Тыя, хто не маюць магчымасці атрымаць шэнген, замаўляюць тавары ў шчасліўчыкаў з візамі. У сацыяльных сетках нават з’яўляюцца адмысловыя чаты, якія называюцца накшталт “Закупы ў Польшчы”. “Штодзень” прааналізаваў адзін з такіх чатаў, каб паглядзець, што прывозяць беларусы з Польшчы на замовы.
Напярэдадні новага году прывозяць калядныя шакаладныя наборы з мяккімі цацкамі фірмы Milka. Таксама ў прапанове былі розныя адвент-календары, шакалад і цукеркі ў святочнай агорцы марак toffifee і milka (у Беларусі забароненыя польскія цукеркі гэтай маркі, але ёсць расейскія). А яшчэ калядны домік з печыва. На гэтым усе святочныя прапановы заканчваліся.
Сярод прапаноў — вельмі шмат тавараў побытавай хіміі. Пральныя парашкі, у асноўным марак Persil, Ariel і Purox.
Таксама беларусы замаўляюць самыя розныя вітаміны: для дарослых і дзяцей, вітамін С, магній, кальцый, мультывітамін.
Асобная катэгорыя — гэта касметыка і парфум. Касметыка марак Vichy, Bioderma, Yves Rocher і Pharmaceris. А таксама парфумы Antonio Bаnderas ,Eclat, Moschino. І, канешне ж, Nivea, забарону на продаж якой працягнулі да 31 снежня 2024 года.
З ежы беларусы замаўляюць шакалад, каву, како і мюслі.
А яшчэ з Польшчы вязуць аліву для аўтамабіляў.