«Штодзень» паразмаўляў з былым кіраўніком фірмы таксі 181 у Рэчыцы Дзянісам Шылянком пра даносы, напісаныя супраць яго, і як змагацца з гэтай з’явай у Беларусі.
Рэчыцкаму прадпрымальніку Дзянісу Шылянку давялося з’ехаць з Беларусі. Пасля прыкладна паловы года, якую ён правёў па розных адміністрацыйных справах у ІЧУ, улады пачалі праверкі ў ягонай фірме, а пасля з’явілася пагроза крымінальнай справы.
– Колькі даносаў вы знайшлі ў базе? Пісалі знаёмыя людзі?
– Аднаго ведаю дакладна. Аляксандр Шыхавец – гэта былы мой супрацоўнік і пазней дырэктар іншай фірмы таксі. Ён пісаў таксама даносы і на іншых людзей.
Па маіх звестках, ён цяпер знаходзіцца ў Варшаве, а фірма працягвае працаваць у Беларусі. Можа быць, ён нават не проста кепскі чалавек, можа быць, з’яўляецца нейкім супрацоўнікам КДБ, бо ў Беларусі было ўсё няблага, і што ён робіць тут, незразумела. Але пры гэтым ён падтрымліваў Ціханоўскую, калі збіралі подпісы, ён свой аддаў за яе. Мы ў адной чарзе стаялі.
Чалавек, які паведаміў мне пра яго, звярнуўся ў нейкую службу бяспекі, каб яго праверылі. У мяне ніякіх выхадаў няма, а праверыць яго, напэўна, варта, бо ад ягонага імя ёсць і іншыя даносы.
Усяго даносаў на мяне штук 8, напэўна. Але іншых людзей, быццам бы, не ведаю.
– Як думаеце, ці ёсць шанец у беларусаў выкараніць гэтую традыцыю палітычных даносаў? што для гэтага нам трэба зрабіць?
Беларусы – вельмі добрыя, мэтаскіраваныя, мудрыя, працавітыя людзі. Але гэтае яшчэ сталінскае выхаванне, яно паўсюдна яшчэ засталося: і ў школах, і ў дзіцячых садках – паўсюдна. І мне падаецца, што трэба мяняць само выхаванне, пачынаючы з садкоў.
Трэба тлумачыць чалавеку, што ён чалавек, ад яго будзе залежыць, як будзе развівацца тая ці іншая сітуацыя ў ягоным доме, пад’ездзе, на вуліцы і ў ягонай краіне. Казаць, што подласць і даносы – гэта не тое, каб сорамна і праява вялізнай слабасці, але што гэта проста некультурна.
Нас увесь час выхоўвалі як быдла, як рабочы скот, у якога ёсць правадыр, настаўнік, на заводзе – майстар. Ты павінны слухацца, што ён табе скажа, бо яму лепш бачна. Вось па такім ланцужку ў нас усё і будавалася. Каб людзі працавалі і не задавалі лішніх пытанняў.
Пачынаць трэба з нашых маленькіх беларусікаў, а каб ім усё тлумачыць, трэба браць настаўнікаў. Гэта атрымліваецца, што як мінімум тры пакаленні павінныя змяніцца. Але шансы ёсць заўсёды. Трэба не апускаць рукі і працаваць над гэтым.
«Стаянка па вул. Конева, якая належыць Шылянку Дзянісу Сяргеевічу і яго аўтамабіль на расійскім уліку (фота з бчб сцягам на стаянцы і аўто з бчб сцягам прыкладаецца). Гарадскія ўлады (ДАІ, міліцыя, выканкам) у сувязі з асабістай зацікаўленасцю заплюшчваюць вочы на антыдзяржаўныя дзеянні грамадзяніна Шылянка і не прымаюць ніякіх дзеянняў», – пісаў у КДБ Аляксандр Шыхавец з Рэчыцы ў адным з даносаў.
Ён прасіў «прыняць меры да ўказанага грамадзяніна, які вядзе антыдзяржаўную дзейнасць» і праверыць яго сувязі з мясцовымі чыноўнікамі.