Аляксандр Канапацкі. Прызначылі па Гомельскай-Чыгуначнай акрузе. Да таго быў дэпутатам Гомельскага гарсавета і галоўным ідэолагам «Гомсельмаша», памочнікам іншага дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
Агульны даход за 2022 год – 70175,89 рублёў (сярэдні месячны – каля 5900 рублёў).
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” называлі Канапацкага сярод тых, хто, верагодней за ўсё будзе прызначаны дэпутатам.
Уладзімір Гаўрыловіч. Прызначаны па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе. Старшыня абласнога аддзялення праўладнага “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, член праўладнай «Белай Русі». Аўтар 35 кніг, атрымаў ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» і некалькі расійскіх літаратурных прэміяў, у тым ліку «Рускі шлях». Піша ў тым ліку і па-беларуску.
Агульны даход за 2022 год – 23153,22 рублёў і 30000 расійскіх рублёў (сярэдні месячны – каля 1900 рублёў і 2500 расійскіх).
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” казалі пра ўмоўную інтрыгу на акрузе, Гаўрыловіч «спаборнічаў» з галоўным ідэолагам Інстытута “Гомельграмадзянпраект”.
Ірына Даўгала. Прызначаная паўторна па Гомельскай-Савецкай акрузе, у мінулым скліканні ўзначальвала пярвічку праўладнай «Белай Русі» ў палаце прадстаўнікоў. Да таго, як яна патрапіла ў «дэпутаты», была галоўным ідэолагам Гомельскай вобласці. У 2021 годзе яна патрапіла ва ўкраінскую базу «Міратворац», яе прызналі «датычнай да антыўкраінскай прапаганды і ўдзелу ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны». У 2020 годзе 174 выбарцы спрабавалі адклікаць яе з дэпутатаў.
Ірына Даўгала ахвотна пісала і выказвалася пра грамадска-палітычную сітуацыю, у тым ліку пра міграцыйны крызіс (абвінаваціўшы Літву), падтрымлівала мілітарызацыю, супраць санкцыяў, за дзень народнага адзінства, была дэлегатам «Усебеларускага народнага сходу» і «патрыятычных аўтапрабегаў. Даўгала нават распавядала пра неалагізмы, створаныя Лукашэнкам.
Яна была з тых, хто выступала за барацьбу з ковідам і часам насіла маску на пасяджэнні палаты прадстаўнікоў у 2020 годзе – што, відавочна, не было мэйстрымам для прыхільнікаў Лукашэнкі.
Агульны даход за 2022 год – 56186,54 рублёў (сярэдні месячны – каля 4700 рублёў).
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” называлі Даўгалу адной з найбольш адыёзных кандыдатаў у «дэпутаты» ў гэтым годзе.
Анжаліна Сырамятнікава. Прызначаная па Гомельскай-Прамысловай акрузе. Працавала ідэолагам ААТ “Гомельскі ДСК”, член праўладнай партыі «Белая Русь», актыўная ўдзельніца праўладных мерапрыемстваў. У 2019 годзе балатавалася ў палату прадстаўнікоў, але прайграла іншаму праўладнаму кандыдату. У перадвыбарчым звароце-2024 казала пра сям’ю і захаванне «традыцыйных каштоўнасцяў».
«Чула, што знаходзяцца скептыкі, якія заяўляюць, што народ сваіх кандыдатаў ведаць не ведае. Нават здзівілася! На маёй памяці гэта, мабыць, самая вядомая ў плане ўдзельнікаў перадвыбарнай гонкі электаральная кампанія», – упэўнівала дзяржСМІ Сырамятнікава.
Агульны даход за 2022 год – 58 739,93 рублёў (сярэдні месячны – каля 4900 рублёў).
Сяргей Казачок. Прызначаны па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе. Быў кіраўніком адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля, актывіст праўладнай партыі «Белая Русь». За ім незаўважаныя публічныя палітычныя заявы. У перадвычарчым звароце казаў пра дасягненні ў раёне, добраўпарадкаванне горада і абяцаў «выкарыстаць усе законныя метады і формы дзейнасці, каб зрабіць жыццё людзей у нашай краіне годнай».
Агульны даход за 2022 год – 54 333,69 рублёў (сярэдні месячны – каля 4500 рублёў).
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” называлі Казачка сярод верагодных «дэпутатаў».
Юлія Волкава. Прызначаная па Гомельскай сельскай акрузе. Яна кандыдат навук, дацэнт кафедры эканомікі ГДТУ імя Сухога і дактарант кафедры прамысловага маркетынгу і камунікацый Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Была «дэпутатам» гарсавета. Прадстаўляе Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці. Палітычнымі заявамі невядомая.
Агульны даход за 2022 год – 26 873,57 рублёў (сярэдні месячны – каля 2200 рублёў).
Таксама на Гомельскай-Юбілейнай акрузе прызначаны адыёзны Віталь Уткін, пра якога «Штодзень» нядаўна распавядаў.