У Гомелі пачаўся разгляд справы былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Суд завочны.
Судаленку абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Справу завялі ў лістападзе 2023 года, калі ён ужо знаходзіўся за межамі Беларусі.
Справу прызначаны разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў. У Судаленкі ёсць таксама адвакат, які фактычна адмаўляецца камунікаваць са сваім падабаронным.
«У гэтыя хвіліны ў Гомелі ў будынку з шыльдаю “Гомельскі абласны суд” засядае тройка (адзін чалавек у мантыі суддзі, другі ў пракурорскім мундзіры і трэці, які ў цывільнай вопратцы мае пасведчанне адваката)», – пракаментаваў пачатак суда над сабой Леанід Судаленка ў сваім Facebook.
Ён лічыць, што «гэтая група людзей без сумневу па папярэдняй дамоўленасці здзяйсняе крымінальнае злачынства, шляхам вынясення ў дачыненні да мяне заведама неправасуднага выраку».
«Яны разлічваюць, што канстытуцыйная законнасць ніколі не вернецца ў Беларусь, таму і працягваюць рабіць зло», – перакананы праваабаронца.
Ён сам пры гэтым знаходзіўся на адкрыцці выставы прысвечанай праваабаронцу, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міра Алесю Бяляцкаму.
«Сваю прамову я скончыў словамі сябра і паплечніка, якія гучаць нават з-за кратаў: “Не здаемся. Усё, што трэба для ўрачыстасці зла – гэта наша бяздзейнасць, бяздзейнасць добрых людзей. Зло пакуль перамагае, таму мы не маем права здавацца!”», – падкрэсліў Леанід Судаленка.
Раней ён таксама каментаваў завядзенне гэтай справы «Штодню». «Яны такім чынам спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць, таму што я выйшаў з турмы і не маўчаў», – перакананы праваабаронца.
Леанід Судаленка — былы палітвязень, кіраўнік ліквідаванага ўладамі Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Больш за 20 гадоў займаецца праваабарончай дзейнасцю, аўтар траціны з усіх скаргаў на Беларусь у Камітэце ААН па правах чалавека, лаўрэат ордэна “Свабода-роўнасць-братэрства” Французскай Рэспублікі.
Праваабаронца дапамагаў пісаць скаргі затрыманым падчас акцый пратэсту, абараняў у судзе звольненых “за палітыку” рабочых. Пасля падзей 2020 года быў абвінавачаны ў парушэнні народнага арт. 342 КК “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”. За гэта яго адправілі на тры гады пазбаўлены волі ў калонію ва ўмовах агульнага рэжыму.