Рэдкія фотаздымкі Мітрафана Доўнар-Запольскага знайшліся ў кіеўскім архіве

У сеціве апублікаваныя малавядомыя фотаздымкі беларускага навукоўца, грамадскага дзеяча, палітыка і дыпламата Мітрафана Доўнара-Запольскага.

Нечаканую знаходку адшукалі ўкраінскія даследчыкі ў адным з фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Украіны ў Кіеве. На іх — сімпатычны і прэзентабельны чалавек, які, відавочна, належаў да вышэйшага саслоўя ў Расейскай імперыі.

Люблю разгадываць загадкі з неатрыбутаванымі дакументамі і фатаграфіямі. Вось гэта Мітрафан Доўнар-Запольскі, фатаграфіі якога патрапілі ў фонды 542 (Міколы Васіленкі)… да справы 63 “Фатаграфіі неўсталяваных асобаў. І нешта мне здаецца, што гэтыя фотаздымкі Доўнар падарыў не Васіленку… Прыгожы мужчына, што і казаць”, — напісала паведамленне супрацоўніца Інстытута гісторыі Украіны НАН Украіны Аксана Юркова. У гэтым допісе даследчыца намякае на тое, што вядомы беларускі дзеяч мог падараваць свае выявы зусім не ўкраінскаму дзяржаўнаму дзеячу пачатку ХХ стагоддзя Міколу Васіленку, з якім ён сустракаўся па працы, а ягонай жонцы, Наталлі Палонскай-Васіленка, вядомай у той час архівістцы і археолагу.

Архівістка, археолаг Наталля Палонская-Васіленка. Фота: Вікіпедыя

Мітрафан Доўнар-Запольскі — прадстаўнік беларускага шляхецкага роду з Рэчыцы, заснавальнік беларускай гістарычнай навукі, палітык і дыпламат. Актыўна падтрымліваў Беларускую Народную Рэспубліку, ачольваў Беларускую гандлёвую палату ў Кіеве ў 1918 годзе. Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску і па-ангельску. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, і быў прадстаўлены на Версальскай канферэнцыі ў Парыжы.

Штодзень 

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса