“Проста ўпала з неба гэтая кватэра. Яна знаходзілася ў “ведамасці МУС”

На гомельскім абласным дзяржаўным тэлебачанні ў межах цыклу перадач “Новыя беларусы” распавядаецца пра выхадцаў з розных краін свету, якія знайшлі другі дом у Беларусі. Асноўная большасць герояў праграм – ураджэнцы краін СНД, многія з іх апынуліся ў Беларусі ў выніку канфліктаў і войнаў, якія здарыліся на ўскраінах былой савецкай імперыі. Некаторыя з іх, пражыўшы ў Беларусі пару дзесяцігоддзяў, атрымалі грамадзянства.

Сяргей Елісееў. Фота: скрыншот з сюжэту

 

“Для мяне Украіна памерла разам з Майданам, а тое, у што яна перарадзілася, – гэта чорт з рагамі”, — распавядае “украінец” Сяргей Елісееў. Мужчына сярэдняга ўзросту сядзіць на канапе ў атачэнні дваіх дзяцей і жонкі. З відэасюжэта вынікае, што іх сям’я раней жыла ў пасёлку Паўднёвы Луганскай вобласці, ад якога ў выніку баявых дзеянняў засталося 20% цэлых будынкаў. Праўда, па традыцыі прапагандысты, не распавядаюць пра тое, што тое здарылася не само сабой, а менавіта пасля расейскага ўварвання на тэрыторыю незалежнай дзяржавы.

Сяргей Елісееў пачаў распавядаць нейкія дзіўныя рэчы пра тое, як яму нехта пагражаў ва Украіне: “Мала таго, што была пагроза для асабістай бяспекі, паколькі радыкалам развязалі рукі… У 2014 годзе паведамілі, што едзе аўтобус з правасекамі біць нашых ветэранаў. Мы з пацанамі абвязаліся ланцугамі, узялі дубінкі, таму што мы сваіх ветэранаў не збіраліся даваць гэтым утыркам у крыўду…”

Голас за кадрам далей распавёў, што ў першы раз сям’я Елісеевых прыбыла ў Беларусь у 2014 годзе, але пасля года пражывання чамусьці вярнулася назад. Пазней яны, калі пачалася расейская агрэсія супраць Украіны ў лютым 2022 года, зноў вырашылі перабрацца ў Беларусь. Гэтым разам канчаткова.

Аўтары праграмы даюць такую статыстыку па колькасці ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі: за час канфлікта ва Украіне ў Беларусь прыбыла 75 тысяч украінцаў. У Гомельскай вобласці за атрыманне грамадзянства звярнуліся 900 чалавек, каля 600 чалавек атрымалі від на жыхарства.

Цікава, што, пажыўшы год у Беларусі, сям’я Елісеевых перасялілася ва ўласную трохпакаёвую кватэру.

“Пра тое, што нам яшчэ кватэру дадуць, мы марыць не маглі. Проста ўпала з неба гэтая кватэра. Яна знаходзілася ў “ведамасці МУС”, – патлумачыў прычыны незвычайнай шчодрасці беларускай дзяржавы мужчына.

Новабудоўля, куды пераехалі колішнія жыхары Луганшчыны

 

Такім чынам, наваспечаны беларус, відаць, мае непасрэднае дачыненне да органаў унутраных справаў РБ. Менавіта гэтым тлумачыцца лёгкасць у атрыманні жылля і ягоныя тэндэнцыйныя выказванні пра сваю сапраўдную радзіму.

З інтэрв’ю з сям’ёй Елісеевых вынікае, што яны вельмі добра сябе адчуваюць у Беларусі, хваляць добразычлівасць яе жыхароў, падкрэсліваюць чысціню на вуліцах і спакой. Сапраўдныя палітычныя рэаліі краіны, у якой ў турмах сядзяць тысячы палітвязняў, вядома, усяляк абмінаюцца. Таксама не гаворыцца пра тое, што сотні тысяч беларусаў праз дэфолт права ў краіне проста былі вымушаныя кінуць сваю радзіму.

Прагляд сюжэтаў дадзенага праекту падштурховае да некалькіх высноваў. Па-першае, аўтары намагаюцца давесці тэлегледачам, што сапраўдная  “краіна для жыцця” – гэта лукашэнкаўская Беларусь. І ў якасці доказа прыводзяць жыццёвыя гісторыі замежнікаў, якія атабарыліся ў краіне. У выніку прагляду ў гледача павінна скласціся ўражанне, што бельгійцы, арабы, рускія, украінцы і армяне масава бягуць у Беларусь. Па-другое, тэлепраект прызваны пераканаць беларусаў у тым, што іх праблемы і сціплы ўзровень жыцця – гэта дробязі ў параўнанні з сітуацыяй ваенных канфліктаў. Па-трэцяе, дадзеныя перадачы імкнуцца сфармаваць перакананне, што саміх беларусаў ніхто за мяжой не чакае, што там вельмі складана і дорага жыць. Па-чацвёртае, прапаганда арыентаваная на рускамоўную аўдыторыю замежжа, якая з настальгіяй узгадвае камуністычныя часы і гатовая пераехаць у краіну-запаведнік саўка.

Штодзень

 

Related posts

Сёння гадавіна пачатку Еўрамайдана – шматмесячных акцый пратэсту ва Украіне, якія моцна паўплывалі і на Беларусь

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Штосьці для «Штодня». Вядомыя гомельцы выказваюцца ў падтрымку медыярэсурса