Прапагандыстка з «Гомельскай праўды» з’ездзіла ў Грузію… і ёй нічога не спадабалася

by ZB

Пазітыўных сказаў у артыкуле пра Грузію, які напісала Юлія Прашковіч, усяго чатыры: «яркім уражанням не перашкодзіць нават працяглая і складаная дарога», «найпрыгажэйшая ваенна-грузінская дарога і Арка Дружбы народаў», «да старасці тут ставяцца пачціва», і «Грузія, ты цудоўная! Мая новая сікварулі. Мая новая любоў». Таму мы паспрабуем разабрацца, што ж ёй не спадабалася.

Па-першае, аўтар не адмовіла сабе ў шавіністычных выказваннях: «Беражыся аўтамабіля, якім кіруе грузін».

«Паездка ў таксі – той яшчэ стрэс. Вадзіцелі проста праязджаюць на чырвонае святло, гучна сігналячы, выязджаюць на сустрэчную паласу, дзе іх сустракаюць такія ж эмацыйныя джыгіты», – сцвярджала дзяржпрапагандыстка.

«Непунктуальнасць, абыякавасць да працы па-грузінску можна растлумачыць уменнем жыхароў гэтай сонечнай краіны запавольвацца, спрабаваць на смак кожнае імгненне жыцця. Гэта прыгожая версія. Ёсць і іншая: менавіта лянота перашкаджае грузінам дасягаць поспехаў, у тым ліку ў эканоміцы», – пераконвала Прашковіч.

Па-другое, яна прайшлася па стане дамоў у Тбілісі.

«Цэнтр Тбілісі выдатны: шмат старадаўніх будынкаў, квітнеючых дрэў, маляўнічых лакацый, якія так зручна разглядаць з кабінкі ліннай дарогі. Але як толькі згортваеш у аддалены ад цэнтра мікрараён, у вочы кідаюцца напаўразбураныя дамы. Для Грузіі цвіль, якая адвалілася тынкоўка, страшныя ліфты і пад’езды – звычайная справа», – сцвярджае Прашковіч.

Па-трэцяе, яна разгадала сакрэт, чаму ў Грузіі вялікія сем’і: «На агляднай экскурсіі па горадзе гід зазначыў, што сярэдняя пенсія ў Грузіі не перавышае 60 долараў. Пры гэтым кошты на прадукты за апошнія гады значна выраслі. Менавіта таму старыя вымушаны жыць з дзецьмі».

Таксама журналістка дзяржвыдання ўмудрылася разглядзець у Грузіі дзіцячы алкагалізм: «Нават дзеці п’юць паўсалодкае».

Па выніку прачытання гэтага артыкула можна толькі параіць: не чытайце перад адпачынкам савецкіх газетаў, сёння вельмі шмат рэсурсаў, якія прадстаўляюць больш аб’ектыўны погляд на краіны для турызму. Грузія, безумоўна, вартая для таго, каб наведаць яе для адпачынку. А яшчэ… цяпер там жыве шмат беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі праз рэпрэсіі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png