Прафсаюзны бос з Беларусі вучыць свет дэмакратыі

Беларуская дэлегацыя прафсаюзаў спрабуе вучыць дэмакратыі ўвесь свет на 113-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько (калі верыць паблікам «Народны кантроль» і «Прафсаюз адукацыі Гомельшчыны», бо афіцыйных стэнаграм з тэкстамі дакладаў няма) падчас свайго выступу зрабіў шэраг гучных заяў:

З кожным днём свет усё далей адыходзіць ад сацыяльнай справядлівасці і сапраўднай дэмакратыі.

Рэальны клопат аб чалавеку працы ў шэрагу краін, што лічаць сябе ўзорам дэмакратыі, замяняецца папулізмам і дэмагогіяй. У якасці пацвярджэння: усё больш людзей нават у заможных дзяржавах не маюць жылля, доступу да медыцыны, гарантаванага працоўнага месца і даходу.

Многім краінам варта павучыцца ў Беларусі: у нас ужо дзейнічаюць гарантыі для працоўных, якія МАП толькі рэкамендуе ўвесці ў іншых дзяржавах.

Пры гэтым Ю. Сянько забыўся на тое, што пяты год у Беларусі адбываюцца масавыя звальненні на дзяржаўных прадпрыемствах праз палітычныя погляды. Нярэдка гэта робіцца з грубым парушэннем заканадаўства. На большасці прадпрыемстваў бракуе супрацоўнікаў, але тысячы асоб не могуць працаўладкавацца, бо не праходзяць ідэалагічны кантроль. Але праўладныя прафсаюзы заплюшчваюць на гэта вочы.

Не задумаўся ён над тым, што сотні тысяч беларусаў не пажадалі заставацца ў такой сацыяльна-арыентаванай краіне, як Беларусь, і чамусьці пераехалі ў іншыя месцы.

Не прыйшло яму ў галаву параўнаць заробкі беларусаў з заробкамі суседніх еўрапейскіх дзяржаў.

Ніяк не адрэзвалі беларуская прафсаюзы на рэзанансны ў свой час «дармаедскі дэкрэт». Як не рэагуюць і зараз на беспадстаўна высокія камунальныя рахункі.

У той час, як сусветны трэнд – скарачэнне працоўнага дня альбо дадатковы выходны, у Беларусі шмат хто перапрацоўвае з-за недахопу персаналу, марнуе вольны час на бясконцыя суботнікі і ўдзел у ідэалагічных мерапрыемствах.

 

Штодзень

Фота: «Народны кантроль»

Слайдар пастоў