Бура, якую давялося сёння перажыць гомельцам, у чарговы раз прадэманстравала, што некаторыя вострыя праблемы ў горадзе не вырашаюцца належным чынам.
Зразумела, што цяжка супрацьстаяць ветру з хуткасцю 15-20 м/с, які валіць дрэвы, і дажджу, што за кароткі перыяд вылівае на вуліцы значную колькасць ападкаў. Але паколькі падобная непагадзь здараецца рэгулярна, кожны раз ствараючы адныя і тыя ж праблемы, варта пачаць больш сур’ёзна думаць над прадухіленнем наступстваў.
Тэма «гомельскага мора» перастае быць жартам, калі вуліцы напаўняюцца вадой. Ліўнёўкі працуюць добра, але не ў моцны дождж – такі адказ можна пачуць ад гомельскай улады. Але ліўнёўкі ў добрае надвор’е непатрэбны. Калі яны не спраўляюцца з ападкамі, значыцца, не працуюць належным чынам. Недзе іх колькасць наўпрост недастатковая.
Зразумела, што капітальная перабудова ліўневай сістэмы – рэч складаная і не танная. Калі няма магчымасці яе правесці, то трэба хаця б дапамагчы сістэме водаадвода – ствараць наземныя шляхі сходу вады. Дзеля гэтага патрэбна забяспечыць правільны ўхіл дарог і ходнікаў, не рабіць высокія броўкі, запраектаваць каналы і зялёныя зоны, якія могуць утрымліваць і павольна аддаваць ваду ў глебу.
Пагаршэнне экалогіі будзе спрыяць павелічэнню колькасці прыродных катаклізмаў. Таму варта, з аднаго боку, вырашаць урбаністычныя праблемы з улікам магчымых наступстваў непагадзі, а з другога боку, прыкладаць больш намаганняў па мінімізацыі шкоднага ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе.