Прытулак «Лапкі» для жывёлаў са складаным лёсам пераехаў на новае месца, пакуль што там няма вады і святла

У гомельскім прытулку «Лапкі» жывуць 53 сабакі, пацярпелыя ад хваробаў і рук чалавека. На новым месцы пабудавалі вальеры для ўсіх, але там пакуль што няма вады і святла.

 

«На гэтую тэрыторыю мы пераехалі літаральна два з паловай тыдні таму… Будоўля на гэты момант у нас прыпыненая, бо было выдаткавана вялізная колькасць сілаў і грошаў, якія мы гэтыя сем год збіралі на АРІП для чагосьці важнага. І вось гэтае важнае адбылося», – адзначыла кіраўніца прытулку «Лапкі» Юлія Алімава.

На гэтай тэрыторыі, паводле яе, няма вады, кожны дзень яны возяць яе з горада, для камфортнага існавання сабакаў (піцця і купання) трэба 100 літраў.

 

Прытулак «Лапкі» арганізавалі сем год таму. Як распавядае Юлія, гэтым займалася невялікая каманда дзяўчынаў. Некаторых жывёлаў, якія жывуць там, кінулі гаспадары, некаторыя пацярпелі ад людзей, патрапілі ў аварыю ці маюць цяжкія хваробы. Прытулак існуе часткова дзякуючы дабрачыннасці, часткова асабістым сродкам, часу і высілкам валанцёраў.

«Такіх жывёлаў мы выхажваем, сацыялізуем і ўжо далей спрабуем знайсці ім дом і нармальнага адэкватнага чалавека, які будзе іх любіць», – кажа Юлія.

Гарадскі дзяржтэлеканал распавядае гісторыі некаторых жывёлаў, якіх выратавалі ў «Лапках». Так, шчанюка Гаўрушу выратавалі ад рук падлеткаў, якія здзекваліся над ім, прывязвалі да дрэва і пакідалі без ежы і вады. Ветэранары ноч змагаліся за ягонае жыццё. Гадавалую Нікі знайшлі на чыгунцы з пераломанымі лапкамі.

Прытулак «Лапкі» не абвяшчаў новага збору з нагоды пераезду, але на іх старонцы ў Інстаграм размешчаныя рэквізіты для сталай дапамогі на корм жывёлам (кожны дзень трэба 15 кілаграмаў) і іншыя расходы: АРІП-Дабрачыннасць-Абарона жывёлаў-Лапкі ці АРІП-код паслугі 1534484.

Штодзень

Related posts

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса

Як святары ўмешваюцца ў палітыку: кіраўнік Тураўскай епархіі пабачыў у вайне божы промысел, а гомельскай – агітаваў прыйсці на выбары

У асноўным забіваць беларускіх звяроў з-за мяжы едуць з Расіі