Самыя абуральныя выпадкі парушэння моўных правоў за апошні час

Асацыяцыя “Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў” падрыхтавала агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі за перыяд з ліпеня па верасень 2022 года. “Штодзень” адабраў самыя абуральныя з іх.

 

Фота: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў

13 ліпеня 2022 у рамках судовага пасяджэння ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска па разглядзе крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”) з апошняга слова палітвязня Змітра Дашкевіча, асуджанага на 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, стала вядома, што пры затрыманні сілавікі яго білі і прымушалі гаварыць па-руску: “Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает”.

1 жніўня 2022 г. на сайце баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск” з’явілася інфармацыя аб яго перайменаванні. Замест легендарнай беларускай назвы “Цмокі-Мінск” клуб пачаў называцца проста “Минск”, прычым па-руску. Нагадаем, што назву “Цмокі-Мінск” клуб меў з 2012 года, а сама назва прыйшла з беларускай міфалогіі.

2 жніўня 2022 г. беларускага краязнаўцу, журналіста і экскурсавода Ігара Хмару пасля экскурсіі па Мінску затрымалі за тое, што ён размаўляў па-беларуску. Па якім артыкуле яму прысудзілі пакаранне, невядома. Ад сукамерніка, які адбываў арышт з Ігарам у ІЧУ Мінска, стала вядома, што гэта не адзінкавы выпадак — акрамя Ігара, там таксама былі людзі, якіх затрымлівалі з-за ўжывання беларускай мовы на вуліцы.

У жніўні 2022 г. юрыст і праваабаронца Ігар Случак на свае запыты атрымаў ад трох вытворцаў прадуктаў харчавання: СТАА “Данон Шклоў”, ПП “Дарыда”, ТАА “МарсСЕАБ” лісты аб адмове ад маркіроўкі сваёй прадукцыі па-беларуску. Усе тры кампаніі спынілі з ім ліставанне.

З інтэрв’ю аднаму з незалежных беларускіх выданняў стала вядома, што пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь падчас яго працы ў Мінску ў 2021– 2022 г. у адказ на словы “вітаю” і “да пабачэння” ад беларускіх міліцыянераў-ахоўнікаў чуў толькі “здравствуйте” і “до свидания” па-руску.

Моўная дыскрымінацыя ў Беларусі закранула не толькі беларускую мову, але і мовы нацыянальных меншасцяў тых краін, якія асудзілі і занялі прынцыповую пазіцыю адносна падаўлення правоў чалавека ў Беларусі — Літвы і Польшчы.

У жніўні ўлады закрылі адзіную літоўскую школу ў Беларусі, якая фінансавалася ўрадам Літвы — у в. Пеляса Гродзенскай вобласці. Прычынай закрыцця быў нібыта шэраг парушэнняў: не забяспечана належная эвакуацыя дзяцей і педагогаў з памяшканняў школы ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, не забяспечана належная супрацьдымная абарона ад распаўсюджання агню. Да таго ж склады перапрафіляваны пад навучальныя класы і майстэрні. У школе, якая працавала з 1992 года, навучаліся 114 вучняў, працавалі 24 настаўнікі, 10 з якіх грамадзяне Літвы.

 Да гэтага стала вядома, што ў польскіх школах у Ваўкавыску і Гродна з 2022/2023 навучальнага года па распараджэнні ўладаў мову выкладання змянілі з польскай на рускую.

На пачатку жніўня ў Гродне актывістка прарасійскіх поглядаў Вольга Бондарава распачала кампанію супраць дублявання гарадскіх назваў беларускай лацінкай.

А ў канцы жніўня стала вядома, што яшчэ адна актывістка Юлія Дударэнка распаўсюджвала па праўладных і прарасейскіх тэлеграм-каналах заклікі збіраць подпісы ў падтрымку забароны беларускай лацінкі, якой дублююцца геаграфічныя назвы ў Беларусі.

Прарасейскія актывісткі патрабуюць, каб геаграфічныя аб’екты ў Беларусі называліся выключна па-руску. Пры гэтым беларускія назвы геаграфічных аб’ектаў дублююцца лацінскімі літарамі згодна з Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту, якая была зацверджана пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі яшчэ ў 2000 г. як прававы акт. Яе прынялі як агульнаабавязковую на дзяржаўным узроўні.

Штодзень

Related posts

Гомельскі абаронца беларускай мовы Ігар Случак даслаў 220 зваротаў за месяц

Сем фактаў пра маладосць Алеся Бяляцкага

Модны аксэсуар з мінулага: неглюбская гарлячка становіцца папулярнай