“Права жыць у міры”. Трагічная гісторыя Віктара Хара

by ZB

Як бы добра не быў узброены рэжым, ёсць зброя, якую яму не перамагчы – музыка. Чаму хунта Піначэта панікавала, калі на сцэну выходзіў бард Віктар Хара? Аповедам пра гісторыю кампазіцыі El derecho de vivir en paz («Права жыць у міры») і трагічны лёс яе аўтара «Штодзень» працягвае цыкл «Музыка перамен» (папярэдні артыкул цыкла па спасылцы).

Віктар Хара на мітынгу супраць вайны ва В’етнаме. Хельсінкі. 1969 г. Фота: commons.wikimedia.org

 

Тое, што музыка супраціву – гэта не абавязкова рок, добра дэманструе біяграфія чылійскага барда Віктара Хара (1932–1973). Калі глядзіш запісы ягоных выступаў, здзіўляешся: няма ні барытанальнага рыку, ні шалёных рытмаў. Ціхі голас спакойнага чалавека, лірычныя мелодыі – без перакладу тэкстаў і не здагадаешся, што яны насычаны сацыяльна-палітычнымі метафарамі. Між тым Хара стаў сімвалам мужнасці і нязломнасці ў барацьбе з дыктатурай.

 

Гітара з выявай Віктара Хара. Фота: www.elmostrador.cl

У песнях Віктара Хара рэжым хунты бачыў страшную пагрозу. Яму было прапанавана эмігрыраваць з Чылі (некаторыя ягоныя паплечнікі скарысталіся прапановай, і, на дзіва, такім чынам сапраўды захавалі жыццё). Але ён адмовіўся пакідаць краіну. Адмовіўся бард і ад прапаноў змяніць погляды і перайсці на бок рэжыму. Тады музыка быў арыштаваны і памешчаны на стадыён, перароблены ў канцэнтрацыйны лагер. Каб пазбавіць магчымасці падчас зняволення арганізаваць выступ, яму жорстка скалечылі рукі (тое, што рукі былі адрэзаны, толькі чуткі, але жорсткасць цялесных пашкоджанняў сапраўды была беспрэцэдэнтнай). Барда спачатку жорстка катавалі, потым забілі. Падчас эксгумацыі ў целе знайшлі шматлікія пераломы і сляды ад 44 куль.

Можна забіць аўтара, але не музыку. Найбольш вядомая кампазіцыя Віктара Хара El derecho de vivir en paz пачала жыць сваім уласным жыццём.

 

 

Кампазіцыя паўстала як пратэст супраць удзелу ЗША ў вайне ва В’етнаме. Пасле трагічнай смерці Віктара Хары песня стала адным з сусветных сімвалаў барацьбы з дыктатурай. Яе выконвалі ў самых розных краінах (і не толькі іспанамоўных).

Напрыклад, існуе кавер-версія шведскага спевака нідэрландскага паходжання Карнэліса Врэсвіка (Cornelis Vreeswijk, 1937–1987). У Швецыі ХХ ст. не было дыктатарскіх рэжымаў. Але была б улада – крытыкаваць заўсёды будзе што. За гумарыстычныя песні Brevet från kolonien («Ліст з калоніі») і Hönan Agda («Курка Агда»), а таксама рэзкія выказванні ў бок урада і парламента Карнэлісу Врэсвіку пэўны час забаранялі выступаць на шведскім радыё.

 

 

Разумеем, што аповед пра камуніста Віктара Хара, які прысвяціў песню іншаму камуністу, Ха Шы Міну, у сённяшняй Беларусі можа шмат каго здзівіць. Але варта памятаць, што мы з вамі глядзім на камуністычныя ідэі з пункту гледжання народа, што мае негатыўны досвед і сацыялізму, і недабудаванага камунізму. Мы бачым камунізм як мінулае з усімі яго недахопамі, памятаем пра рэпрэсіі, галадамор і скалечаныя лёсы. Тыя, хто натхняўся сацыялістычнымі ідэямі ў ХХ ст. бачылі ў ім будучыню і светлыя ідэі, яшчэ не зганьбаваныя няўдалай (а іншай, падобна, і быць не магло) спробай іх рэалізацыі.

Да таго ж паміж камунізмам постсавецкім і лацінаамерыканскім існуе істотнае адрозненне. Гісторыя савецкага саюза – гэта гісторыя татальнага зняволення меншых народаў большым, вынішчэнне нацыянальных ідэй, моў і культур. У Лацінскай жа Амерыцы, наадварот, пад камуністычнымі сцягамі і чырвонымі зоркамі разгортваўся вызваленчы рух, як ад каланізатараў, так і пазней ад агрэсіўнага ўздзеяння ЗША.

Да таго ж сярод усіх адэптаў камунізму Хо Ші Мін вылучаўся сваёй міралюбівасцю і намаганнем вырашаць праблемы (наколькі гэта магчыма) мірнымі сродкамі. І зноў такі, змагаўся за незалежнасць свайго народа.

Ха Шы Мін з в’етнамскай і… казахскай моладдзю. 1959 г. Фота: hochiminh.nhandan.vn

 

 

El derecho de vivir en paz актыўна загучала на вуліцах Чылі ў 2019 годзе падчас маніфестацый супраць эканамічнай сегрэгацыі, няроўнасці і несправядлівасці. Калі прэзідэнт Сябасціян Пін’ера абвесіў надзвычайнае становішча і кінуў на барацьбу з народам вайскоўцаў, адбыліся сур’ёзныя сутычкі. 15 асоб загінула, шмат хто быў паранены. Нават тыя, хто звычайна не цікавіўся палітыкай, пачалі праводзіць паралелі з часамі Піначэта.

Вельмі кранальна спавядае імправізаваны вулічны хор, да якога мог далучыцца кожны жадаючы.

 

 

Дзеля таго, каб запісаць версію з трохі змененым, адаптаваным пад сённяшнія рэаліі, тэкстам, аб’ядналіся і прафесійныя чылійскія музыкі (якія папярэдне ніколі б не выступілі разам на сцэне).

І сёння словы El derecho de vivir en paz не губляюць актуальнасці. Бо праблемы і зараз вырашаюцца не перамовамі, а con genocidio y napalm («генацыдам з напалмам»). Але «Права жыць у міры – гэта ўніверсальная песня, ланцужок, што прывядзе да перамогі».

І напрыканцы вельмі спакойная кавер-версія ў стылі рэгі. Слухаем і верым, што калі-небудзь усё будзе добра.

 

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png