У Гомельскай вобласці ў чарговы раз працягнулі надзвычайны ўзровень пажарнай небяспекі, на гэты раз да 12 верасня. Фіксуюцца пажары і на забруджаных радыяцыяй беларускіх тэрыторыях. «Штодзень» паразмаўляў з радыяцыйным хімікам Сяргеем Бесарабам, наколькі сітуацыя небяспечная, і чаму да гэтых узгаранняў нельга ставіцца як да звычайных.
Радыяцыйная небяспека ад вагню
«Загалоўкі “Гарыць Чарнобыль!” у апошні час набылі выразна выражаны сезонны характар, і паўтараюцца цягам апошніх гадоў. Гэта ўжо дадзенасць, як і глабальная змена клімату, якая іх выклікае. З улікам таго, што і дзе гарыць, трэба было б каб усюды фігуравала фраза “радыеактыўныя лясныя пажары”», – напісаў у сваім блогу Сяргей Бесараб.
Такія пажары на забруджаных тэрыторыях, паводле яго, «спрыяюць не толькі істотнаму падвышэнню ўзроўню цэзію-137 у атмасферным паветры, але і пераносу (міграцыі) радыенуклідаў за межы зон забруджвання».
Пры гэтым, «найбольш радыяцыйна небяспечнай з’яўляецца лясная подсцілка (плюс трава і падлесак), якая змяшчае больш за амаль 90% агульнага запасу цэзію-137», а горш за ўсё, калі гараць тарфянікі.
Як вы ацэньваеце сітуацыю? Наколькі высокая небяспека з пажарамі ў забруджанай зоне?
Зараз адбываецца катастрафічная сітуацыя з пажарамі, якой раней ніколі не было на тых тэрыторыях. Колькі дзён таму была заява беларускага МНС, што самая вялікая колькасць ачагоў на тэрыторыі Брагінскага і Веткаўскага раёнаў, а гэта максімальна забруджаныя тэрыторыі. Яшчэ ў чэрвені менавіта там гомельскі абласны цэнтр гігіены фіксаваў перавышэнне ў 10-15 разоў паказчыкаў удзельнай актыўнасці цэзія ў ягадах і грыбах. І вось у верасні ўсе тое, што вырасла пачало гарэць.
Відавочна, што там гараць тарфянікі. А гэта ўжо не нізавыя нават пажары, а падземныя. А торф можа гарэць (дакладней тлець) пад слоем пяску, нават без доступу кіслароду, пад слоем налітай на яго вады. Тушыць тарфянікі – гэта не бел-чырвона-белыя сцягі здымаць, трэба мець высокі ўзровень. З гэтай задачай улады, відавочна, не спраўляюцца.
Да таго ж, тарфянікі – найлепшыя накапляльнікі радыяцыі. Там усё накапілася, сканцэнтравалася, зафіксавалася. І, цяпер, калі пачынае гарэць, усё ўздымаецца ў паветра.
Акрамя таго, над Беларуссю каўпак тэмпературнай інверсіі. У гэтых умовах дым не рассейваецца ў атмасферы, не ідзе да суседзяў, а застаецца. Бо з пад’ёмам вышыні тэмпература паветра не зніжаецца, а павышаецца ў выніку чаго вертыкальныя турбулентныя патокі паветра не ўзнікаюць, атмасфера не перамешваецца. У выніку тое, што гарыць, застаецца там, дзе гарыць.
Тушыць тарфянікі – гэта не бел-чырвона-белыя сцягі здымаць
Але пакуль я не бачу вялікай небяспекі для больш-менш вялікіх гарадоў, якія знаходзяцца ад узгаранняў на значнай адлегласці. Але важна, што радыенукліды будуць міграваць, адбываецца іх пераразмеркаванне.
Што рабіць у такой сітуацыі?
Раней людзі арыентаваліся такім чынам: глядзелі, як у суседзяў сітуацыя па радыяцыйных паказчыках, па аэразолях, і маглі рабіць нейкія высновы. Зараз праз гэтую тэмпературную інверсію ўсё збольшага канцэнтруецца над тэрыторыяй Беларусі. А ўлады ці раяць глядзець тэлебачанне, ці распаўсюджваюць нейкае хлуслівае глупства, ніякіх канкрэтных дадзеных няма. Нават складана ўявіць, што ў Беларусі насамрэч адбываецца.
Я б параіў прыслухацца да рэкамендацыяў, якія літоўцы рабілі для сваіх людзей: не адчыняць вокны, прыбірацца вільготнымі анучамі, то бок, змяншаць колькасць пылу – гэта ўсё і для Беларусі поўнасцю актуальна. Тыя, хто жыве недалёка ад радыеактыўных пажараў, дадаткова павінныя выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай рэспіраторнай гігіены – рэспіратары падыходзячых класаў абароны (не ніжэй за FFP2).
Усім варта сачыць за ўзроўнем аэразоляў у паветры. Гэта можна рабіць з дапамогай спадарожнікавых здымкаў. Шмат сэрвісаў паказваюць размеркаванне аэразоляў. Калі гэты паказчык расце, то бок узровень цвёрдых часцін (РМ2.5) расце, варта, безумоўна, зачыняць вокны, нікуды не хадзіць, не гуляць на адкрытым паветры.
Людзям трэба арыентавацца на гэтыя паказчыкі, бо, відавочна, што беларускі МНС не спраўляецца з пажарамі, і невядома, ці справіцца. Мне падаецца, што мы яшчэ не дайшлі да кульмінацыі.
На еўрапейскіх мапах заўважныя скачкі ўзроўню радыяцыі, якія фіксуюцца на пунктах у Гомельскай вобласці. Наколькі яны значныя?
Гэта нязначныя скачкі. Пакуль яны не выходзяць за межы тыповых анамальных скачкоў, якія могуць быць абумоўленыя збоямі ў электроніцы, ці нейкімі электрамагнітнымі наводкамі. Сістэмы тут не бачна. Я нагадаю, што радыяцыя не вымяраецца спадарожнікамі, збор абапіраецца збор выключна са стацыянарных радыеметрычных пунктаў.
Калі тарфянікі гараць, я б не разлічваў, што гэта будзе далёка разносіцца. Гэта ж не верхавыя пажары. Больш мяне палохае, што можа пачаць гарэць тэрыторыя, забруджаная плутоніем і, як вынік, прадуктам яго распаду – амерыцыем. Гэта цяжкія ізатопы, якія ляцяць на невялікую адлегласць. Але кожная часцінка іх, мікрачасціна, што ўздымаецца з дымам, з’яўляецца “гарачай”, то бок, умоўна кажучы, сваім выпраменьваннем здольная зрабіць у жывой тканіне дзірку, калі трапляе ўнутр у лёгкія ці ў страўніка-кішачны тракт. Ад такога дыму верагоднасць узнікнення анкалогіі 100%
Распаўсюд плутонія і амерыцыя – гэта Брагінскі раён. Тым, хто там жыве, я не пазайдрошчу. Пажарнікам, якія гэта тушаць, вайскоўцам таксама.
Ім у абавязковым парадку трэба выкарыстоўваць супрацьаэразольныя рэспіратары з абаронай FFP-2, а лепей FFP-3 і рэгулярна іх замяняць. Абавязкова трэба дэзактываваць адзенне і абсталяванне. Ігнараванне гэтага можа прывесці да жахлівых наступстваў.
Усё, што было выкінутае пад час чарнобыльскай аварыі, калі гарыць, у поўным складзе (з удакладненнем на перыяд паўраспаду) уздымаецца ў паветра. А ўлады самі яшчэ не разумеюць, што здарылася, і як будзе вырашацца сітуацыя, пакуль незразумела.