Гомель задае трэнды: практыку «Чыстага чацвярга», калі да прыборкі горада масава даручаюцца гараджане, плануюць пашырыць на ўсю рэспубліку.
Ініцыятыва «Чысты чацвер» існуе ў Гомелі даўно. Але найвялікшы распаўсюд яна атрымала, калі кіраўніком гарвыканкама стаў Ул. Прывалаў. Сутнасць гэтай традыцыі ў тым, што кожны чацвер да працы камунальнікаў далучаюцца супрацоўнікі шматлікіх дзяржаўных прадпрыемстваў, каб разам добраўпарадкаваць гарадскую прастору.
Фотаздымкамі суботнікаў па чацвяргах шчодра дзеліцца дзяржпрэса. Як робіцца частка такіх здымкаў, жыхары Гомеля добра ведаюць: на пустынную ранішнюю вуліцу прыходзяць дзе асобы. Адна апранае працоўную вопратку і бярэ ў рукі мятлу. Іншая фатаграфуе для справаздачы. Пасля абодва ідуць кожны на сваю працу.
Хапае і выпадкаў, калі праборка рэальна робіцца: фарбуюцца агароджы, прыбіраецца смецце, мыюцца вокны вітрын і г.д. На гэта інжынеры, праграмісты, бухгалтары ці юрысты могуць выдаткаваць цэлы працоўны дзень. У гэты час тэарэтычна супрацоўнікі павінны былі выконваць абавязкі, якія прадугледжвае іх працоўны кантракт. Значыцца, альбо ім прыйдзецца працаваць вечарам ці ў выходныя, альбо гэтыя асобы маюць настолькі мала працы, што могуць не займацца ёй цэлы дзень. На тэму «Што не так з акцыяй «Чысты чацвер» мы пісалі раней.
Такія пасады варта было б скараціць і трымаць меншы штат супрацоўнікаў, бо іх заробкі адносяцца на сабекошт і павялічваюць яго. А адсюль і завышаныя цэны беларускіх тавараў, якія робяць іх неканкурэнтаздольнымі. А што будзе, калі такая практыка распаўсюдзіцца на ўсю краіну?..
Прыцягненне да добраўладкавання гарадской прасторы валанцёраў – цалкам нармальная практыка пры дзвюх умовах. Па-першае, людзі павінны далучацца да такіх ініцыятыў па ўласнай ініцыятыве (а не пад пагрозай звальнення, як, напрыклад, у гэтым выпадку) і ў вольны ад працы час. Па-другое, валанцёры патрэбны для нешэраговых выпадкаў (калі раптоўна выпадае шмат снегу, для прыборкі закінутага ўскрайку горада ці занядбаных могілак, стварэння новага сквера сіламі жыхароў раёна і г.д.). У звычайных штодзённых умовах на простую прыборку вуліц у краіне, дзе эканамічныя паказчыкі (калі верыць статыстыцы) растуць з года ў год, павінна хапаць сіл камунальнікаў.
Фота: з гт-канала У. Прывалава