Што прымусіла дарослых у 2023 годзе перапалохацца японскага мультфільма, які выйшаў на экраны ў далёкім 1998, і звярнуць увагу на эмацыянальных падлеткаў? Той самы “Р’ёдан”. Абрэвіятура ПВК (прыватная ваенная кампанія) да якога ўзнікла зусім нядаўна як даніна сённяшняй модзе.
Напрацягу многіх гадоў аматары анімэ-серыяла “Hunter x Hunter” пераймалі стыль адзення любімых герояў: клятчастыя штаны і чорныя байкі з выявай павука. Менавіта так апраналіся чальцы бандыцкай групоўкі “Генэй Р’ёдан” з мультфільма. Займаліся яны тым, што ў фантастычным свеце выконвалі небяспечныя заданні: шукалі скарбы і атрэфакты, палявалі на злачынцаў і імкнуліся разбагацець. Усяго ў бандзе налічвалася 13 чалавек, кожны з якіх насіў свой парадкавы нумар. Расейскія школьнікі абралі лічбу 4 не выпадкова — паводле японскіх вераванняў, гэта аналаг нашай лічбы 13, чортавай тузіны, якая прыцягвае непрыемнасці.
Гадамі нецікавая нікому субкультура выбухнула ў рэаліях сучаснай Расеі – атмасферы нецярпімасці, гвалту, несправядлівасці і роспачы.
У гэтых умовах падобныя моладзевыя групоўкі, якія робяць стаўку на гвалт, будуць узнікаць раз за разам. Пройдзе мода на гэту — з’явіцца тое ж, але ў іншай упакоўцы. Паўсюдная нянавісць дарослых і прымусовы патрыятызм, як спружына, зноў сціснуцца і выдадуць такую ж хвалю агрэсіўнага нігілізму.
Перш за ўсё, праблема ў асяроддзі, якое генеруе і ўзнаўляе адзін і той жа сюжэт — дамагчыся павагі можна толькі праз гвалт. Прычым з кожным новым крокам узровень гвалту павінен станавіцца ўсё вышэйшым, бо папярэдняя спроба правалілася. Мы ведаем, што ў падлеткавым узросце ўсе пачуцці на максімуме – і любоў, і страх, і злосць, і захапленне, і смутак – мы самі былі такімі. Дарослым няма часу займацца дзецьмі, бо адны ваююць у акопах, а іншыя – на канапах. Немагчыма прадказаць, дзе накопленая грамадствам агрэсія выбухне ў наступны раз і атрымае папулярнасць. Змагацца з праяўленнямі такой агрэсіі – як лячыць дыярэю пластырам. Лячыць патрэбна дарослых, з якіх дзеці бяруць прыклад.
Да таго ж, гісторыя з “Р’ёдан” — эталонны узор таго, як старыя не разумеюць ні маладых, ні інтэрнэт, ні сучасны свет. Прыхільнікі анімэ падаліся сілавікам больш небяспечнымі, чым скінхэды і гопнікі.
А цяпер успомнім пра школьных псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, якія маюць адпаведныя дыпломы. Цікава, чым яны займаюцца ў школах? Хоць раз ці быў які рэспубліканскі з’езд тых псіхолагаў, каб узняць пытанні пра эмацыйны стан дзяцей за апошнія гады? Пытанне рытарычнае.
Ва Украіне сцвярджаюць, што гэтае так званае ПВК – выхадкі расейскіх агентаў, але расейскія ўлады таксама хапаюцца за галаву і сунуць за краты ўсіх, хто так ці інакш нагадвае небяспечных р’ёданятаў (гэтак сама пераследвалі ў свой час стылягаў і хіпі).
Тое, што расейскія паблікі “Р’ёдана” з’яўляюцца ў нашай беларускай інфапрасторы, мяне ні кроплі не здзіўляе.
У нашых дзяцей ёсць іншая інфапрастора? Адкуль яна возьмецца? Хто дазволіць яе стварыць? Нізкі паклон тым бацькам, хто хаця б чытае дзецям беларускія казкі.
Вось праз такіх аматараў пабіцца да нас кепска ставяцца, ––у адказ на мае роспыты прыкусіла вусны трынаццацігадовая пляменніца, вялікая аматарка анімэ. – У каго мазгоў няма, той і так гэта пакажа, без дурацкіх флэшмобаў! Ненавіджу вас усіх! – потым усхліпнула, упала тварам у падушку і зарыдала, як гэта робяць надзвычай чуллівыя гераіні анімэ, якія пасля слёз сціскаюць кулакі і ляцяць крышыць выдуманых монстраў…
Аўтар: Мар’яна Ліс