёсць магчымасць маладым музыкантам цяпер у Беларусі з’яўляцца?

– Мне цяжка гэта каментаваць, бо я сам зараз не ў Беларусі. Больш за тое, лічу, што ў мяне няма проста маральнага права нешта ментарскім тонам казаць: рабіце тое-сёе. Зараз людзі жывуць у канцлагеры. Іхная задача – не напісаць новую музыку, зняць кіно, у іх зараз адна задача – выжыць. А колькі гэта працягнецца? Мы можам адзінае, што рабіць, гэта падтрымліваць нашу павестку інфармацыйную беларускую ў свеце, і гэтым мы займаемся. Карацей, лупім у рондаль, каб нас пачулі. Хутчэй бы закончыўся гэты канцлагер, тады і музыканты пачнуць новыя з’яўляцца, і паэты, і кіно пачнуць здымаць, пачнецца росквіт самы натуральны.

А што можна зрабіць, каб мы ў эміграцыі заставаліся беларусамі, і каб культура выжыла ў эміграцыі? Якія найменшыя крокі?

– Па-першае, у эміграцыі збольшага людзі з бэкграўндам, музыканты, творцы, прамыслоўцы. Рабіць мы павінны тое, што мы ўмеем. Рабі тое, што можаш, старайся рабіць гэта сам, каб не забіраць патрэбныя іншым людзям рэсурсы. Але калі патрэбная дапамога, не трэба бянтэжыцца прасіць. Калі бярэш – быць удзячным. Тады мы зможам стварыць талаку, зможам перажыць цяжкі час і распавесці свету пра беларусаў. Мы тады будзем самастойнымі, крэпкімі і ўдзячнымі адзін аднаму, што вельмі важна. Мы створым нейкі запас, не будзем страчваць рэсурсы.

Зараз мы павінны рабіць так: кожны беларус павінен быць самастойнай і творчай адзінкай.

Таму што насамрэч беларусы нікому не патрэбныя. Мабыць, гэта і добра, мы станем дарослай нацыяй, зразумеем, што няма ніякіх братоў, ёсць толькі суседзі, ёсць толькі сябры. Усё ў нашым руках.

Што вам дае радасць на сённяшні дзень у жыцці. Вы казалі пра стомленасць, злосць, але месца для радасных момантаў павінна быць?

– Напэўна, я троху аскацініўся, можа, гэта вайна паўплывала. Зараз адзінае, што сапраўдную радасць мне прыносіць, — гэта няўдачы ворага. Калі ворагам нашым кепска і балюча, тады мне прыемна. Гэта пэўна чалавечая штука. Я, канешне, не на лініі фронту, але я адчуваю гэты боль. І ў гэтым вектары і думаю.

 

Мова Гомель, адмыслова для Штодзень 

Фота: Фэйсбук Уладзіслава Наважылава

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png