Санкцыі і страты сусветных рынкаў: жлобінскі прамысловы гігант БМЗ святкуе 40-годдзе

by ZB

15 кастрычніка 1984 года на суперсучасным па тых мерках заводзе БМЗ ажыццявілі першую плаўку метала. Так пачыналася гісторыя беларускай прамысловай металургіі.

Фота: belsteel.com

Беларускі металургічны завод у Жлобіне быў пабудаваны замежнымі фірмамі “Фэст-Альпіне” (Аўстрыя) і “Даніэлі” (Італія), што па тых часах было зусім не тыповай справай. Першапачатковая магутнасць прадпрыемства, як ставілі задачу стваральнікі, павінна была складаць да 700 тысяч тон сталі на год.

“Калі 40 год таму прадпрыемства вырабляла 700 тысяч тон сталі на год, то цяпер – у чатыры разы больш! Мы паспяхова рэалізуем прадукцыю на знешніх рынках…”, – аптымістычна ў прэс-рэлізах дае справаздачу цяперашні кіраўнік БМЗ Дзмітрый Корчык.

Аднак за гады існавання БМЗ не заўжды было бясхмарна. Завод пераадолеў некалькі маштабных крызісаў, неаднаразова быў на мяжы банкруцтва, пра што цяперашняе начальства не надта любіць узгадваць.

Як аналізаваў бягучую сітуацыю на заводзе былы галоўны энергетык прадпрыемства, аўтар каля 150 рацыяналізатарскіх прапаноў, дэпутат Вярхоўнага савета ХІІІ склікання Марат Афанасьеў (памёр ад сардэчнага прыступу ў 2016 годзе), “у каматозны стан БМЗ да 2015 года ўпадала тры разы”.

Марат Афанасьеў . Фота: E-прамова

Першы крызіс БМЗ здарыўся на пераломе 1980-х і пачатку 1990-х. Праблемы на заводзе былі выкліканыя пераходам ад планавай гаспадаркі да рынкавай, аднак, улічваючы сучасныя лініі вытворчасці і запатрабаванасць прадукцыяй, БМЗ выжыў і працягваў заставацца адным з найбольш канкурэнтаздольных прадпрыемстваў Беларусі і постсавецкай прасторы.

Другі крызіс меў месца ў 2003-м і быў звязаны з падзеннем цэн на самую хадавую прадукцыю завода – арматуру. Кошты ўвадначассе абваліліся да 300 долараў за тону і не перавышалі выдаткаў на яе вытворчасць. Вывесці завод на рэнтабельнасць атрымалася не адразу. “Цана на арматуру вырасла ў 2005 годзе і паднялася да 500 долараў за тону, а на асобныя віды металакорда – да 1600 долараў за тону. Максімальная выручка завода ў той час нават перавысіла 2 млрд долараў, што склала больш за 3% ВУП краіны”, – пісаў у адным з аналітычных артыкулаў Марат Афанасьеў.

У наступнае крызіснае піке завод увайшоў пасля 2014 года, калі пасля непрадуманай мадэрнізацыі і будаўніцтва некалькіх новых вытворчасцей БМЗ зноў па эканамічных паказніках наблізіўся да банкруцтва. “За апошнія гады (гаворка ішла пра некалькі год да 2014 года – Рэд.) у непрадуманае будаўніцтва новых аб’ектаў было ўкладзена каля 1,2 млрд долараў, і 2014-ы завод скончыў з сумнымі вынікамі… Рэнтабельнасць вытворчасці склала 0,7%, атрыманы прыбытак – 10 млн долараў пры агульным аб’ёме рэалізаванай прадукцыі трошкі больш за 1,5 млрд долараў. Пасля выплаты падаткаў і вылікаў за частку атрыманых раней крэдытаў чысты прыбытак завода склаў мінус 63 млн долараў. Пры гэтым крэдыторская запазычанасць завода дасягнула 1,03, млрд долараў”, – канстатаваў Марат Афанасьеў у артыкуле “Ситуация на БМЗ аховая — доуправлялись!”

На дадзены момант БМЗ перажывае чацвёрты маштабны крызіс, які выкліканы, аднак, наступствамі вайны. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ на тэрыторыю Украіны на краіну-агрэсар былі накладзеныя санкцыі. 12 мая 2023 года Украіна таксама ўвяла санкцыі супраць БМЗ, а ў жніўні абмежаванні на прадукцыю гіганта наклалі краіны Еўрапейскага Саюза, ЗША і іншых дэмакратычных дзяржаваў. Генеральны дырэктар завода Дзмітрый Корчык і звязаная з БМЗ кампанія BEL-KAP-STEEL таксама знаходзяцца ў санкцыйным спісе ЗША. Вынікам такой сітуацыі стала пераарыентацыя і замыканне БМЗ на рынак РФ. Так, паводле апошніх статыстычных дадзеных, каля 60% прадукцыі БМЗ экспартуецца ў Расею.

А яшчэ зусім нядаўна, па выніках 2020 года, прадукцыя жлобінскага прадпрыемства экспартавалася ў 13 краін Еўразвязу. У прыватнасці, пастаўкі ажыццяўляліся ў Іспанію, Францыю, Славенію. Агулам доля рынку ЕЗ у агульным аб’ёме экспарту БМЗ перавышала 45%.

Між тым, яшчэ ў красавіку намеснік гендырэктара прадпрыемства Уладзімір Чавус прызнаваў, што ў пачатку гэтага года прадпрыемства мела «некаторыя перабоі» з пастаўкамі сыравіны. Вырашаць іх атрымалася толькі ў сакавіку.

А ў траўні заводу давялося атрымліваць крэдыт «для вытворчасці і продажу тавараў арганізацыям – нерэзідэнтам Беларусі». І гэтую пазыку прадпрыемства атрымлівае другі год запар.

Такім чынам, за сваю 40-гадовую гісторыю БМЗ у чарговы раз сутыкаецца з сістэмным выклікам, які, аднак, абумоўлены не неспрыяльнай знешняй эканамічнай кан’юнктурай і не ўласнымі памылкамі ў менеджменце, а форс-мажорам у выглядзе вайны. Ад вынікаў гэтай вайны ў тым ліку залежыць тое, які лёс будзе чакаць БМЗ.

Штодзень

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png