Прыватная ўласнасць па-беларуску: ёсць, але як бы і няма

by ZB

Сітуацыя, якая на мінулым тыдні абмяркоўвалася на прыёме ў старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, яшчэ раз дэманструе спецыфічнае стаўленне да правоў прыватнай уласнасці ў Беларусі. Як паведамляе тг-канал аблвыканкама “Гомельшчына афіцыйна”, жыхар Гомеля Аляксандр Аляксандравіч пабудаваў свой дом на вуліцы Піянерскай, атрымаўшы на тое ўсе неабходныя дазволы: пачаў у 2006-м, завяршыў у 2016-м і законна ўвёў жыллё ў эксплуатацыю. Цяпер на яго месцы горад спланаваў узвесці шматпавярховік. У выніку ўласніку прапануюць разглядзець варыянты кампенсацыі, новага жылля ці нейкія “іншыя варыянты”.

Фота: gomeltv.by

Зразумела, развіццё горада мае свае патрэбы і тое, што добра для вялікай колькасці жыхароў, можа стаць клопатам для некаторых. Але каб планаванне гарадской забудовы было лепей арганізавана, выпадкаў, аналагічных дадзенаму, можна было б пазбегнуць. Трэба было альбо не даваць дазвол на забудову ў гэтым месцы, альбо ўлічваць выдадзеныя дазволы пры планаванні шматпавярховай забудовы. На жаль, ніякая кампенсацыя не верне чалавеку затрачаны на будову час і цеплыню, укладзеную ва ўладкаванне.

Хапае ў Гомелі і адваротных прыкладаў: пакуль уласнікі дзесяцігоддзямі чакалі зносу дамоў, не маючы права капітальнага рамонту ці перабудовы, жыллё стала непрыгодным для пражывання.

Праблема тут не толькі ў канкрэтнай гісторыі, а ў самім стаўленні да інстытута прыватнай уласнасці. У Беларусі ён часта існуе хутчэй на паперы, чым на справе. Улады паабяцалі “прааналізаваць усе нюансы”. Ну што ж, будзем спадзявацца, што сярод гэтых нюансаў знойдзецца месца і для правоў грамадзян.

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png