Я сустракала розных беларусаў:
Тых, хто ў спякотны дзень пашкадуе ўліць сабаку вады, і тых, хто пачастуе бяздомнага шыкоўным абедам;
Тых, хто ганарыцца сваёй краінай і тых, хто лічыць сябе малодшым братам рускіх;
Тых, хто да канца жыцця будзе адстойваць праўду і тых, хто мяняе свае погляды і прынцыпы ў адрозненне ад таго, адкуль падзьме вецер;
Тых, хто купляе для ўкраінскага уцекача планшэт, і тых, хто абураецца, што бежанцы маюць патрэбу не толькі ў пачаку аўсянкі, але і ў кухоннай мэблі ды новых фіранках;
Тых, хто сцвярджаецца за кошт чужой бяды, выстаўляючы напаказ фоткі сваёй дабрачыннасці, і тых, хто ананімна пералічвае грошы ці моўчкі прывозіць торбы з прадуктамі.
Украінскіх мігрантаў я таксама бачыла розных:
Тых, хто скардзіцца праўладным СМІ на валанцёраў, і тых, хто моліцца за беларускіх палітвязняў;
Тых, хто шчыра дзякуе за шакаладку, і тых, хто піша “мяне ванітуе ад вашага печыва, мне патрэбна дамская торбачка і пыласос”;
Тых, хто кажа, што ў беларускіх глыбінках “чысценька і стабільна” і тых, хто здзіўляецца, як выжываюць людзі ў нашых вёсках на мізэрны саўгасны заробак, які ніколі не даюць своечасова.
Людзі ўвогуле розныя… Большасць з нас існуе ў сваёй мыльнай бурбалцы – сваёй рэальнасці – і не заўважае паралельныя.
Але ж ёсць і тыя, хто здольны не проста цвяроза ацэньваць сітуацыю і шматлікія змены ў ёй, але і дзейнічаць – бескарысліва дапамагаць іншым. Не разважаць, навошта гэта патрэбна, і чаму наша дзяржава не вырашае праблемы бежанцаў, а пераходзіць да рэальных дзеянняў. Нягледзячы на тое, што за дабрыню і самааданасць у нас не тое што не дзякуюць, але яшчэ і караюць.
Усё болей беларусаў далучаюцца да дабрачыннасці. Не трэба баяцца даваць сябрам спасылкі на тэлеграм-каналы і старонкі, дзе можна даведацца, каму і якая дапамога неабходна. Я не пытаюся ў знаёмых: “ці ёсць у цябе абутак у добрым стане, які можна перадаць украінскім бежанцам?” Я кажу, што перадала дзіцячыя цацкі – а сябры цікавяцца, як можна далучыцца і што перадаць.
Хто мае магчымасць – дапаможа з набыццём планшэта ці пыласоса, хто не мае – прынясе бляшанку згушчонкі і крэм для рук. Проста так, таму што лічыць дапамогу нормай і не можа прайсці міма чужой бяды.
Той, хто дае, і той, хто атрымлівае – аднолькава адчуваюць радасць, светлую надзею і веру ў лепшае – у дабрыню, шчырасць і чалавечнасць.
Падтрымка выяўляцца не толькі ў грашах. Часам можна дапамагчы справай (завезці, падвезці, працаўладкаваць) ці нават душэўнай размовай. У шматлікіх выпадках важна проста пачуць фразу: “Усё будзе добра, мы побач, і нас многа”.
Не ведаю, ці здольныя людзі, якія вышукваюць недахопы ў дабраахвотнай валанцёрскай дапамозе, на спачуванне, шчырасць і велікадушнасць.
Але дакладна ведаю, што калі (крый божа) давядзецца патрапіць у складаную жыццёвую сітуацыю, то побач будуць рукі і плечы неабыякавых беларусаў – і гэта грэе мне сэрца.
Штодзень https://t.me/shtodzien
Мар’яна Ліс