У цяперашнім Гомелі немагчыма аднавіць ратушу: пры пераездзе мы атрымалі б новы стары будынак гарвыканкама

by homieldays

Даўно вядзецца гаворка пра тое, што Гомелю не стае пешаходнай плошчы. Сапраўднай плошчы, якая б выконвала функцыю вялікай грамадскай прасторы пад адкрытым небам. На дадзены момант поўнае пазбаўленне плошчы Леніна транспартных функцый выглядае маларэальным. Але паспрабуем уявіць, як бы яна магла выглядаць.

Выгляд галоўнай гомельскай плошчы ў ХІХ
Выгляд галоўнай гомельскай плошчы ў ХХІ ст.

Каб плошча была месцам, якое заахвочвае і турыстаў, і жыхароў горада да наведвання, на ёй павінны быць нейкія прыцягальныя аб’екты. Часцей за ўсё гэтую ролю бяруць на сябе камяніцы, культавыя пабудовы, дробныя гандлёвыя кропкі, кавярні і ратуша.

На галоўнай гомельскай плошчы, на жаль, ніякіх камяніц нямашака. І ні манументальная савецкая забудова, ні флагшток з дошкай гонару іх не заменяць – бракуе ім часам утульнасці і патрыярхальнасці, часам эстэтыкі.

З культавымі аб’ектамі сэрцу Гомеля таксама не пашчасціла. Касцёл Успення Божай Маці, пабудаваны па праекце Джона Кларка, не перажыў савецкія часы. Адбудаваць яго можна, але калі на гэта знойдуцца сродкі – невядома.

Фота: ognevit.livejournal.com
Фота: ognevit.livejournal.com

Вырашыць пытанне кавярань, напэўна, прасцей за ўсё. Побач маецца культурна забаўляльны цэнтр “Еўропа”. Што цікава, ён створаны на месцы савецкай рэстарацыі “Беларусь”. То-бок галоўная гомельская плошча, мабыць, адзінае месца на свеце, дзе прынцып “Беларусь у Еўропу” усё ж быў рэалізаваны. Да таго ж гастранамічныя патрэбы здольны задаволіць і выязны гандаль.

Што застаецца? Самае складанае, але найбольш цікавае пытанне – гарадская ратуша. За савецкім часам мы пачалі ўспрымаць ратушы як штосьці заходнееўрапейскае. Між тым сядзібы мясцовага самакіравання калісьці былі былі і на славянскіх землях.

Некаторым гарадам нават у савецкія часы пашчасціла захаваць гэты сімвал мясцовай улады. Напрыклад, пабудаваная ў 1826 годзе Львоўская ратуша і дагэтуль выкарыстоўваецца па прызначэнні.

Львоўская ратуша. Фота: rest.guru.ua/

 

Дзе-нідзе гэтыя сімвалы горада (Мінск, Магілёў) аднаўляюць паводле старых чарцяжоў. Часцей за ўсё ў рэканструяваных будынках месцяцца музеі.

Адноўленая ратуша ў Магілёве. Фота: museumhm.by

 

Гомельскую ж сітуацыю можна назваць парадаксальнай. Будынак Гарадской думы – адзіная дарэвалюцыйная пабудова на галоўнай плошчы Гомеля, якая дажыла да нашых дзён. Але сур’ёзная пераробка дзеля прыстасавання памяшканняў пад прамысловыя патрэбы (доўгі час тут месцілася фабрыка “Палесдрук”) і сучасны занядбаны стан будынка прывялі да таго, што гэтае месца менш за ўсё падобна на турыстычную цікавостку.

Першапачатковы выгляд будынка Гомельскай гарадской думы. Фота: ognevit.livejournal.com

 

Выгляд будынка сёння

 

Пачатак рэвіталізацыі пакладзены з адкрыццём тут пары кавярань і творчай студыі, але агульную карціну гэта пакуль не змяняе. Дык мо варта было б вярнуць будынку страчаную функцыю – месца размяшчэння гарадской улады, каб у цэнтры Гомеля з’явілася самая сапраўдная ратуша? Гэта не так проста, як падаецца на першы погляд.

Ёсць відавочныя плюсы. З’яўляецца дадатковы элемент у брэндзе Гомеля як горада. Адзін з самых цікавых гомельскіх будынкаў жыве паўнавартасным жыццём, а не прастойвае. Аб’ектаў, якія можна паказваць турыстам падчас экскурсій, большае.

Але і невырашальных (прынамсі ў бліжэйшай перспектыве) пытанняў узнікае багата.

– Штат супрацоўнікаў гомельскага гарвыканкама ў будынак, пабудаваны ў апошняй чвэрці ХІХ ст., наўпрост не памесціцца.

– Ратушы будаваліся для мясцовага самакіравання, якога, пры звышвысокай ступені цэнтралізацыі ўлады, у Беларусі фактычна не існуе. Таму пры пераездзе мы атрымалі б не ратушу, а новы стары будынак гарвыканкама.

– У Ратушы, як у гістарычным будынку, варта было б ладзіць экскурсіі. Але сумнеўна, што ўлады маглі б займець такую ступень адкрытасці, каб дазволіць камусьці шпацыраваць пад уласнымі кабінетамі.

– Патрабаванні да арганізацыі прасторы больш за стагоддзе таму былі не такія, як зараз. Таму даволі цяжка будзе прыстасаваць памяшканні пад сучасныя працоўныя кабінеты. Так, у цэнтры будынка знаходзяцца вялікія рэкрэацыі без акон, дзе з лёгкасцю месціліся машыны для друку, але чалавеку без належнай інсаляцыі будзе цяжка. Высокія столі выглядаюць прыгожа, але кошт ацяплення такіх памяшканняў узімку ствараў бы дадатковую нагрузку на гарадскі бюджэт. З пункту гледжання эрганомікі пабудаваныя ў савецкія часы памяшканні куды больш прыдатныя для офіснай працы.

– Каб быць турыстычнай цікавосткай, будынак павінен мець якасныя дарагія інтэр’еры (не абавязкова гістарычныя). Тое, што ў дадзены момант на гэта знайшліся б грошы, малаверагодна. Хутчэй за ўсё, прастора была б сапсаваная так званым “банальным постсавецкім еўрарамонтам”.

З улікам вышэй напісанага, нам падаецца, што спроба аднаўлення Ратушы на плошчы Леніна не была б удалай. Лепей было б надаць гэтаму будынку гандлёва-забаўляльную функцыю. Ён мог бы стаць своеасаблівым працягам паркавай зоны рэлаксу і адпачынку, калі б тутака, разам з ужо дзейснымі, з’явіліся крамкі, выставачныя прасторы, майстэрні, рэстарацыі і г.д.

Ці азначае гэта, што на ідэю аднаўлення ў Гомелі ратушы варта канчаткова забыцца? Не. Нам падаецца, што не адзін будынак ратушы, а цэлы ратушны комплекс, мог бы з часам з’явіцца на пл. Паўстання. Вытворчыя прадпрыемствы, калі яны, канешне, пройдуць выпрабаванне часам, можна было б вынесці на ўскраек горада. Таксама добра было задзейнічаць будынак, што зараз займаюць прафсаюзы (арганізацыя, знікнення якой у Беларусі ніхто б і не заўважыў). Звонку будынак фабрыкі “8 сакавіка” якраз стылізаваны пад вежу. Месца тут дастаткова і для супрацоўнікаў, і для паркоўкі. Ратушны квартал мог бы стаць сапраўднай адметнасцю Гомеля.

Будынак фабрыкі “8 сакавіка”

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png